Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лінкус не прызнае, што зьбіваў Сяргея рукамі і нагамі

абноўлена

Дзінас Лінкус
Дзінас Лінкус

27 лютага скончыліся 10 дзён з дня вынясеньня прысуду маёру міліцыі Лінкусу. Гарадзенскі раённы суд дзесяць дзён таму асудзіў яго на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму за зьбіцьцё начальніка Шчучынскага раённага аддзелу Дэпартамэнту аховы Аляксея Сяргея. Да ўступленьня прысуду ў сілу Лінкус застаецца на волі.

Ён падаў касацыйную скаргу ў Гарадзенскі абласны суд.

На судзе было ўстаноўлена, што Лінкус жорстка зьбіў Сяргея, прычым біў нават нагамі. І ў судзе, і цяпер Лінкус не прызнае свае віны цалкам. Сёньня ён заявіў «Свабодзе», што ў касацыйнай скарзе нейкіх новых аргумэнтаў не прывядзе, але спадзяецца, што ў абласным судзе глыбей прымуць да ўвагі ягоную пазыцыю.

Лінкус: «Я ў судзе сказаў, што прызнаю і ўсьведамляю тое, што адбылося, я не адмаўляю, што я зрабіў нешта няправільнае. Але вінаваціць мяне ў тым, што я зьбіваў чалавека прынамсі больш за хвіліну, які ляжаў на ходніку, нагамі, а да гэтага і кулакамі — прызнаваць гэтае глупства, якое абвяргаецца ўсімі сьведкамі, я не зьбіраюся».

Карыстаючыся нагодаю, я пацікавіўся ў Лінкуса, як ён пракамэнтуе закіды апазыцыйных актывістаў наконт таго, што, яшчэ працуючы ў Менску, ён затрымліваў актывістаў апазыцыі, зьдзекаваўся і пагражаў ім, ужываў сілу ня толькі да мужчын, але і да жанчын.

Усе гэтыя закіды Лінкус адхіляе і кажа, што пакуль цярпіць паклёп, але, магчыма, яму давядзецца зьвяртацца ў суд. Непасрэдна на абвінавачваньні з боку грамадзкай актывісткі Вольгі Карач, якая сьцьвярджала, што Лінкус біў яе нават па твары, ён заявіў «Свабодзе»:

Лінкус: «Ну няхай бы прайшла экспэртызу, калі я прымяняў сілу. Зьняць пабоі — сёньня не абавязкова ісьці ў дзяржаўную мэдэкспэртызу, калі яна ёй не давярае. Няхай ідзе ў шпіталь ці яшчэ куды-небудзь, дзе можна зьняць пабоі і потым прыцягнуць да адказнасьці. Але гэтага не адбывалася і не адбываецца, бо ніхто ёй цялесных пашкоджаньняў не наносіў».

Ва ўпраўленьні дэпартамэнту аховы па Гарадзенскай вобласьці «Свабодзе» паведамілі, што Лінкус пасьля таго інцыдэнту быў звольнены. Не аказалася на працы болей і Аляксея Сяргея. Вось што мне адказалі ва ўпраўленьні дэпартамэнту аховы па Шчучынскім раёне.

Спадарыня: «Не, ён у нас ужо не працуе, звольніўся яшчэ ўвосень».

«А вы можаце падказаць ягоны тэлефон?»

Спадарыня: «Не, мы такой інфармацыі даць ня можам».

У самім Шчучыне, дзе здарыўся інцыдэнт, людзі калі і чулі нешта пра гэтую справу, то імкнуцца лепш нічога не гаварыць.

Спадар: «Я ведаў пра гэты выпадак і па тэлебачаньні чуў, але так, каб ужо людзі голасна абмяркоўвалі, такога не было».

Спадарыня: «Я канкрэтна нічога ня чула. Але гэты Сяргей такі харошы хлопец, і яго так хутка прыбралі... У нас ня тыя людзі, каб пра такое казалі...»

Маёр Лінкус летам мінулага году быў прызначаны на пасаду начальніка ўпраўленьня Дэпартамэнту аховы МУС па Гарадзенскай вобласьці. Як было ўстаноўлена падчас суду, ён выехаў па службовых абавязках у Шчучынскі раён і там зьбіў кіраўніка раённага аддзелу «Аховы» Аляксея Сяргея.


Вольга Карач: «Гэты чалавек будзе хлусіць заўсёды!»


Вольга Карач
Вольга Карач
Грамадзкая актывіста Вольга Карач, што да выказваньняў былога міліцыянта Дзінаса Лінкуса, дала такі камэнтар Радыё Свабода:

«Як я магла зьняць пабоі, калі мяне трымалі ўсю ноч у пастарунку? Лінкус мяне ўдарыў тры разы па твары. Гэта былі даволі моцныя ўдары, і ў мяне шчака была апухлая.

Але мяне зьмясьцілі ў пастарунак у Фрунзенскім РУУС, дзе было вельмі холадна, і ў холадзе, вядома, гэтыя сьляды зьнікнуць. Плюс суд на наступны дзень, дзе мы былі фактычна да 23-й гадзіны наступнага дня. Калі б у мяне была магчымасьць адразу выйсьці і зьняць пабоі, то хапіла б нават і фатаздымкаў.

І наагул, я не перастаю зьдзіўляцца: наколькі можа хлусіць чалавек з такімі яснымі вачыма? Калі ён устаў на судзе і Горадні і сказаў, што „тут прысутнічае апазыцыя, якая можа пацьвердзіць, што нікога я не зьбіваў“, для нас гэта быў такі ўдар подласьці! Гэты чалавек будзе хлусіць заўсёды!».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG