Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што здарылася з «Беларускай энцыкляпэдыяй»?


Тамара Кароткая
Тамара Кароткая

Беларуская энцыкляпэдычная школа ў свой час славілася на ўвесь Савецкі Саюз. Пераймаць досьвед беларусаў ехалі з блізкага і далёкага замежжа. Чаму ж сёньняшняя прадукцыя выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя» выклікае так шмат нараканьняў? І чаму ў найноўшым энцыкляпэдычным даведніку не знайшлося месца для народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнкі?

Госьцяй «Вольнай студыі» — былая загадчыца адной з рэдакцый «БелЭн» Тамара Кароткая.

— Спадарыня Тамара, у мінулай «Вольнай студыі» прафэсар з Горадні Іван Лепешаў расказваў, як цэнзураваўся ў «Беларускай энцыкляпэдыі» ягоны слоўнік. Раней нічога падобнага не адбывалася. Што сталася з калісьці слаўным выдавецтвам?

— У мяне такое ўражаньне, што ў цяперашніх складаных умовах «Беларуская энцыкляпэдыя» імкнецца проста выжыць. Цікавыя даведачныя выданьні, якія былі б створаныя сучаснай гэнэрацыяй энцыкляпэдыстаў, мне цяжка нават назваць. Сёньняшняя энцыкляпэдычная прадукцыя, якую я магла б адзначыць, — эта шматтомныя «Гарады і вёскі Беларусі». Але ж гэта прадукт досыць даўні, гэта напрацоўкі Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру дваццацігадовай даўнасьці. А сёньняшняя візытоўка «Беларускай энцыкляпэдыі» — гэта пераважна камэрцыйныя, хуткасьпечаныя і разьлічаныя на хуткую рэалізацю выданьні. Тут можна назваць альбом малюнкаў Струкава, альбом Радзівілаўскіх партрэтаў ХVIII-XIX стагодзьдзяў, фотаальбом «Белавеская пушча». Усё гэта не энцыкляпэдычныя, а чыста мастацкія выданьні, якімі ў нас заўсёды займалася выдавецтва «Беларусь».

— Вы працавалі ў «Беларускай энцыкляпэдыі» пры трох кіраўніках — Івану Шамякіне, Міхасю Ткачове і Барысу Сачанку. Хто зь іх найбольш адпавядаў займанай пасадзе?

— Кожны зь іх адпавядаў патрэбам свайго часу. Шамякін быў у выдавецтве
Сапраўды зоркавым часам для энцыкляпэдыі быў той пэрыяд, калі яе ўзначальваў гісторык Міхась Ткачоў ...

«вясельным генэралам». Ён выконваў больш прадстаўнічыя функцыі, што для савецкага часу было нармальна. Сапраўды зоркавым часам для энцыкляпэдыі быў той пэрыяд, калі яе ўзначальваў гісторык Міхась Ткачоў. У гэтай асобе якраз спалучаліся тыя якасьці, якія патрэбныя для кіраўніка падобнага выдавецтва, — найперш глыбокія веды, Ткачоў быў доктарам гістарычных навук, да таго ж, ён меў досьвед працы ў энцыкляпэдыі, бо да свайго прызначэньня працаваў загадчыкам рэдакцыі гісторыі Беларусі. На жаль, ткачоўскі перыяд быў вельмі кароткі, менш за год. Што тычыцца Барыса Сачанкі, то я лічу яго фігурай пераходнага пляну, хоць, безумоўна, гэты чалавек быў патрыётам і досыць шмат зрабіў.

— «Энцыкляпэдыя літаратуры і мастацтва», «Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі», энцыкляпэдыя «Вялікае Княства Літоўскае», энцыкляпэдыя «Архэалёгія і нумізматыка Беларусі», энцыкляпэдыя «Беларуская мова», энцыкляпэдыя «Тэатральная Беларусь»... Гэта, як кажуць, справы дзён, даўно мінулых. А што з сёньняшняй прадукцыі «БелЭн» вы бераце ў рукі з задавальненьнем?

— Спробы выданьня сур’ёзнай даведачнай літаратуры ў «БелЭн» усё ж ёсьць. Але толькі спробы. Нядаўна я з вялікай надзеяй узяла ў рукі кнігу, якую даўно чакала, — гэта «Вялікі беларускі энцыкляпэдычны слоўнік» (на расейскай мове).
Гартаю слоўнік далей — ёсьць артыкул пра Ілью Мурамца, героя расейскага быліннага эпасу, але няма — пра Зінаіду Бандарэнку! ...

Думала — пагартаю, набуду, прыйду дадому, буду вывучаць і ціха радавацца. На жаль, гэтага не адбылося. Ёсьць пэўныя крытэры, паводле якіх выдавецкі работнік вельмі хутка бачыць хібы. Прывяду такія прыклады. Адгортваю слоўнік наўздагад, чытаю артыкул «дзеепрыметнік». Значыць, павінна быць і «дзеепрыслоўе». Знаходжу. Калі ёсьць «дзеепрыметнік» і «дзеепрыслоўе», павінны ж быць «дзеяслоў» і «прыслоўе». А іх у слоўніку — няма. Значыць, парушана сыстэма падачы і адбору матэрыялу. Гартаю слоўнік далей — ёсьць артыкул пра Ілью Мурамца, героя расейскага быліннага эпасу, але няма — пра Зінаіду Бандарэнку! Зразумела, каб увайсьці ў такі слоўнік, трэба мець пэўныя дзяржаўныя ўзнагароды і званьні. Зінаіда Бандарэнка — народная артыстка Беларусі, і па фармальных паказчыках яна проста мусіла быць у тым слоўніку! А яе там няма. Мітычны Мурамец ёсьць, а рэальнай Бандарэнкі няма!

— Выпадак, аналягічны таму, пра які расказваў прафэсар Лепешаў, — калі пачынае дзейнічаць забарона на імёны. Нешта падобнае мела месца, калі прыканцы мінулага году выходзіла пэрсанальная энцыкляпэдыя «Максім Багдановіч». Там таксама шмат каго няма — найперш з прадстаўнікоў беларускай дыяспары. А як вы ацэньваеце гэтае выданьне?

— Я вельмі ўважліва яго прачытала. На жаль, тут было ня проста зьдзіўленьне, тут было і расчараваньне, і шмат іншых нэгатыўных эмоцый. Энцыкляпэдыя «Максім Багдановіч» не адпавядае тым крытэрам, якія прад’яўляюцца да літаратурнай энцыкляпэдыі. Найперш, у ёй адсутнічае сыстэма паказальнікаў, а гэта компас у моры інфармацыі. Прывяду такі прыклад. Усе мы ведаем, кім была для паэта
Самая ж вялікая недарэчнасьць энцыкляпэдыі «Максім Багдановіч» — гэта адсутнасьць у ёй артыкула пра Веру Іванаўну Мікуту ...

Нюта Гапановіч — ня проста стрыечная сястра, але і муза-натхніцелька, яго глыбокая сымпатыя. Дык вось, марна шукаць Нюту Гапановіч на літару «Г». Артыкул пра яе пачынаецца зь літары «С» — яна ў даведніку фігуруе як Сільваноўская — па мужу... Падобнае выданьне павінна мець артыкулы літаральна пра ўсе тэксты творцы. І тут мы бачым наступны сур’ёзны хіб энцыкляпэдыі «Максім Багдановіч» — адсутнасьць асобных артыкулаў пра публіцыстычныя творы паэта, выяўленыя ў апошнія дзесяцігодзьдзі і надрукаваныя ў расейскім пэрыядычным друку. Дзіўна, што ў энцыкляпэдыю ня трапіў і артыкул пра знакаміты інтымны дзёньнік Багдановіча, пра які ў свой час шмат гаварылася і пісалася. У энцыкляпэдыі адсутнічаюць і многія пэрсаналіі, якія ўплывалі на Багдановіча, якія шмат зрабілі для папулярызацыі яго творчасьці. Той жа Васіль Фёдаравіч Мачульскі — сакратар літаратурнай камісіі Інбелкульту, чый агляд багдановічаўскіх рукапісаў і матэрыялаў біяграфіі стаў асновай багдановічазнаўства. Няма ў энцыкляпэдыі і артыкула пра Язэпа Дылу, які вельмі шмат зрабіў для вяртаньня архіваў паэта ў Беларусь. Ня трапіла туды і Апалёнія Савёнак — аўтарка ўспамінаў пра Багдановіча. Абышлі ўвагай складальнікі энцыкляпэдыі многіх кампазытараў, якія звярталіся да творчасьці Багдановіча. Гэта Шчаглоў-Куліковіч, Помазаў, Паплаўскі, Самохін, Ларыса Сімаковіч... Самая ж вялікая недарэчнасьць энцыкляпэдыі «Максім Багдановіч» — гэта адсутнасьць у ёй артыкула пра Веру Іванаўну Мікуту. Я зь ёю шмат працавала ў музэі Багдановіча, і магу сказаць, што яна многае адшукала і наладзіла стасункі са сваякамі яраслаўскага акружэнья Багдановіча, якія перадалі музэю сотні ўнікальных матэрыялаў. Мікуту тут можна параўнаць хіба з вядомай дасьледчыцай Нінай Ватацы. Нездарма Яўген Міклашэўскі прысьвяціў сваю кнігу «Каханьне і сьмерць, альбо Лёс Максіма Багдановіча» менавіта Веры Іванаўне. І вось такой асобы ў энцыкляпэдыі — няма.

— Выдаўцы, відаць, стараліся пасьпець да 120-годзьдзя паэта. Ды і рабілася энцыкляпэдыя, як мне гаварылі яе аўтары, на грамадзкіх пачатках.

— Наўрад ці гэта можа служыць апраўданьнем. Энцыкляпэдыя належыць да таго віду даведачных выданьняў, якія, як правіла, не перавыдаюцца. Гэта значыць, гэтая кніга — на вякі. Таму трэба думаць ад пачатку, як яе ўкласьці, як зрабіць так, каб яна як мага даўжэй была актуальнай, патрэбнай, каб зь ёй можна было працаваць і праз трыццаць, і праз пяцьдзясят гадоў.

— Ці ёсьць у вас надзея, што ў агляднай будучыні беларуская энцыкляпэдычная школа адродзіцца?

— Надзея ў чалавеку павінна быць заўсёды. Іншая справа, што пэрспэктывы гэтых пазытыўных зьменаў на сёньняшні час мне бачацца вельмі цьмянымі. Але, калі верыць працэсам эвалюцыйнага разьвіцьця, то гэты час абавязкова настане.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG