Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Латвіяй мяжу прыадчынілі, з Польшчай і Літвой — не


Пасьля двухгадовых перамоваў ад 1 лютага пачынаецца так званы «памежны рух» паміж Беларусьсю і Латвіяй.

Пасьля двухгадовых перамоваў ад 1 лютага пачынаецца так званы «памежны рух» паміж Беларусьсю і Латвіяй. Пагадненьне пра спрошчаны парадак паездак насельнікаў памежных тэрыторыяў дзьвюх краінаў дазваляе жыхарам 30-кілямэтровай зоны перасякаць мяжу бязь візы, але на падставе адмысловага доўгатэрміновага дазволу. Між тым аналягічныя пагадненьні зь іншымі суседзямі — Літвой і Польшчай — бакамі хоць і падпісаныя, але моц так і не набылі. Аналітыкі лічаць, што найперш гэтаму перашкаджаюць палітычныя супярэчнасьці.

У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі паведамілі, што ад сёньня людзі, незалежна ад іх грамадзянства, якія ня менш за год стала пражываюць паблізу ад мяжы, могуць афармляць дазвол на наведваньне гарадоў і мястэчак у 30-кілямэтровай зоне. Тэрмін дзеяньня дакумэнту — ад 1 да 5 гадоў, кошт збору за разгляд заявы — 20 эўра.

У кансуляце Латвіі ў Віцебску пацьвердзілі, што маюць сьпісы жыхароў, якія выказалі жаданьне скарыстаць аблегчаны пераход мяжы. Адметна, што зь беларускага боку такіх ахвотных у 20 разоў меней — 200 беларусаў супраць 4000 грамадзянаў Латвіі. У кансуляце дыспрапорцыю тлумачаць тым, што ў 30-кілямэтровую зону з латыскага боку трапілі такія буйныя гарады, як Даўгаўпілс і Краслава. Ад Беларусі — нашмат меней населеныя пункты: Браслаў, Верхнядзьвінск, Мёры. Пры гэтым амбасадар Беларусі ў Латвіі Аляксандар Герасіменка кажа, што фармальна пад дзеяньне дамовы падпадае чвэрць мільёна чалавек:

«Нарэшце мы на справе пачалі рэалізоўваць пастанову пра бязьвізавыя паездкі для насельніцтва памежных тэрыторый. Натуральна, што гэта ўспрынята зь вялікай радасьцю як жыхарамі Латвіі, так і жыхарамі Беларусі ў памежнай зоне. І, па нашых разьліках, яно будзе тычыцца прыблізна 250 тысяч чалавек з памежнай зоны дзьвюх краінаў».

Кожныя тры месяцы сьпісы ахвочых трапіць у суседнюю краіну будуць абнаўляцца. У прыватнасьці, наступная партыя прэтэндэнтаў на атрыманьне адпаведных дазволаў будзе сфармаваная да 1 красавіка.

Разам з тым аналягічны рух жыхароў беларускага памежжа з аднаго боку і літоўскага з польскім — з другога так і не запрацаваў. Пры тым, што адпаведная праца зь Літвой і Польшчай пачалася нашмат раней, чым з Латвіяй. Яшчэ летась прадстаўнік МЗС Літвы Марыюс Гудзінас заяўляў, што Вільня са свайго боку гатовая да рэалізацыі двухбаковага пагадненьня:

«Мэта зразумелая: усё, што ёсьць у межах 30 кілямэтраў — ня важна, ходзіць чалавек у суседнюю краіну па сьвежую газэту ці не, ёсьць у яго патрэба выпіць каву за мяжой ці не — але ўсё, што трапляе ў гэтыя парамэтры, нам трэба сюды ўключыць, каб арганізаваць перамяшчэньне людзей празь мяжу. Мы і працавалі з такога пункту гледжаньня, напісалі вось гэтае пагадненьне. Узгаднілі з вашым бокам, працавала вялікая дэлегацыя ваша, наша. Потым пачаліся ўнутрыдзяржаўныя працэдуры. Мы павінны былі ўзгадніць гэта з Эўрапейскім зьвязам, паколькі сам рэглямэнт, калі ён пісаўся, прадумваўся крыху па-рознаму. Але ўрэшце ўсе спрэчныя моманты былі прыведзеныя да адзіначытаньня і рэглямэнт задаволіў усіх».

У беларускім зьнешнепалітычным ведамстве прызнаюць наяўнасьць «тэхнічных» момантаў у справе арганізацыі малога памежнага руху зь Літвой, але выказваюць спадзяваньне, што неўзабаве крокі, аналягічныя латыскім, стануць рэальнасьцю і тут. Як лічаць экспэрты, прысьпешваць падобныя захады чыноўнікі ня хочуць з той прычыны, што актыўнасьць на беларуска-літоўскай мяжы непараўнальна большая, чым на латыскай. А гэта значыць, спрошчаны рэжым прывядзе да росту аб’ёмаў кантрабанды нафтапрадуктаў, прадуктаў харчаваньня, «шэрых» паставак бытавой і электроннай тэхнікі.

А вось у выпадку з Польшчай, як лічыць палітоляг Алесь Лагвінец, да замарожваньня ратыфікацыі пагадненьня аб памежным руху спрычыніўся палітычны падтэкст:

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
«Беларускія ўлады ўвогуле не зацікаўленыя ў пашырэньні кантактаў з суседнімі эўрапейскімі народамі. Менавіта таму яны заўсёды шукаюць так званага д’ябла ў дэталях, запавольваючы працэс, як у польскім выпадку, канчатковай ратыфікацыі або прымяненьня дамоваў, што яны самі падпісалі падчас дыялёгу з Эўразьвязам. Думаю, што нават у выпадку з Латвіяй працэс можа застопарыцца, бо яшчэ пытаньне, якім чынам будзе наладжаная праца па выданьні дазволаў, адпаведных папераў. То бок нейкі вялацякучы працэс збліжэньня ідзе, але бачна, што беларускія ўлады гэтым моцна і не заклапочаныя, больш за тое, яны ігнаруюць прапановы Эўрапейскай камісіі распачаць перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму, якое тычылася б усіх грамадзянаў Беларусі, а ня толькі тых, якія жывуць у памежных рэгіёнах».

З-за рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх уладаў грамадзяне Беларусі сталі закладнікамі эўрапейскіх візавых санкцый. Для беларусаў у Эўропе вызначаны самы высокі кошт візавага афармленьня шэнгенскай ды бальшыні нацыянальных візаў — 60 эўра. Але кіраўніцтва Беларусі такая сытуацыя цалкам задавальняе: чым меней шанцаў у людзей трапіць за мяжу, тым меней магчымасьці параўнаць беларускія рэаліі з жыцьцём эўрапейскіх суседзяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG