Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінал «Эўрабачаньня» зноў без беларусаў


Чарговая спроба трапіць у фінальную частку сьпеўнага конкурсу «Эўрабачаньне» не прынесла беларусам посьпеху.

У сталіцы Азэрбайджану гурт «Лайтсаўнд», як і сем ягоных папярэднікаў у мінулыя гады (да наступнага этапу ў 2007-м дайшоў толькі Дзьмітрый Калдун), спыніўся на стадыі адборачнага туру. Змарнаваныя мільёны даляраў, патрачаныя на выбар кандыдатаў, прома-туры артыстаў і камандзіровачныя для каманды суправаджэньня.

Палітычнае рашэньне накіраваць у Баку «Лайтсаўнд» прымалася на адмысловай нарадзе ў прэзыдэнта. Аляксандар Лукашэнка асабіста разьбіраўся з фактамі падтасоўскі вынікаў нацыянальнага адборачнага конкурсу «Эўрафэст» на карысьць магіляўчанкі Алены Ланской. За фальсыфікацыю галасаваньня пасадай паплаціўся прадусар БТ Дзьмітрый Баранаў, а вымовы атрымалі зь дзясятак чыноўнікаў самага высокага рангу. Пропуск на «Эўрабачаньне» перадалі падманутым братам Каракіным, якія рэалізавалі сваю мару толькі з шостай спробы.

Спыніўшыся ў Азэрбайджане на першай жа стадыі конкурсу, лідэр «Лайтсаўнд» Дзьмітрый Каракін заявіў, што мерапрыемства паступова пераўтвараецца ў «Балканабачаньне», дзе адна адну цягнуць былыя югаслаўскія рэспублікі. На эмоцыях артыст сказаў, што Беларусі варта ўвогуле адмовіцца ад удзелу ў «Эўрабачаньні», як гэта ўжо зрабілі Польшча і Чэхія, або разабрацца, як у фінал трапляюць яўныя аўтсайдэры.

У якасьці вядучага на Беларускім тэлебачаньні Алесь Круглякоў правёў не адно шоў «Эўрабачаньня». Кажа, што крыўды музыкаў зразумець можна, але перакананы: адмыслова беларусаў ніхто ня топіць. Проста да імпрэзы, якой у Беларусі аддаецца не зусім адэкватная ўвага, трэба ставіцца прасьцей:

«Нас ніхто ня крыўдзіць, сэнс у гэтым. Па вялікім рахунку, усім усё роўна, нікому
Гэта ні больш, ні менш за „Славянскі базар“ альбо „Новую хвалю“, нават у эўрапейскім маштабе ...
Алесь Круглякоў

няма да нас справы. Калі мы самі знойдзем сваё нармальнае, чалавечае стаўленьне да гэтага конкурсу, бязь нейкага дурнога фанатызму, без чаканьняў таго, што станем лепшымі і нас усе пачнуць любіць і цалаваць, тады ўсё наладзіцца. Бо гэта ня тая падзея, якой мы павінны на дзяржаўным узроўні надаваць столькі ўвагі. Гэта ні больш, ні менш за „Славянскі базар“ альбо „Новую хвалю“, нават у эўрапейскім маштабе. Гэта проста конкурс. Дык давайце так да яго і ставіцца. Я не валодаю фінансавым бокам справы, але ўкладаньні эмацыйныя, мне здаецца, моцна перавышаныя. Як кажуць на біржах, разьдзьмуты кошт акцыяў у гэтага мерапрыемства. Каштуе яно нашмат меней. Так што трэба бязь лішняга фанатызму ставіцца і да перамогаў, і да паразаў, і да падрыхтоўкі. Ёсьць у жыцьці нашмат больш важкія падзеі».

Карэспандэнт: «Асабіста ў цябе была надзея, што хлопцы трапяць у фінал?»

«Былі пэўныя спадзяваньні. Але ж нумар даволі сярэдняга ўзроўню — не благі, але і не выдатны — і сытуацыя была даволі хісткая, фіфці-фіфці. Маглі прайсьці, маглі не прайсьці. Як звычайна адбываецца на „Эўрабачаньні“: калі ёсьць сумневы, яны спраўджваюцца».

Канстанцін Драпеза ў дуэце з Аляксандрай Кірсанавай у 2004 годзе першымі ад Беларусі выправіліся скараць «Эўрабачаньне». І хоць тады трыюмфальна дэбютаваць не ўдалося, Канстанцін раіць Дзьмітрыю Каракіну аб’ектыўна глядзець на рэчы:

«Гэта яго асабістае меркаваньне, ягоныя амбіцыі. Бо што ён яшчэ можа сказаць? Каб ён выйграў ці хоць бы прайшоў у фінал, то ён іншае казаў бы. Увогуле ўсё
Каб ён выйграў ці хоць бы прайшоў у фінал, то ён іншае казаў бы ...
Канстанцін Драпеза

павінна складацца адно да аднаго. На наш погляд, тое, што адбывалася, і тое, што мы ведаем, кантактуючы зь імі, ніякіх прадчуваньняў і перадумоваў для выхаду ў фінал не давала. Той чалавек, які ім дапамагаў з грэцкай каманды, якраз зрабіў 50% таго больш-менш прыстойнага, што атрымалася. Таму што напярэдадні мы глядзелі „Музычны рынг“ з жывым выкананьнем „Лайтсаўнду“, і там практычна ніводная песьня не была якасна прасьпяваная. Гэта калі казаць пра ўзровень выкананьня, пра хваляваньне і г.д. У артыста павінна быць энэргетыка, павінен быць шлейф. То бок ён павінен пацягнуць за сабой гледачоў тут, і, адпаведна, у яго павінен быць шанец, патэнцыял пацягнуць за сабой гледачоў у Эўропе. Каб у людзей рука сама паднялася прагаласаваць за гэтага артыста, чалавека, каб ён хацеў сказаць — так, ён мне спадабаўся, ён мяне зачапіў».

Музычны крытык Вітаўт Мартыненка не шкадуе пра вынікі ўдзелу беларускіх прадстаўнікоў на сёлетнім «Эўрабачаньні». На яго перакананьне, пакуль краіну не паедзе прадстаўляць беларус па сваёй сутнасьці, спадзявацца на посьпех не выпадае:

Вітаўт Мартыненка
Вітаўт Мартыненка
«Цікавасьць забілі, як кажуць, адпачатку. Гэта гурт, які ні тут, ні там нікога нічым не зьдзівіў. Вось у вас асабіста ёсьць дыскі «Лайтсаўнд»? У мяне знайшлася адна песьня на дыску «Амбасовішча-2007». Вось за наступныя пяць гадоў яны ніяк не зьмяніліся, ніякага гіта ня выдалі. Сьпяваюць па-ангельску, косяць пад англамоўных зорак. Але гэтыя закосы ніколі да посьпеху не прывядуць. І калі кажуць, што нібыта нармальна яны засьпявалі, толькі чамусьці апынуліся ў пралёце, дык ненармальна яны сьпявалі. Яны не зьдзівілі і не імкнуліся зьдзівіць. Яны хацелі дацягнуцца да пупа зорак. А трэба быць беларусамі! Гэта фэстываль эўрапейскай песьні. Хто прыдумаў, што трэба выступаць толькі на ангельскай мове? Чаго французы вечна дазваляюць сабе сьпяваць па-свойму? Прыкіньце: заакіянская зорка Сэлін Дыён. У яе родная мова француская. Яна прадстаўляла Францыю на «Эўрабачаньні» і стала мэгазоркай. Балканскія артысты амаль заўсёды на сваіх мовах сьпяваюць, і гэта лягічна. Калі выступаюць, прыкладам, вугорцы, я літаральна прыклейваюся да тэлевізара, бо гэта мілагучная мова, якая сама па сабе зьдзіўляе. Што нацыянальнага прадэманстраваў «Лайтсаўнд»?

Па выніках мінулагодняга конкурсу «Эўрабачаньня» Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларускую ўдзельніцу Анастасію Віньнікаву ў Нямеччыне засудзілі і гэта ляжыць у рэчышчы палітыкі, якую праводзіць Захад у адносінах да Беларусі. Калі ўлічыць, што сёлета «Лайтсаўнд» паехаў на «Эўрабачаньне» непасрэдна зь лёгкай рукі Лукашэнкі, адмыслоўцы не выключаюць, што пошук нядобразычліўцаў Беларусі будзе працягнуты. Да таго ж нехта ж мусіць адказаць за змарнаваныя грошы: толькі бюджэт нацыянальнага адборачнага конкурсу перавысіў 5 мільярдаў рублёў — гэта без уліку выдаткаў на прома-туры гурту і двухтыднёвае знаходжаньне музыкаў і вялікай групы суправаджэньня ў фэстывальным Баку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG