Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адамовіч Каваленку: Дарагі Сяргей, варта падумаць пра тое, каб жыць далей


Славамір Адамовіч
Славамір Адамовіч

Госьць праграмы «Вынікі дня» — паэт Славамір Адамовіч. У лістападзе 1995 году ён напісаў верш «Убей президента», за што і быў арыштаваны. У турме КДБ трымаў сухую галадоўку на знак пратэсту, празь дзесяць месяцаў зьняволеньня быў адпушчаны пад падпіску пра нявыезд.

Соўсь: Славамір, вас пасадзілі за краты за верш. Актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка трапіў за краты за сьцяг. Вы трымалі сухую галадоўку на знак пратэсту, і спынілі яе на заклік Сяргея Дубаўца, які здолеў прайсьці да вас ў «Амэрыканку» і пераканаць вас. Давайце згадаем, як гэта адбывалася ў 1996 годзе.

Адамовіч: Па-першае, я тады быў фактычна першы палітычны арыштант дзейнага і сёньня рэжыму. Па-другое, я адразу абвясьціў сухую галадоўку, гэта значыць без ужываньня нават вады. Пасьля таго, як я спыніў галадоўку, а спыніў я яе на восьмы дзень пасьля размовы зь Сяргеем, мяне паглядзелі там на месцы, у турме КДБ, «амэрыканцы» а потым адправілі ў шпіталь КДБ на Макаёнка. Там быў догляд больш-менш адэкватны майму стану, хоць я і быў прыкаваны нажнымі кайданкамі да ложка.

Соўсь: Скажыце, а што Сяргей Дубавец вам сказаў, што вас пераканала спыніць галадоўку?

Адамовіч: Я ня памятаю, але ня думаю, што вельмі тады слухаў і Сяргея. У мяне ўсё ж тады была іншая сытуацыя. Я быў фактычна першы, хоць у той жа год арыштавалі і спадара Хадыку, і Сіўчыка. Я трымаў сухую галадоўкі, і заставалася літаральна некалькі сутак да комы альбо спыненьня сэрца, бо падчас сухой галадоўкі працэсы адбываюцца вельмі хутка. Тым больш я, як і сёньня Сяргей Каваленка, невялікіх памераў, мякка кажучы. Пры росьце 168 ў мяне на пачатку вага была прыкладна 65. Высахнуць без вады — гэта даволі хутка. Таму ў мяне быў выбар — альбо канчацца, альбо пазмагацца далей, і былі слабыя надзеі, што рэжым адступіць, што адбудуцца нейкія паслабленьні, ня кажучы ўжо пра выхад на волю.

Соўсь: Ці вы былі гатовыя ісьці да канца ў сваёй галадоўцы, як цяпер гэта робіць Сяргей Каваленка?

Адамовіч: Цяжка тут казаць, быць героем постфактум, гэта ня будзе прыстойна. Я лепш скажу так: калі сёньня ісьці на галадоўку, то напэўна я застаюся чалавекам радыкальных крокаў. Хоць, разумееце, у 50 гадоў, крыху адчуўшы смак жыцьця, яно было б нават цяжэй, чым тады, калі быў маладзейшы, 17 гадоў таму. Але галоўнае — справа прынцыпаў, і я цудоўна разумею Сяргея, як ён паводзіцца сёньня. Калі выбраў такі шлях, то тут альбо ісьці да канца, альбо потым вельмі цяжка будзе захоўваць сваё рэнамэ. Тут вельмі складаны ў маральным пляне момант, калі абвясьціў, а потым адступаеш. У сувязі з гэтай галадоўкай Сяргея, я б хацеў сказаць, што за час існаваньня рэжыму людзі шмат абвяшчаюць галадоўкі, часам бяздумна, часам правакацыйна, асабліва калі іх закрываюць на 15 сутак. Гэта выглядае несур’ёзна і абясцэньвае ідэю галадоўкі.

Соўсь: Сяргея Каваленку пакуль ніхто не пераканаў спыніць галадоўку. Як вам падаецца, ці засталася яшчэ такая магчымасьць? І хто б гэта мог зрабіць?

Адамовіч: Цяжка, вельмі цяжка тут гаварыць. Я ня бачу тут мэханізму, акрамя як выпусьціць яго калі не на волю, то хаця б у шпіталь, як было ў маёй сытуацыі, дзе нармальны цывільныя лекары. Можа ў працэсе гэтага агляду знайшліся б нейкія адпаведныя словы ў людзей, у ягонай радні, у тых, каго ён можа паслухаць. Толькі так. Ну а спадзявацца на адэкватныя паводзіны рэжыму, гэтых людажэраў, на вялікі жаль, не выпадае.

Соўсь: Як бы вы параўналі тую падтрымку ў грамадзтве, той розгалас, які быў у вашай справе з розгаласам справы Каваленкі?

Адамовіч: Зноў жа ж я нагадваю, што мне было па многіх пазыцыях прасьцей, бо я быў першы. На вялікі жаль, не апошні з палітычных. З другога боку, рэжым быў яшчэ не настолькі зьдзічэлы, ён толькі прыходзіў да ўлады, умацоўваў свае карныя структуры, і таксама ня мог адчуваць сябе поўнасьцю беспакараным. Безумоўна, сытуацыя першага галадоўніка мне спрыяла. У наш час, пасьля 18 гадоў, столькі людзей сядзяць за кратамі, абсалютна нявінныя людзі, і таксама галадаюць — тая ж гісторыя з Аўтуховічам. На вялікі жаль, на чалавечую размову з гэтым рэжымам не выпадае спадзявацца.

Соўсь: Да Сяргея Каваленкі пускаюць ягоных родных. Яны слухаюць «Свабоду». Я вам прапаную зьвярнуцца да Сяргея Каваленкі, магчыма вас зварот будзе пачуты.

Адамовіч: Дарагі Сяргей! Мы, здаецца, з вамі незнаёмыя прыватна, але тым ня менш, як чалавек які трымаў сухую галадоўку, якая працягвалася нядоўгі час — бо як я ўжо казаў, пры сухой галадоўцы гэтыя працэсы вельмі хутка адбываюцца — я вось што хачу сказаць: Сяргей, можа табе знайсьці момант і падумаць пра жыцьцё як такое. Бо нават у цяжкіх умовах спакусьліва жыць. Тым больш, што ў цябе сям’я — любая жонка, двое дзяцей, наколькі я ведаю. Можа быць пра іх усё ж такі падумаць. З рэжымам за сьцяг усё ж такі ня ты адзін — мы ўсе павінны змагацца, і можа быць шукаць шляхі, каб прымусіць урэшце рэшт галадаць іх і змагацца за сваё жыцьцё так, як змагаемся мы. Таму, дарагі Сяргей, я думаю, варта падумаць пра тое, каб жыць далей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG