Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы маем суседа, які будзе ўмацоўваць беларускую дыктатуру»


Расейская паліцыя затрымлівае ўдзельніка акцыі пратэсту
Расейская паліцыя затрымлівае ўдзельніка акцыі пратэсту

У кватэрах шэрагу расейскіх апазыцыянэраў 11 чэрвеня праведзены ператрусы па справе аб масавых беспарадках на Балотнай плошчы 6 траўня. Гэта адбываецца перад чарговай масавай акцыяй пратэсту ў Маскве, прызначанай на 12 чэрвеня. Разам з тым на саміце Расея — Эўразьвяз расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін заступіўся за Аляксандра Лукашэнку, выказаўшыся супраць санкцыяў Эўразьвязу. Пуцін абараняе беларускі рэжым ад санкцыяў і пераймае досьвед «апошняга дыктатара Эўропы», мяркуюць некаторыя прадстаўнікі беларускай апазыцыі.

Паводле лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, у Расеі ёсьць жаданьне выкарыстаць досьвед Беларусі ў пабудове аўтарытарнай сыстэмы кіраваньня. Таму Беларусь, магчыма, не апошняя дыктатура Эўропы. І іншыя постсавецкія рэспублікі таксама могуць стаць дыктатурамі:

«Досьвед Беларусі вельмі важны для стварэньня атмасфэры страху. Калі Пуцін заявіў, што ён зьбіраецца будаваць новую імпэрыю пад назвай Эўразійскі саюз, то імпэрыі ніколі не бываюць дэмакратычнымі. Там мусіць быць жорсткая рука, і Пуцін гэта дэманструе. Ён ня будзе азірацца на Захад. Гэта кепскі знак, бо мы маем суседа, які будзе ўмацоўваць і дыктатуру беларускую. Таму нельга чакаць дэмакратызацыі з усходу, як спадзяваліся некаторыя на Захадзе — давайце мы праз Пуціна зробім больш свабоды на Беларусі. Яшчэ раз прадэманстравана, што гэта не адбудзецца ніколі».

Паводле намесьніка старшыні партыі КХП БНФ Юрася Беленькага, нельга казаць, што Лукашэнка нешта зрабіў, а Пуцін гэта пераймае:

«Ведаючы прадгісторыю ўсёй гэтай чужынскай улады, добра ведаючы Лукашэнку па Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, памятаючы ягоныя выказваньні наконт таго, што „на самым версе быў у Маскве, абяцалі, зробім прэзыдэнтам“. Ведаючы, хто вакол яго стаіць і што гэта за людзі, кім яны пастаўленыя, я магу па-іншаму сказаць. Лубянка, маючы свайго кліента на пасадзе прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, пэўныя тэхналёгіі адпрацоўвае, а потым прымяняе ў сябе на тэрыторыі. Гэтая схема дзейнічае даволі даўно».

Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў адзначае, што ў Расеі ўлада робіць тыя ж захады ў барацьбе супраць дэмакратычнай апазыцыі, як і рэжым у Беларусі:

«Абсалютна вымалёўваецца тая ж самая карціна ў Расеі, што ёсьць і ў Беларусі. І, значыць, ім трэба абельваць адзін аднаго. І рыторыка, калі мы яе параўнаем з той, якая была два гады таму, асабліва перад прэзыдэнцкімі выбарамі, калі чорнай фарбы не шкадавалася ні з таго боку, ні з гэтага, зьмянілася. Зараз усё сьветлае, белае, пушыстае. Прычына гэтаму глыбінная — у тым, што прырода рэжыму ў Расеі і рэжыму ў Беларусі прыблізна аднолькавая. Па сутнасьці гэта адно і тое ж».

Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, падзеі ў Расеі для беларускай дэмакратычнай публікі — дэжавю. Гэта тое, што адбывалася ў Беларусі пасьля Плошчы 2010 году:

«Казаць, што Пуцін капіюе беларускі досьвед, у пэўнай ступені можна. Але, хутчэй, тут дзейнічае лёгіка аўтарытарных рэжымаў. Калі ўлада не мяняецца, яна дэградуе, загнівае і пачынае закручваць гайкі. Таму гэта проста лёгіка дэградацыі аўтарытарных рэжымаў. І зноў Лукашэнку пашанцавала. Ён зараз можа казаць: бачыце, там у Крамлі гулялі ў кіраваную дэмакратыю і дагуляліся, і цяпер робяць проста і груба, як заўсёды я рабіў. Гэта такі псыхалягічны трыюмф, і плюс на гэтай глебе насамрэч узмацняецца расейская падтрымка. Бо Пуцін, акрамя таго, што ўнутры краіны закручвае гайкі, ён узяў антызаходні курс. І тут два аўтарытарныя рэжымы збліжаюцца. Але ня трэба думаць, што гэта абяцае Менску бязвоблачную будучыню. Бо аўтарытарныя рэжымы ўсё ж кепска інтэгруюцца, бо кожны дыктатар не давярае іншаму дыктатару».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG