Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары 2012: байкот ці не байкот, а назіральнікі будуць


Ня менш за тры тысячы назіральнікаў плянуе задзейнічаць падчас восеньскіх выбараў у Палату прадстаўнікоў кампанія «За справядлівыя выбары».

Гэтую лічбу «Свабодзе» назваў нацыянальны каардынатар кампаніі Віктар Карняенка. Паводле яго, бальшыня апазыцыйных структураў здолела дамовіцца пра супольныя дзеяньні ў справе назіраньня.

Віктар Карняенка кажа, што назіраньне за выбарчай кампаніяй будзе наладжана ў любым выпадку — незалежна ад таго, ці абвесьціць апазыцыя байкот гэтых выбараў. Спадар Карняенка лічыць «абсалютна рэальным мець тры тысячы назіральнікаў»:

Віктар Карняенка
Віктар Карняенка
«Мы гэтую лічбу заплянавалі з улікам нашага ранейшага досьведу. І з улікам папярэдніх размоваў з партнэрамі, у тым ліку рэгіянальнымі. Тым больш што мы ставім задачу ня проста застацца ў апазыцыйным асяродку, а далучаць да назіраньня і грамадзтва. І ўмовы для гэтага цяпер больш адпаведныя. Адразу пасьля завяршэньня апошніх прэзыдэнцкіх выбараў зьнізіўся ровень жыцьця насельніцтва. І людзі цяпер больш разумеюць, што ад выбараў залежыць іх жыцьцё».

Сярод сваіх партнэраў Віктар Карняенка называе партыі «Справядлівы сьвет» і АГП, сацыял-дэмакратаў, каманды былых кандыдатаў у прэзыдэнты Міколы Статкевіча і Андрэя Саньнікава ды іншыя структуры. Каардынатар кажа, што адмовіўся далучыцца да кампаніі рух «За свабоду». Маўляў, рухаўцы будуць весьці назіраньне самастойна.

Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч згадвае, што чатыры гады таму, на папярэдніх выбарах у Палату прадстаўнікоў, менавіта рух ініцыяваў назіраньне ў рамках АДС — Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Аднак цяпер сытуацыя зьмянілася:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч
«Мы сутыкнуліся з тым, што кампанія па назіраньні фактычна манапалізаваная адной палітычнай групай — партыяй „Справядлівы сьвет“. Мы вялі перамовы зь Сяргеем Калякіным і выказвалі жаданьне таксама далучыцца да кампаніі і ўдзельнічаць у ёй як раўназначны партнэр. У нас ёсьць досьвед, падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў рух выставіў больш за 650 назіральнікаў.

Мы выказвалі зразумелыя і, на маю думку, слушныя прапановы — каб рашэньне аб правядзеньні кампаніі прымалася супольна, што рух можа ўзяць на сябе нейкі кірунак (тое ж назіраньне альбо нешта іншае). І калі мы ўдзельнічаем у агульнай кампаніі са „Справядлівым сьветам“, то мы павінны і мець магчымасьць уплываць на прыняцьце рашэньняў. Аднак усе нашыя прапановы былі адкінутыя».

Віктар Карняенка кажа, што ён усё ж спадзяецца на паразуменьне:

«Мы будзем усё для гэтага рабіць. Тое, што існуе ў нас манаполія адной партыі альбо групы людзей, гэта абсалютна няправільна. Таму мы спадзяемся на супрацоўніцтва. У руху „За свабоду“ ёсьць патэнцыял, ёсьць людзі ў рэгіёнах. І мы будзем зьвяртацца і да кіраўніцтва, і да іх з прапановай удзельнічаць у агульнай кампаніі. Думаю, прынцыпова знайсьці пагадненьне магчыма. Я ня бачу нейкіх надзвычайных антаганістычных момантаў».

Тым часам Юрась Губарэвіч паведаміў «Свабодзе», што рух вядзе перамовы з партыямі БНФ і «зялёных», каб наладзіць супольнае назіраньне. Па ягоных падліках, тры гэтыя структуры могуць арганізаваць каля 1500 назіральнікаў. Такім чынам, патэнцыяльна на выбарчыя ўчасткі могуць прыйсьці да 4500 дэмакратычных назіральнікаў.

Гэта болей, чым было на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах, калі ў 2008 годзе АДС не набралі і паўтары тысячы. Але гэта і значна меней ад парлямэнцкіх выбараў 2000-га і прэзыдэнцкіх 2001-га гадоў, калі за выбарамі назіралі 10 000 чалавек. Мечыслаў Грыб, які кіраваў кампаніяй у той час, лічыць: цяперашнімі сіламі можна весьці толькі кропкавае назіраньне:

«У нас больш за 6000 выбарчых участкаў. А каб поўнасьцю „перакрыць“ адзін участак, трэба як мінімум чатыры чалавекі. Уявіце, пачалося датэрміновае галасаваньне, ты пайшоў дзень, другі. А далей? Калі ты не беспрацоўны альбо пэнсіянэр, то трэба ж на працу ісьці. Дый ноччу трэба паглядзець і пакантраляваць. Тут зьмена павінна быць.

Як я мяркую, трэба, каб на кожным участку адначасова знаходзіліся два чалавекі. Двум ямчэй, спрытней, зручней, бясьпечней».

Віктар Карняенка пагаджаецца: гэта быў бы ідэальны варыянт. Але калі зыходзіць з рэпрэзэнтатыўнай схемы ахопу назіраньнем выбарчых участкаў, то і тры тысячы чалавек дадуць праўдзівыя высновы пра выбарчую кампанію.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў павінны адбыцца восеньню 2012-га.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG