Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканаміст: Усё, што зьвязана з ростам ЖКГ, людзі ўспрымаюць нэгатыўна


У адпаведнасьці з урадавай пастановай у Беларусі ад 1 красавіка падвышаныя тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі для насельніцтва. Камунальныя выдаткі ў сярэднім вырасьлі на 10%, адлічэньні на тэхнічнае абслугоўваньне жылых дамоў павялічаныя на 13%. Апроч таго, ад 5 красавіка зь цяперашніх 1300 да 1500 рублёў уздымецца кошт праезду ў грамадзкім транспарце.

Чаму цэны працягваюць расьці ў той час, як рубель ад пачатку году пераважна ўмацоўваў свае пазыцыі?

Па выніках 2011 году спажывецкія цэны ў Беларусі вырасьлі на 108% — гэта найгоршы паказьнік у СНД.

Ад пачатку 2012-га кошты вырасьлі больш як на 5% і ўвесь час падвышаюцца. Ад 1 красавіка перагледжаны жыльлёва-камунальныя тарыфы. Даражэе цеплавая энэргія, халоднае водазабесьпячэньне, каналізацыя, карыстаньне ліфтамі. Электрычная энэргія падаражэла на 10%.



Падвышаецца кошт кубамэтра прыроднага газу — прычым для абагрэву нежылых памяшканьняў выдаткі падскочаць у разы. Так, калі за ацяпленьне памяшканьняў, абсталяваных прыборамі індывідуальнага ўліку, карыстальнік заплаціць крыху больш як 1000 рублёў за кубічны мэтар прыроднага газу, то пры адсутнасьці лічыльнікаў кошт наблізіцца да 20000 рублёў (гаражы, майстэрні і г.д.). Пры гэтым балён звадкаванага газу ёмістасьцю 21 кіляграм вырас адразу больш чым на 6000 рублёў і цяпер каштуе блізу 70 000 рублёў.

Эканаміст, былы кіраўнік жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менскага гарвыканкаму Іван Анташкевіч кажа, што тарыфы будуць карэктаваццца ў бок падвышэньня яшчэ не аднойчы — у выніку дэвальвацыі рубля асноўны цяжар камунальных плацяжоў зноў лёг на дзяржаву:

«З аднаго боку, гэта адлюстраваньне назапашанага недафінансаваньня жыльлёва-
дзяржава амаль што на 80% камунальную сфэру датуе ...

камунальнай гаспадаркі Беларусі, зь іншага боку — ліквідацыя цяперашняй дыспрапорцыі ў плацяжах жыхароў краіны. Яшчэ ня так даўно гэты парытэт у плацяжах складаў амаль 50×50, а цяпер зноў шалі схіліліся ледзьве не да 17–20% — зразумела, не на карысьць дзяржавы. То бок людзі плацяць прыблізна столькі, а дзяржава амаль што на 80% камунальную сфэру датуе. Таму, я думаю, яны зыходзяць найперш з гэтага».

Разам з тым, на перакананьне эканаміста, час, каб вяртаць парытэт у камунальнай сфэры паміж насельніцтвам і дзяржавай, выбраны ня лепшы. Як кажа Іван Анташкевіч, на тле зьбядненьня насельніцтва любыя спробы папоўніць бюджэт будуць успрымацца нэгатыўна:

«Робяць яны правільна або робяць няправільна? Вядома, з гледзішча экспэрта яны робяць няправільна, бо ня тыя зараз умовы. Нядаўна дэвальвавалі рубель, толькі пасьля столькіх прыгодаў нарэшце выраўнялі курсы, прыйшлі да 8000 (крыху больш) за даляр. Усё гэта стаіць непарушна. У народа заробак рэзка ўпаў і цяпер фактычна не падвышаецца. А тут зноў растуць выдаткі. Народ і так зьнясілены, ён надзвычай сёньня незадаволены тым, што адбываецца. І на гэтым тле яны зноў падвышаюць выдаткі — ну, на мой погляд, гэта вельмі нядобра. Бо ў той жа час усе астатнія рэформы не ідуць. Таму, натуральна, людзі ўспрымуць гэта балюча. Яны і так успрымаюць усё, што зьвязана з ЖКГ, надзвычай нэгатыўна. А тут яшчэ растуць кошты. Ва ўвязцы зь іншымі коштамі абстаноўка ў цэлым нядобрая».

5 красавіка на 200 рублёў падаражэе праезд у грамадзкім транспарце — да 1500 рублёў за кожную паездку. Пры гэтым ад лета ўлады маюць намер скасаваць бясплатны праезд для школьнікаў і студэнтаў. Чакаюць росту коштаў на паліва і аўтамабілісты — канцэрн «Белнафтахім» заяўляе, што мае намер паступова выраўняць кошты бэнзіну і саляркі зь іншымі ўдзельнікамі Адзінай эканамічнай прасторы.




Пры гэтым прыбыткі насельніцтва істотна адстаюць ад росту цэнаў на тавары і паслугі. Замарожваньне заробкаў — адна з умоваў атрыманьня зьнешніх пазыкаў дзеля падтрымкі курсу рубля. І хоць кіраўніцтва краіны надалей запэўнівае, што выйдзе на сярэдні ўзровень аплаты працы — 500 даляраў, растуць не заробкі, а выдаткі на жыцьцё.

Фінансавы аналітык Аляксандар Муха прагназуе, што ўлады і надалей будуць трымаць рубель пад кантролем, падцягваючы ў валютным эквіваленце кошты на «абслугоўваньне»:

Аляксандар Муха
Аляксандар Муха
«На мой погляд, улады ўсё ж і надалей будуць прытрымлівацца больш жорсткай афіцыйнай манэтарнай палітыкі, накіраванай на ўтрыманьне курсу нацыянальнай валюты. Найперш гэта робіцца з тым, каб зьменшыць тэмпы дэвальвацыі беларускага рубля ў выпадку ўзмацненьня попыту на замежную валюту. Гэты попыт зьвязаны, сярод іншага, і зь неабходнасьцю здабываць валюту на абслугоўваньне зьнешніх пазыкаў. Таму, канечне, сытуацыя ў сацыяльным разрэзе будзе ўскладняцца».

Тым часам пра падвышэньне коштаў абвясьцілі ўладальнікі некаторых маршрутных таксовак у Менску. Замест ранейшых 5000 рублёў за паездку цяпер давядзецца выкласьці 6000.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG