Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абмяжоўваючы мову, Лукашэнка хоча спадабацца Маскве»


Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі

Першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Радзькоў разаслаў старшыням аблвыканкамаў ліст, у якім запатрабаваў «прыняць канкрэтныя меры па недапушчэньні правядзеньня кіраўнікамі дзяржаўных органаў, іншых арганізацый палітыкі прымусовай беларусіфікацыі і штучнага скарачэньня выкарыстаньня расейскай мовы...». Што стаіць за намерам чыноўнікаў скараціць ужываньне беларускай мовы? Ці можна сказаць, што беларуская мова зноў прыносіцца ў ахвяру імкненьню афіцыйнага Менску атрымліваць матэрыяльную падтрымку з Масквы? На гэтыя пытаньні адказвае былы дэпутат Вярхоўнага Савету Лявон Баршчэўскі.

Цыганкоў: Чаго спалохалася прэзыдэнцкая адміністрацыі ды і сам кіраўнік дзяржавы (бо наўрад ці такія рашэньні прымаліся без загаду з самога верху)? Ці тут, як гэта і раней бывала, найперш прысутнічаюць замежнапалітычныя прычыны — новы этап інтэграцыі з Расеяй патрабуе зноў «абараняць» расейскую мову? Ці Аляксандру Лукашэнку раптам падалося, што занадта шмат беларускай мовы стала гучаць у дзяржаўных СМІ і ўстановах?

Баршчэўскі: Наконт таго, што мова стала недзе гучаць — дык пра гэта нават сьмешна казаць. Працэнт прысутнасьці беларускай мовы значна ніжэйшы, чым тыя працэнты, які дае перапіс, колькасьць людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай у побыце. Таму гэта, вядома, ня ёсьць прычынай.

Я думаю, тут прычыны палітычныя. Такім няўклюдным спосабам Аляксандар Лукашэнка і ягоная адміністрацыя імкнуцца спадабацца Маскве. Яны бачаць, што прэзыдэнцкую выбарчую кампанію пуцінская каманда вяла пад нацыяналістычнымі лёзунгамі, і, пэўным чынам, гэта ўратавала яе ўладу. Спадар Лукашэнка некалькі разоў прагаворваўся, што за танныя газ і нафту было заплачана ў тым ліку і здачай нацыянальных сымбаляў і мовы.

Таму тут выразна праглядаецца імкненьне наладзіць адносіны з Масквой, бо яны будуць разьвівацца ў такім кірунку, які яшчэ ў адміністрацыі Лукашэнкі пакуль ня могуць спрагназаваць.

Цыганкоў: То бок зноў, як і ў сярэдзіне 90-х, мова становіцца разьменнай манэтай у палітычных высілках Лукашэнкі. Калі гэта так, то да чаго гэта можа прывесьці з пункту гледжаньня стану беларускай мовы?

Баршчэўскі: Гэта палітыканства, гэта не палітыка. Мова жыла і перажывала і горшыя часы. Тут ня ўсё залежыць ад палітыкаў (хаця і шмат залежыць). Гэта чыста каньюнктурныя крокі — спадабацца гаспадару.

Гэты тыпова ня толькі наверсе, гэта ўласьціва і сярэдняму беларусу. Нядаўна я чытаў інтэрвію беларускага футбаліста Паўла Няхайчыка, які перайшоў з БАТЭ ў маскоўскае Дынама. І ён увесь час кляўся, што беларусы і расейцы — адзін і той жа народ, што ніякай розьніцы няма. Прычына простая — хоча трапіць у асноўны склад. Бо там абмежаваная колькасьць легіянэраў, і хоча спадабацца.

Нешта падобнае адбываецца і зь беларускай вэртыкальлю, і яе галоўным начальнікам.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG