Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дамовіліся, але пагадненьне не падпісалі


Прадстаўнікі апазыцыйнай «кааліцыі шасьці» сёньня ўхвалілі плян супольных дзеяньняў на пэрыяд выбараў у Палату прадстаўнікоў, якія маюць адбыцца ў верасьні.

Аднак сумеснае пагадненьне падпісанае не было. Фармальная прычына — адсутнасьць на сёньняшнім паседжаньні лідэраў бальшыні структураў, якія ўваходзяць у кааліцыю.

Стратэгічнае пытаньне наконт будучай выбарчай кампаніі ўжо вырашанае — адзначае намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч:

«Адносна стратэгічных мэтаў мы ня маем ніякіх супярэчнасьцяў. Па-першае, мы канстатуем, што выбарчая кампанія, якая будзе праводзіцца ў Беларусі, ня можа быць прызнаная выбарамі. Ва ўмовах, калі ня будуць праведзеныя зьмены ў выбарчае заканадаўства і практыку яго ўжываньня, нельга прызнаваць вынікі гэтых выбараў.

І па-другое, калі нават зьмены і будуць унесеныя, то ва ўмовах наяўнасьці палітвязьняў падчас правядзеньня выбараў нельга прызнаваць усё роўна іх вынікі».

Віталь Рымашэўскі кажа, што ў БХД ёсьць свой сцэнар выбарчай кампаніі:

«Ён якраз прадугледжвае ўмовы для беларускіх уладаў. Гэта дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства і безумоўнае вызваленьне палітвязьняў. І калі гэтыя патрабаваньні выканаюць, тады можна казаць пра ўдзел у выбарах. Калі ж улады гэтага ня робяць, то тады мы безумоўна мусім рабіць байкот выбарам».

Аляксей Янукевіч адзначае: ключавы фактар прызнаньня альбо непрызнаньня вынікаў выбараў — гэта выкананьне ўладамі патрабаваньняў сваіх апанэнтаў. А што да тактыкі, дык тут трэба быць вельмі асьцярожнымі:
Самым горшым вынікам кампаніі будзе, калі прыхільнікі байкоту будуць інфармацыйна атакаваць тых, хто вылучае кандыдатаў, а тыя, што вылучаюць — тых, хто байкатуе.

«На нашую думку, супрацьпастаўленьне — байкот альбо не байкот, вылучэньне кандыдатаў альбо невылучэньне — гэта досыць небясьпечная тэндэнцыя. Самым горшым вынікам кампаніі будзе, калі прыхільнікі байкоту будуць інфармацыйна атакаваць тых, хто вылучае кандыдатаў, а тыя, што вылучаюць — тых, хто байкатуе. Таму вельмі важна выпрацаваць адзін сцэнар, каб усе падыходы былі аб’яднаныя».

Калі «кааліцыя шасьці» гатовая чакаць рэакцыі ўладаў на свае патрабаваньні, то рада прадстаўнікоў «Народных сходаў» ужо сёньня адназначна выступае за байкот выбараў. Яе прадстаўнік Віктар Івашкевіч тлумачыць, што трэба скарыстаць унікальны момант, калі вялікая частка насельніцтва незадаволеная дзеяньнямі ўладаў:

«Бальшыня беларусаў не зьбіраецца ісьці на гэтыя „палаткавыя“ выбары, разумеючы, што галасы па-сапраўднаму ніхто ня лічыць і ад палаты нічога не залежыць. Але гэта такое пасіўнае рашэньне — маўляў, я ня буду ні за кога галасаваць, не пайду на выбары, схаваюся. І таму задача палітычнай апазыцыі — перарабіць гэты стыхійны няўдзел у выбарах у байкот выбараў як агульнанацыянальны адказ бальшыні народу рэжыму. Маўляў, мы байкатуем твае мерапрыемствы. І вось такі байкот можа надаць людзям болей сьмеласьці ў барацьбе з рэжымам у больш актыўных формах».

Журналістам, якія за зачыненымі дзьвярыма чакалі працэдуры падпісаньня супольнага дакумэнту, арганізатары патлумачылі, што яе давялося адкласьці ў сувязі з адсутнасьцю шэрагу лідэраў. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька і лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч цяпер у Страсбуры. Старшыня партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін — у шпіталі, лідэр ініцыятывы «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў прыхварэў. Зь першых асобаў сёньня былі толькі старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч і сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня партыі БХД Віталь Рымашэўскі. Таму афіцыйнае падпісаньне агульнага дакумэнту адкладаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG