Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы дапамагаюць Маўродзі будаваць фінансавую піраміду


У Беларусі імкліва паўстае фінансавая піраміда МММ. Яшчэ на пачатку 1990-х яна была запачаткаваная ў Расеі Сяргеем Маўродзі, але неўзабаве абрынулася. Маўродзі трапіў у турму, а пасьля вызваленьня зноў узяўся за старое.

Ня так даўно ў Менску пачаў працаваць цэнтральны «Кансультацыйны пункт МММ-2011» — так званае «зьвяно» «МММ-курс у Беларусі». Інтэрнэт сайт інфармуе, што рэгіянальныя структуры таксама працуюць у Горадні, Гомелі, Магілёве, Наваполацку і Воршы. Грошы прымаюцца на розныя тэрміны, ад якіх залежыць прамер прэміяльных. У працэсе зьяўляюцца катэгорыі сталых кліентаў — ільготнікаў, якім дывідэнды абяцаюцца большыя: у сярэднім за месяц прырост дэпазыту — 20–30%, за тры месяцы — 30–45%.

Адзін з прадстаўнікоў офісу — «сотнік» Дзьмітрый Несьцярчук — запэўнівае, што інтарэс да МММ вялізны, а сярод тых, хто гатовы зноў рызыкнуць, нямала людзей, якія былі ўкладчыкамі МММ у 1990-х:

«Увогуле сярод удзельнікаў досыць шмат людзей, якія былі „будаўнікамі“ старой піраміды. І нават тых, хто пагарэў на ёй. Тыя, хто ўжо некалі браў у ёй удзел, ведаюць, як гэта ўсё развальвалася, таму што гэта не было нейкай асабістай ініцыятывай. Проста калі дзесьці ў адным месцы ёсьць вялікія грошы, то вялікая спакуса іх забраць. Магчыма, гэта была дзяржава, магчыма, чыноўнікі нейкія, магчыма, яшчэ нехта — цяпер ужо складана меркаваць... У нашым выпадку ўсё так пабудавана, што грошы распыленыя сярод удзельнікаў і, па сутнасьці, усе ўзаемаадносіны вядуцца, як кажуць, на чэсным слове. То бок адзін аднаму людзі давяраюць і перадаюць адзін аднаму грошы — безь ніякіх гарантыяў і абяцаньняў».

Карэспандэнт: «То бок пакуль, зноў жа, ня здарыцца форс мажор, калі хтосьці захоча саскочыць зь вялікім кушам».

«Ну, гэта можа справакаваць толькі вялікая паніка. Калі ўсе ламануцца здымаць свае грошы, тады, натуральна, балянс парушыцца. А да таго часу апасацца няма чаго. Гэта як звычайная банкаўская сыстэма: калі ў банку падтрымліваць балянс прытоку і адтоку грашовых сродкаў, то ён можа існаваць бясконца доўга. Так і тут: калі існуе балянс прытоку і адтоку, тады грошы рэальна рухаюцца: дзесьці ўбываюць, дзесьці прыбываюць, але ўсім іх будзе хапаць».

Нават на сайце беларускай фінансавай піраміды падкрэсьліваецца: стаўшы ўдзельнікам МММ-2011, вы робіце гэта выключна свае страх і рызыку, і сыстэма за гэта ніякай адказнасьці не нясе. Але, нягледзячы на поўную адсутнасьць нават гіпатэтычных гарантыяў вяртаньня ўкладзеных сродкаў, колькасьць удзельнікаў МММ расьце. На афіцыйным сайце Сяргея Маўродзі вісіць лічыльнік, які ўжо налічыў больш за 20 мільёнаў людзей, якія добраахвотна кінулі свае грошы ў агульны кацёл.



"На дадзены момант у МУС Беларусі скаргаў на дзейнасьць офісу МММ-2011 у Менску не паступала," - паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску начальнік галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі Эдуард Нікіцін.

Што штурхае людзей, нягледзячы на прыкры досьвед, увязвацца ў сумнеўныя авантуры? Меркаваньне кіраўніцы групы аналітыкаў парталу infobank.by Кацярыны Сьмірновай:

«Я не скажу, што гэта нешта ўнікальнае. Такіх рэчаў у розных краінах і ў розны час была проста маса. Мне падаецца, колькі будзе доўжыцца чалавечая прагавітасьць, жаданьне без асаблівых высілкаў зарабіць, столькі і будуць існаваць такія піраміды. І ў гэтым сэнсе структура Маўродзі нічым не ўнікальная. Калі паглядзець, то маса пірамід ужо вядомая пры непасрэдным удзеле сеткі інтэрнэт, а дзецішча Маўродзі проста, мабыць, найбольш вядомае на расейскамоўнай прасторы. Хіба толькі гэта. Але насамрэч мадэль нічым не ўнікальная. І фінал гісторыі таксама наўрад ці будзе нейкі ўнікальны. Такія рэчы — калі і пры якіх абставінах нешта падобнае абрынаецца — толькі пытаньне часу. Таму зараз можна толькі прагназаваць, колькі гэтая піраміда пражыве і колькі людзей на гэтым страціць».

За непрацяглы час ад пачатку дзейнасьці піраміды яе кансультацыйныя пункты зьявіліся ў Літве, Нямеччыне, Грэцыі, Кіргізстане ды іншых кутках сьвету. Прычым у некаторых дзяржавах МММ набывае характар сапраўднай эпідэміі: у Беларусі і Казахстане прадстаўніцтваў ужо дзесьці па дзясятку, ва Ўкраіне такіх офісаў больш за 40, у Расеі — 135.

Праваахоўныя органы Беларусі пакуль не зьбіраюцца чыніць перашкодаў на шляху МММ. У Галоўным упраўленьні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі патлумачылі: пакуль да іх ніхто афіцыйна не зьвярнуўся са скаргамі і зьвестак пра пацярпелых няма, дзейнасьць МММ адбываецца ў рамках закону.

Рэклямныя ролікі МММ з 1990-х
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG