Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаныя праз 30 гадоў


У Польшчы асудзілі частку былых камуністычных кіраўнікоў ПНР за ўвядзеньне 30 гадоў таму ў краіне ваеннага становішча.

Працэс у справе ваеннага становішча доўжыўся 4 гады. Частка падсудных, аднак, выраку не пачула, бо яны, у тым ліку і былы кіраўнік ПНР Войцех Ярузэльскі, былі выключаныя з судовага разбору на адзін год з-за дрэннага стану здароўя, двое — памерлі.

«Мы выратавалі Польшчу ад велізарнай трагедыі ў тыповым польскім стылі: давайце пачнем паўстаньне, а потым неяк будзе. Гэтае „неяк будзе“ ­— гэта былі б тысячы трупаў», — сказаў у апошнім слове былы кіраўнік МУС ПНР Чэслаў Кішчак.

Гэтаксама іншыя сьцьвярджалі, што альтэрнатывай увядзеньню ваеннага становішча была б інтэрвэнцыя войскаў Варшаўскай дамовы для здушэньня прафсаюзу «Салідарнасьць», сябрамі якога на той момант былі 10 мільёнаў чалавек.

«Натуральна, я зрабіў бы тое самае яшчэ раз і адчуваю гонар за свой тагачасны учынак», — заявіў перад выракам былы старшыня Польскай аб’яднанай працоўнай партыі Станіслаў Каня, якога прысутныя ў залі сустрэлі воклічамі: «Ганьба!», «Забойцы!»

Гісторыкі, аднак, не пацьвярджаюць гэткай гіпотэзы, заяўляючы, што няма доказаў аб тагачасным намеры СССР уварвацца на польскую тэрыторыю.

Варшаўскі акруговы суд прызнаў генэрала Кішчака вінаватым ва ўчыненьні камуністычнага злачынства і прысудзіў яму 2 гады турэмнага зьняволеньня ўмоўна. У сваю чаргу Станіслаў Каня прызнаны невінаватым.

Атмасфэра ў залі была напятай. Адзін з прысутных у залі быў затрыманы паліцыяй за тое, што забраўся на судовы стол. На адрас суду можна было пачуць воклічы: «Ганьба!», «Суд пад суд!», а таксама «На Беларусь!»

Ваеннае становішча было ўведзенае ў Польшчы 13 сьнежня 1981 году. Тысячы апазыцыянэраў былі адразу арыштаваныя, а ў розных трагічных падзеях загінулі, паводле афіцыйных зьвестак, 56 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG