Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перадайце Лукашэнку, каб сушыў клюшкі…»


Актывісткі «Femen» пасьля гвалту над імі ў Беларусі
Актывісткі «Femen» пасьля гвалту над імі ў Беларусі

Беларуская міліцыя завяршыла праверку інцыдэнту, зьвязанага з прадстаўніцамі ўкраінскай арганізацыі «Femen», і адмовілася распачынаць крымінальную справу.

Беларуская міліцыя завяршыла праверку інцыдэнту, зьвязанага з прадстаўніцамі ўкраінскай арганізацыі «Femen», і адмовілася распачынаць крымінальную справу.

Праверку праводзіў Ельскі РУУС Гомельскай вобласьці, які паведаміў, што факты затрыманьня і зьбіцьця актывістак «Femen» не пацьвердзіліся. Лідэрка арганізацыі Ганна Гуцал заявіла, што жаночы рух «Femen» зробіць усё ад яго залежнае, каб чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі не было.

Інцыдэнт з прадстаўніцамі «Femen» здарыўся 19 сьнежня, калі актывісткі гэтага ўкраінскага жаночага руху распрануліся на прыступках беларускага КДБ і выгуквалі лёзунгі «Свабоду палітычным зьняволеным» і «Жыве Беларусь». Акцыю салідарнасьці фэміністкі прымеркавалі да гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, калі былі зьбітыя і кінутыя ў турмы сотні беларускіх грамадзян. Паводле актывістак, пасьля гэтага невядомыя людзі затрымалі іх на менскім аўтавакзале, зьбілі і пакінулі распранутымі ў лесе на мяжы з Украінай. Адмову распачаць крымінальную справу лідэрка «Femen» Ганна Гуцал пракамэнтавала гэтак:

«У падобным адказе мы не сумняваліся: ніхто нашым актывісткам не тэлефанаваў, хоць былі пакінутыя тэлефоны, ніхто не запытваў ніякіх даведак пра псыхалягічныя траўмы. Таму мы спакойна паставіліся да гэтага адказу МУС. І тое, што ніякага расьсьледаваньня не было, што ня будзе адкрывацца крымінальная справа – гаворыць пра тое, што сапраўды ў гэтым выкраданьні і ў гэтым гвалце былі задзейнічаныя праваахоўныя і КДБ-шныя органы. Наш адказ такі, можаце перадаць праз ваш партал Лукашэнку: няхай ён сушыць клюшкі – чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі ня будзе. Жаночы рух зробіць усё для таго, каб чэмпіянату не было, каб увесь сьвет, уся міжнародная супольнасьць ведала, што адбываецца ў Беларусі, як паводзяцца праваахоўныя органы і як паводзіцца дыктатар Лукашэнка».

Неўзабаве пасьля здарэньня старшыня КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў заявіў, што паведамленьні пра, нібыта, датычнасьць да гвалту над грамадзянкамі Ўкраіны супрацоўнікаў ягонага ведамства – грубая правакацыя. Але тое, што праваахоўныя органы не знайшлі падставаў, каб распачаць крымінальную справу, каб абараніць фэміністак, толькі пацьвярджае палітычную матываванасьць і датычнасьць да гэтай справы ўладаў Беларусі, кажа намесьнік кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч:

​«Было б дзіўна, каб у гэтай справе сьледзтва праводзілася. Хаця насамрэч іх можна было дапытаць і паспрабаваць высьветліць, хто ж гэта зрабіў. Магчыма, што гэта і не прадстаўнікі сілавых структур, а нейкія іншыя грамадзяне. Але гэта ня значыць, што яны павінны заставацца беспакаранымі. І тое, што крымінальная справа не была распачатая, якраз і сьведчыць на карысьць той вэрсіі, што гэта былі прадстаўнікі сілавых структур».

Украінскі жаночы рух «Femen» праводзіў свае акцыі ў шмат якіх краінах сьвету, прыцягваючы ўвагу грамадзкасьці да многіх палітычных, сацыяльных і грамадзкіх зьяў. Аднак толькі ў Беларусі зь імі адбыліся надзвычайныя здарэньні, якія засталіся недасьледаванымі. Вынікам гэтага стане дадатковая ўвага міжнароднай супольнасьці да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, мяркуе палітоляг Юры Чавусаў:

«Сам факт адмовы распачаць крымінальную справу не павялічыць і не паменшыць эфэкту ад акцыі «Femen». Гэта будзе яшчэ адна нагода адзначыць, што Беларусь – краіна неправавая, дзе ўсе інстытуты дзяржавы знаходзяцца пад кантролем аднаго цэнтру ўлады. Акцыя «Femen», не зважаючы на такую жорсткую рэакцыю ўлады, безумоўна, пасьпяховая. І сваёй мэты яна напэўна дасягнула».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG