Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі рубель слабее, беларускі — зноў умацоўваецца


Пасьля некалькіх дзён заўважнага росту курсу даляра сёньня рубель адваяваў неістотную частку страчаных пазыцыяў.

Калі напярэдадні іх суадносіны складалі 8410 рублёў за даляр, то па выніках біржавых таргоў 1 чэрвеня рубель умацаваўся да адзнакі ў 8380. Зрэшты, перад выходнымі звычайна так і бывае — фінансавая сыстэма намагаецца скарыстаць патрэбу людзей мяняць замежную валюту на рублі, каб закупляць харчы і тавары першай неабходнасьці. Ці доўга беларуская эканоміка здолее супрацьстаяць усясьветным тэндэнцыям?

Нягледзячы на тое, што афіцыйна зафіксаваны курс ніжэйшы, чым 8400 рублёў за даляр, камэрцыйныя банкі, нібы прадчуваючы магчымы валютны дэфіцыт, прывабліваюць кліентаў лічбамі, якія перасягаюць усталяваную Нацыянальным банкам плянку. Шмат якія ўстановы сёньня прымаюць даляры паводле курсу да 8415 рублёў за даляр. Асаблівага ажыятажу, зьвязанага з дэвальвацыйнымі чаканьнямі, на подступах да абменных пунктаў пакуль не назіраецца, аднак экспэрты папярэджваюць: у той час як даляр умацоўваецца да эўрапейскай валюты, а расейскі рубель працягвае страчваць пазыцыі, стабільнасьць беларускага рубля выглядае часовай.

Між тым беларускія ўлады супакойваюць, што ва ўмовах фінансавай стабілізацыі нічога надзвычайнага на фінансавым рынку ня здарыцца, а пра мінулагоднюю дэвальвацыю трэба забыцца. Аднак супрацькрызісны кансультант Мечыслаў Бурак перакананы: асаблівых падставаў, каб верыць такім абяцаньням, няма:

«Пра тое, што нічога ня здарыцца, сказана вельмі самаўпэўнена. Дзеля таго, каб нічога ня здарылася, трэба рабіць канкрэтныя захады, каб наша эканоміка зьмянялася. Фінансавая сыстэма, грошы — гэта ўсё інструмэнты абслугоўваньня эканомікі. А калі эканоміка не працуе, то нічога і ня будзе. Наша эканоміка не працуе, бо яна ў прынцыпе неканкурэнтаздольная. Трэба эканоміку перабудоўваць. Колькі б ні гаварылі, што нешта зроблена, у нас эканоміка савецкая. Не перабудавана ні прамысловасьць, ні сельская гаспадарка, ні гандаль. Таму наша фінансавая сыстэма штучная. Дэвальвацыя будзе абавязкова — мяркую, пасьля парлямэнцкіх выбараў. Да выбараў нейкім чынам стрымаюць — дакладна гэтак жа, як перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Пакуль рэзэрвы ёсьць, штучна курс падтрымаюць. Але потым праблема вылезе. Тое, што гавораць пра дэнамінацыю, то гэта нерэальна. Для таго, каб выпускаць новую валюту, трэба, каб хоць крыху быў стабільны курс. А гэта здарыцца толькі тады, калі будзе стабільная эканоміка».

Мечыслаў Бурак
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:04 0:00
Наўпроставы лінк


Працяглы час фінансавыя ўлады намагаліся стрымаць падзеньне рубля значнымі інтэрвэнцыямі — праўда, штучнае стрымліваньне рынкавых працэсаў ні да чога не прывяло. Але цяпер зноў чуваць заявы пра тое, што беспрэцэдэнтны аб’ём золатавалютных рэзэрваў дазволіць забясьпечыць стабільны курс нават тады, калі іншыя ўрады ня будуць здольныя супрацьстаяць фінансавым катаклізмам.

Падчас перамоваў у Менску прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі было вырашана, што, нягледзячы на цяжкасьці з рынкавымі рэформамі ў Беларусі, Менск усё ж атрымае трэці транш крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС у памеры 440 мільёнаў даляраў. Гэтыя сродкі мусяць папоўніць стратэгічныя запасы краіны, дадаўшы трываласьці яе фінансавай сыстэме. Аднак, як кажа фінансавы аналітык Аляксандар Муха, беларускім уладам варта было б на нейкі час увогуле адмовіцца ад прыцягненьня замежных пазыкаў:

Аляксандар Муха
Аляксандар Муха
«З улікам таго, што на чыстай аснове больш за мільярд даляраў Нацбанк ужо скупіў у бягучым годзе, затрымка паступленьня траншу з Антыкрызіснага фонду краін ЭўрАзЭС не выглядала такой драматычнай. То бок, адпачатку ня варта было драматызаваць зацягваньне перамоваў па трэцім траншы крэдыту. Па вялікім рахунку, я гатовы выказаць нават такую рэвалюцыйную думку (хоць наўрад ці мяне падтрымаюць мясцовыя і міжнародныя эканамісты, уключна з МВФ), што ва ўмовах больш гнуткага рэжыму абменнага курсу нам можна адмовіцца ад строгага выкананьня крытэрыяў дастатковасьці золатавалютных рэзэрваў Беларусі. Паколькі падтрыманьне золатавалютных рэзэрваў на ўзроўні, адпаведным распрацаваным крытэрыям міжнароднай практыкі — напрыклад, на пералік імпарту тавараў і паслугаў — будзе прыводзіць да стратаў на розьніцы працэнтных ставак па прыцягнутых уладамі Беларусі замежных рэсурсах і па іншаземнай валюце, разьмешчанай на замежных рахунках з мэтай фармаваньня золатавалютных рэзэрваў».

Тым часам у суседняй Расеі мясцовая валюта працягвае імкліва страчваць пазыцыі — перадусім, на тле зьніжэньня цэнаў на нафту. Курс даляра на Маскоўскай міжбанкаўскай біржы сёньня ўздымаўся нават вышэй за 34 рублі, аднак пасьля ўсё ж адкаціўся ніжэй за псыхалягічную мяжу, зафіксаваўшыся на адзнацы 33,95 рубля. Паказальна, што яшчэ на мінулым тыдні за даляр у расейскіх банках ледзь давалі 31 рубель.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG