Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дубавец: У незалежнасьці Беларусі сур'ёзны ўклад Арыны


Майстроўня сьпявае на хорах заслаўскай бажніцы, 1982 год. Арына Вячорка трэцяя справа.
Майстроўня сьпявае на хорах заслаўскай бажніцы, 1982 год. Арына Вячорка трэцяя справа.

На пытаньні Свабоды адказаў пісьменьнік і журналіст Сяргей Дубавец. Напярэдадні ў Вільні пасьля кароткай цяжкай хваробы на 51-м годзе жыцьця памерла дзяячка новага беларускага адраджэньня Арына Вячорка. Пра яе і пра яе ўклад у беларушчыну за апошнія 30 гадоў мы зь Сяргеем Дубаўцом і пагаворым.

Абламейка: Як і калі вы пазнаёміліся з Арынай Вячоркай?

Дубавец: Гэта было вельмі даўно, у другой палове 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Я быў знаёмы зь Вінцуком Вячоркам, мабыць, з 1974 году. Мы вучыліся ў адной школе (я на два гады старэйшы), і калі Вінцук стаў сябраваць з Арынай, тады мы і пазнаёміліся. А пасьля я быў сьведкам на іхным вясельлі.

Абламейка: Цяпер вы рыхтуеце да друку кнігу «Гісторыя аднаго цуду», якая прысьвечана стварэньню і дзейнасьці першай нефармальнай грамадзкай арганізацыі – Беларускай Майстроўні. Ёсьць там разьдзел і пра Арыну Вячорку. Пра што вы там пішаце?

Дубавец: Кніга называцца будзе «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду». У ёй больш за 50 разьдзелаў, усе яны прысьвечаныя канкрэтным людзям, удзельнікам першай беларускай нефармальнай арганізацыі, якая ўзьнікла ў 1980 годзе. Аснова кожнага разьдзелу – інтэрвію з майстроўцамі. Яны ўсе непадобныя, з унікальным досьведам жыцьцёвым, усе асобы. У тым ліку і Арына, якая ў Майстроўні была неад'емным элемэнтам гэтага цуду. Вось яна там сама распавядае пра тыя часы і пра пазьнейшыя часы. Гэта ейны расповед пра сябе.

Абламейка: Мая жонка вучылася з Арынай і Вінцуком Вячоркамі ў адным клясе 4-й менскай школы. Яна кажа, што ўжо ў старэйшай школе іх нельга было аддзяліць адно ад аднаго. Гэтак тандэмам яны і пасьля ішлі па сваёй жыцьцёвай дарозе. Як бы вы ацанілі сілу і эфэктыўнасьць гэтага тандэму?

Дубавец: Па плёнах... У Майстроўні лідэрам быў Вінцук, і ягоным заплеччам, абсалютна надзейным, была Арына. З Майстроўні пасьля вырасла мноства нефармальных суполак маладзёвых, якія пасьля ўтварылі нефармальны рух у Беларусі, які пасьля перарос у групы падтрымкі БНФ, што ўрэшце прывяло да стварэньня апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце і абвяшчэньня незалежнасьці краіны. Большага выніку жадаць і не выпадае. І ва ўсім гэтым вялікім дасягненьні, у стварэньні незалежнай краіны Беларусі ёсьць вельмі сур'ёзны ўклад і Арыны Вячоркі.

Абламейка: Які ў вас галоўны асабісты ўспамін пра Арыну Вячорку?

Дубавец: Гэта ўражаньне ад яе самой, чалавека надзвычай абаяльнага, разумнага, здольнага нелінейна мысьліць. А калі канкрэтна згадваць, дык гэта 1978 год, калі мы сваім вузкім колам задумалі стварыць падпольную друкарню. Ігар Гермянчук працаваў на Менскім паліграфкамбінаце і выносіў адтуль наборныя шрыфты. Тады друкарскія формы складаліся з асобных мэталёвых літарак. І гэтыя літаркі раскладаліся па кішэнях на фартуху мэтранпажа. Мноства кішэнек, кожная для кожнай літаркі. І тады Арына ўзялася й пашыла такі вось адмысловы фартух для нашай друкарні.

Абламейка: Што, на вашу думку, самае моцнае з тых шматлікіх справаў і чынаў, якімі адзначылася Арына Вячорка ў беларушчыне ў апошнія тры дзесяцігодзьдзі? Гэта пэдагагічная дзейнасьць, рыцарскія клюбы, старажытная беларуская музыка ці нешта іншае?

Дубавец: Я думаю, што ўсё ў сукупнасьці, таму што (яна й сама пра гэта казала) ў Беларусі вельмі шмат таленавітых людзей, творчых людзей. Але іх творчасьць існуе часта як бы сама для сябе. І патрэбная нейкая сіла, якая пачне гэта раскручваць, вазіць па сьвеце, запісваць у студыі, выдаваць у дысках, здымаць у фільмах... Тады ўсе гэтыя таленты прыходзяць у рух, дзякуючы дзейнасьці вось такога мэнэджэра. А такія мэнэджэры звычайна рэдкія людзі. Асабліва калі казаць пра беларушчыну. Вось зараз Арыны няма, і напэўна вялікая колькасьць ідэяў і праектаў так і не ажыцьцёвіцца.

Абламейка: Сёньня ў нашым эфіры кампазытарка Ларыса Сімаковіч акрэсьліла дзейнасьць Арыны Вячоркі ў апошнія дзесяцігодзьдзі словамі «ціхі гераізм». Ці згодныя вы з гэтай характарыстыкай?

Дубавец: Не магу не пагадзіцца з Ларысай Сімаковіч. Хіба што сам бы акрэсьліў гэта як творчае падзьвіжніцтва. Гераізм заўсёды безаглядны. А тут – творчасьць, праца, кантакты, сувязі, дачыненьні. Тут трэба мець вельмі адмысловы талент, бо ня кожны ўмее наладзіць адносіны, ня кожны ўмее размаўляць зь людзьмі. Арыне, мне здаецца, гэта ўсё было проста, да душы і адпавядала яе натуры.

Слухаць размову цалкам можна тут:

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:31 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG