Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая рубрыка: Café Europa


«Café Europa. Жыцьцё пасьля камунізму» — так называлася кніжка эсэ вядомай харвацкай пісьменьніцы і журналісткі Славенкі Дракуліч з 1996 году, якая зрабіла міжнародны фурор. Дракуліч у гэтай кніжцы саркастычна абмалявала тагачасную сытуацыю ў посткамуністычных краінах, якія моцна хацелі далучыцца да астатняй Эўропы, але ўсё яшчэ не маглі разьвітацца са сваім камуністычным мінулым. Канчатковая выснова аўтаркі была ўсё ж аптымістычная: нягледзячы на больш чым 40 гадоў падзелу «жалезнай заслонай», у «старых» і «новых» эўрапейцаў ёсьць агульная спадчына.

Выраз «Café Europa» стаў надзвычай папулярны ў кантэксьце эўрапейскай інтэграцыі і ўвайшоў, можна сказаць, у народны ўжытак. У 2006 годзе, калі ў Эўразьвязе старшынявала Аўстрыя, у 27 кавярнях 27 эўрапейскіх краінаў была арганізаваная адмысловая культурная імпрэза пад назвай «Café Europa». Яе інтэгральнай часткай стала таксама прэзэнтацыя салодкага печыва, характэрнага для кожнай з краінаў-удзельніц гэтай імпрэзы.

Радыё Свабода хоча скарыстаць гэты ёмісты і прыемны назоў «Café Europa» для сваёй новай рубрыкі. У гэтай рубрыцы мы мяркуем зьмяшчаць артыкулы, блогі, падарожныя замалёўкі, інтэрвію і іншыя рэчы, у якіх будуць абмяркоўвацца «эўрапейскія тэмы» ў самым шырокім сэнсе і не абавязкова фармальным ды сур’ёзным тонам. Так бы мовіць, давайце паразважаем, як эўрапейцы глядзяць на Беларусь, а беларусы на Эўропу, у атмасфэры кавярні. Сёньня ж эўрапейскага жыцьця нельга ўявіць сабе без кавярні.

Славенка Дракуліч
Славенка Дракуліч
Мы папрасілі Славенку Дракуліч, каб на інаўгурацыю гэтай рубрыкі яна адказала на некалькі нашых пытаньняў, зьвязаных з тэмамі, якія закраналіся ў кніжцы «Café Europa», прыкладам: Ці лічыць яна, што эўрапейская інтэграцыя зьменшыла той вялікі разрыў паміж краінамі Заходняй і Ўсходняй Эўропы, пра які яна пісала ў 1996 годзе? Што яна думае пра такія краіны як Беларусь, Украіна і Малдова, якіх у сваёй кніжцы ня згадала? То бок, каму яны цяпер належаць — Эўропе ці Расеі? Славенка Дракуліч адказала нам, што яна нядаўна напісала новае эсэ, у якім пастаралася даць адказы на такія вось пытаньні. Эсэ было апублікаванае ў дацкай газэце Dagstidningen Politiken пад загалоўкам «Lost in Transition?». Славенка Дракуліч дадала, што мы можам скарыстаць цытаты з гэтага эсэ замест інтэрвію. Вось жа, на інаўгурацыю рубрыкі «Café Europa» мы прапануем вам пераклад некаторых фрагмэнтаў гэтага эсэ, ангельскі загаловак якога абгульвае выраз «lost in translation» (прыблізна: цяжкасьці перакладу).


Славенка Дракуліч

Цяжкасьці пераходу?


Харватыя нарэшце стаіць на парозе Эўразьвязу. Дзьверы адчыненыя, няма патрэбы грукацца ды чакаць, калі вас упусьцяць. І мне цяпер прыгадваецца, як жа мы зайздросьцілі баўгарам і румынам некалькі гадоў таму, калі іх прынялі туды раней за нас! Гэта, на нашу думку, не было апраўдана, бо харваты — як любіў пагаворваць наш колішні прэзыдэнт Франё Туджман — былі «эўрапейцамі раней за Эўропу». Але вось цяпер, праз год, Харватыя стане сябрам Эўразьвязу.

Калі, зразумела, Эўразьвяз будзе яшчэ існаваць. (...)

Сёньня цяжка сказаць, ці Харватыі зайздросьцяць Сэрбія, Македонія, Чарнагорыя, Босьнія, Косава — усе гэтыя краіны ўзьніклі пасьля былой Югаславіі — або Альбанія, Беларусь, Украіна, якія таксама знаходзяцца па-за Эўразьвязам. Ужо няма такой упэўненасьці, што нашы суседзі абавязкова павінны лічыць нас шчасьліўцамі. Што нас там чакае? Бо ж шмат грамадзянаў былых камуністычных краінаў, такіх як Польшча і балтыйскія краіны, як Румынія, Славаччына, Баўгарыя, Чэхія і Вугоршчына, якія ўжо зьяўляюцца сябрамі Эўразьвязу — ня згадваючы тут людзей з былой ГДР! — наракаюць, што заходнія эўрапейцы ставяцца да іх як да «грамадзянаў другой клясы».

Няцяжка сабе ўявіць, як яны сябе адчуваюць. Калі я хадзіла ў пачатковую школу ў Югаславіі пад канец 1950-х, мы часта езьдзілі на школьныя экскурсіі цягніком. У той час месцы ў цягніку былі падзеленыя на тры клясы: першая кляса мела купэ зь сядзеньнямі, абцягнутымі мяккім чырвоным аксамітам, як у тэатры; другая кляса, зразумела, была менш выгодная, зь сядзеньнямі, абцягнутымі сьветла-карычневым плястыкавым матэрыялам, які прыліпаў да скуры і меў ня надта прыемны пах — ну, як пах плястмасы. А трэцяя кляса ня мела нават купэ і сядзеньняў. Там былі толькі рады цьвёрдых драўляных лавак. У трэцяй клясе было мулка, брудна і смуродна. (...)

Калі рабіць паралелі з Эўразьвязам, дык вагон першай клясы займаюць клюб люкс (тыя, хто насамрэч прымае рашэньні) і астатняя эўразона. У другой клясе можна пабачыць былыя камуністычныя краіны, але і ў ёй існуюць свае адрозьненьні, паміж Польшчай і Румыніяй ці паміж Чэхіяй і Баўгарыяй. Яны ўсе роўныя, але «некаторыя зь іх раўнейшыя», паводле сьціслай мэтафары Джорджа Оруэла з раману «Фэрма» 1945 году, які ён пісаў, думаючы пра камуністычнае грамадзтва. А далей ідуць усе астатнія, апошняя частка гэтага саставу, трэцяя кляса з драўлянымі лаўкамі. Але нават яна разьдзеленая на частку з добрымі вучнямі і на частку з горшымі; на тых, каму ставяць добрыя адзнакі і каго могуць перавесьці ў вышэйшую, другую клясу, ды на астатніх. Гэта відаць як на далоні, лепшыя вучні сядзяць блізка да настаўніка і ўважліва слухаюць. А ёсьць такія, якія наогул сядзяць далёка ззаду, не зьвяртаюць увагі на словы настаўніка, але маюць надзею, што некалі і іх перавядуць, хоць бы дзеля стратэгічных меркаваньняў — прыкладам, як Украіна і Беларусь.

Ці варта залічваць у адзін гурт гэтыя былыя камуністычныя краіны Ўсходняй Эўропы, як з Эўразьвязу, так і па-за ім? Як шчасьліўцаў, так і нешчасьліўцаў? (...)

Я думаю, што варта прыгледзецца да таго, што ў іх было агульнага, хоць бы дзеля таго, каб лепей зразумець іхны посткамуністычны досьвед ды іхнае цяперашняе адчуваньне несумяшчальнасьці і няроўнасьці... (...)

Камунізм у СССР і ў краінах савецкага блёку абваліўся зусім выпадкова, праз памылку. (...) У адрозьненьне ад Польшчы — дзе рэвалюцыйны рух «Салідарнасьці» жыў гадамі, але і ён ня змог сваімі сіламі адсунуць камуністаў ад улады — падзеньне іншых камуністычных рэжымаў адбылося наогул без удзелу народу. Сыстэма проста завалілася. Пасіўнасьць масаў была агульным фактарам, які меў вялікі ўплыў на мэнталітэт.

Далей ідзе калектывізм як супрацьлегласьць індывідуалізму — бачаньне сябе як часткі масы, клясы, групы, нацыі, часам нават племені. Вам цяжка пачаць дзейнічаць як асобе, бо нават ва ўмовах дэмакратыі камуністычны досьвед замінае вам верыць, што індывідуальнае меркаваньне, ініцыятыва ці удзел у выбарах можа зьмяніць сытуацыю да лепшага, а не стварыць адно праблемы. Да таго ж, дзейнічаць самастойна, як асоба, азначае ўзяць на сябе адказнасьць — а гэтаму трэба доўга вучыцца. Асабліва калі вы прывыклі вінаваціць вышэйшую ўладу нават за свае асабістыя няўдачы. Гэтая адсутнасьць адказнасьці зьяўляецца сур’ёзнай заганай посткамуністычнай эпохі.

Іншай важнай прыкметай мэнталітэту, атрыманага ў спадчыну ад камунізму, зьяўляецца эгалітарызм. Новыя палітычныя і эканамічныя зьмены ўспрымаліся як абяцаньне ўзбагачэньня, як спажывецкі рай для ўсіх. Але пераход з таталітарнай камуністычнай сыстэмы да дэмакратычнай, з плянавай эканомікі да капіталізму, не прынёс аўтаматычнага паляпшэньня жыцьця для кожнага. (...)

У выніку, пашырыўся недавер да палітычных элітаў, дэмакратычных працэдураў і дзяржаўных інстытуцый. Цяжкасьці пераходу? Магчыма, асабліва калі паставіць яшчэ адно пытаньне: пераходу да чаго? Куды? Пасьля абвалу фінансавага рынку і крызісу эўра выглядае, як быццам лякаматыў, які цягне згаданы састаў уперад, запаволіў хаду. Таксама стала відаць, што ня кожны новы сябра Эўразьвязу поўнасьцю падтрымлівае гэты праект, і што разрыў пашыраецца. (...)

Так, у 2008 годзе існавала надзея, што разрыў паміж Усходам і Захадам можна будзе хутка ліквідаваць, таму што тады было больш сродкаў і матывацыі. Цяпер, калі ўвесь цягнік запавольвае хаду, шанцы тых, хто ззаду, увесь час зьмяншаюцца. Аднак мы не павінны забываць, што існаваньне па-за Эўразьвязам — гэта нядобрая рэч. Далучэньне да Эўразьвязу адкрыла новыя магчымасьці, хоць і аказалася больш цяжкім, чым чакалася. Дэмакратыя мае свае слабыя бакі; капіталізм апынуўся ў крызісе. Але якая можа быць альтэрнатыва? Выхад з Эўразьвязу? Паварот да суседзяў на Ўсходзе? Магчыма, перш чым прыняць нейкае неабачлівае рашэньне, былым камуністычным краінам варта было б прыгадаць, як усё выглядала дваццаць гадоў раней. Я кажу тут не пра тое, што тады не было мяккай туалетнай паперы. Мы заўсёды павінны мець на ўвазе мір і бясьпеку. Будучы ў Эўразьвязе, у нас усё яшчэ застаецца шанец зрабіць свой унёсак у гэта. Цяпер, дзеля разнастайнасьці, якраз мы маглі б уключыцца і стаць актыўнымі ў грамадзкіх, эканамічных і палітычных праектах агульнага значэньня. Ці ня варта гэта працягваць?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG