Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украіна паступова набліжаецца да ролі Беларусі ў Эўропе»


Адзінаццаць кіраўнікоў дзяржаў адмовіліся ўдзельнічаць у саміце лідэраў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў Ялце, які заплянаваны на 11-12 траўня. Ці можна сьцьвярджаць, што ўкраінскае кіраўніцтва ідзе беларускім шляхам і таксама становіцца эўрапейскім палітычным ізгоем? Ці могуць на гэтым фоне палепшыцца асабістыя адносіны кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў Віктара Януковіча і Аляксандра Лукашэнкі? На гэтыя пытаньні адказвае ўкраінскі журналіст Юры Сьвірко.


Цыганкоў: Ва Ўкраіне даўно пішуць, што Ўкраіна ідзе беларускім шляхам. Наколькі блізка апошнія падзеі наблізілі Ўкраіну да той ролі, якую займае Беларусь — ролю ізгою ў Эўропе?

Сьвірко: Сапраўды, Украіна паступова набліжаецца да ролі Беларусі. Два гады ў Кіеве пішуць пра тое, што Ўкраіна — гэта «Беларусь нумар 2», і апошнім часам кіраўніцтва краіны гэта апраўдвае.

не прадбачу нейкага значнага пагаршэньня паміж двума мядзьведзямі, бо ёсьць яшчэ трэці мядзьведзь на Ўсходзе, які кантралюе гэтых двух

Аднак раней такой хвалі ізаляцыі Кіеў ніколі не адчуваў. Было калісьці, падчас НАТАўскага саміту ў Празе, калі заходнія палітыкі былі пакрыўджаныя на Кучму, пачыналася пэўная ізаляцыя, але Кучму ўсё-такі запрасілі на той саміт. Цяпер Януковіча ўжо ніхто асабліва не запрашае за мяжу, і ён вырашыў сам стварыць сябе саміт, спадзяючыся, што нехта прыедзе. Сёньня СМІ пішуць, што большасьць прэзыдэнтаў вырашылі ня ехаць у Ялту. Тым часам усё-такі чакаецца, што ў Ялту ўсё ж прыедуць кіраўнікі суседніх з Украінай Польшчы, Славаччыны і Малдовы. Так што саміт адбудзецца, але зусім ня ў тым фармаце, на які разьлічваў Януковіч.

Што да параўнаньня ўзроўню падзеньня Ўкраіны, то да Лукашэнкі прэзыдэнты Польшчы і Славаччыны даўно ня езьдзяць. Цікава, аднак, што і самога Лукашэнку ў Ялту не запрасілі.

Цыганкоў: Ці можна меркаваць, што на фоне пагаршэньня адносінаў з Эўропай адносіны афіцыйнага Кіева і Менска могуць палепшыцца. Ці наадварот, два мядзьведзя ў адной бярлозе ня будуць сябраваць, а стануць яшчэ горшымі канкурэнтамі?

Сьвірко: Я думаю, што, сапраўды, беларуска-ўкраінскія дачыненьні могуць палепшыцца. Напрыклад, спынілася малочна-піўная вайна — украінскае піва паехала ў Беларусь, а беларускае малако нарэшце зьявіцца ў кіеўскіх крамах. Таму пэўныя добрыя міждзяржаўныя стасункі могуць зьявіцца — не пэрсанальныя паміж Януковічам і Лукашэнкам, а менавіта эканамічныя міждзяржаўныя.

Я не прадбачу нейкага значнага пагаршэньня паміж двума мядзьведзямі, бо ёсьць яшчэ трэці мядзьведзь на Ўсходзе, які кантралюе гэтых двух.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG