Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Арлоў: «Аднойчы малы Раман запытаўся: А чаму па-беларуску гаворым толькі мы і нашыя знаёмыя»


20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме «Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці» штотыдзень у эфіры і на сайце «Радыё Свабода».

Сям’я Арловых — жывое ўвасабленьне тэмы «бацькі і дзеці незалежнасьці». Уладзімер са студэнцкіх гадоў удзельнічаў у нацыянальным дысыдэнцкім руху. 19 кастрычніка 1988 на гістарычным сходзе ў тагачасным Доме кіно стаў адным зь дзейсных заснавальнікаў створанага тады Мартыралёгу Беларусі і Беларускага Народнага Фронту. Менавіта Арлоў адкрываў мітынг на легендарныя Дзяды 88.

І менавіта Арлоў жывой чалавечай мовай патлумачыў беларусам, што такое «незалежнасьць» у цяпер ужо клясычным эсэ «Незалежнасьць гэта». У ім Уладзімер апісвае, як праз самыя звыклыя для кожнага ўчынкі можна адчуваць, што жывеш у незалежнай краіне. Так сталася і ў сям’і Арловых, у якой два сыны-беларусы — Раман і Багдан.

Уладзімер Арлоў: «Памыляецца той, хто думае, нібыта мы складалі нейкія падрабязныя выхаваўчыя пляны, дзе было б расьпісана, што рабіць у панядзелак, аўторак і сераду, што ў студзені, а што ў чэрвені. Нашая ідэя палягала ў іншым. У тым, каб дзеці, Раман і Багдан, расьлі ў беларускай сям’і. Гэта значыць, каб яны з калыскі чулі беларускую мову, беларускія казкі, песьні, каб сьвяткавалі разам з бацькамі беларускія сьвяты. Каб потым чыталі беларускія дзіцячыя кніжкі. Беларускіх мульцікаў і беларускамоўных мастацкіх фільмаў тады проста не было».



Па тым, як Уладзімер Арлоў апісвае этапы выхаваньня сыноў, верыцца, што незалежнасьць можна гадаваць, узрошчваць і, пры ўмове любові і руплівасьці, атрымаць добры вынік:

Уладзімер Арлоў: «Калі хлопцы падрасьлі, мы пачыналі браць іх у падарожжы па Беларусі. Імкнуліся, каб яны зь дзяцінства ўбачылі славутыя мясьціны нашай гісторыі. З Полацкам яны былі знаёмыя з самых юных гадоў, бо мы жылі зусім побач, у Наваполацку. Пад Нясьвіжам жылі бабуля і дзядуля Рамана і Багдана, таму яны часта бывалі ў Нясьвіжы, яшчэ вельмі малыя, яшчэ няцямленымі вачанятамі бачылі Нясьвіскі замак, а потым ужо глядзелі на яго асэнсавана. Мы наладжвалі зь імі вандроўкі зь Нясьвіжа, дзе яны былі ўлетку ў бабулі зь дзядулем, у Мір, у Наваградак. Хлопцы езьдзілі з намі ў Горадню, у Берасьце. Калі б мы жылі ў беларускай Беларусі, нічога незвычайнага ў гэтым не было б. Але вакол шумела расейскамоўная і расейскацэнтрычнае мора зрусіфікаванай Беларусі. Таму аднойчы малы Раман запытаўся: „А чаму па-беларуску гаворым толькі мы і нашыя знаёмыя?“ Мы з жонкай Валянцінай запярэчылі і паспрабавалі пераканаць хлопчыка, што такіх людзей значна болей, але ў Раманавых вачах безумоўна жыў недавер. Затое, колькі было радасьці ва ўсіх нас, калі аднойчы Раман прыбег з вуліцы і ўзрушана закрычаў: „Мама, тата, я бачыў незнаёмых людзей, якія таксама гаварылі па-беларуску!“ Тады ён зразумеў, відаць, канчаткова, што абсягі беларускай мовы значна шырэйшыя за сям’ю сваю і сем’і нашых сяброў».

Старэйшы сын Раман — музыкант, добра вядомы беларускім аматарам музыкі па гурце «J-Морс» і праекце «Ў нескладовае». Цяпер усё больш актыўна займаецца музычным прадусаваньнем: Раман Арлоў: «Усё маё жыцьцё — гэта прыклад выхаваньня маіх бацькоў. І я ўсё больш заўважаю рысаў бацькі і маці ў паводзінах. Нейкі стрыжань ува мне — гэта ад бацькоў безумоўна».

Малодшы Багдан — журналіст. Ён адзначае, што яшчэ адным такім стрыжням у іхным выхаваньні стала блізкасьць да дзядоў:

Багдан Арлоў: «У маленстве мы амаль кожнае лета праводзілі з братам
Я маю ўяўленьне пра тое, як жыла даўней і як працягвае жыць беларуская вёска ...

у вясковай хаце. Там спасьцігалі тое жыцьцё, якім жылі ў даўнейшыя часы беларусы. Мы вучыліся рабіць розныя сялянскія працы — араць поле, касіць траву, сушыць сена, пасьвіць кароў і шмат чаго іншага. Гэта была адмысловая школа жыцьця. Тры месяцы на год — чвэрць года мы жылі як сапраўдныя сялянскія дзеці, і бацькі прыяжджалі да нас раз-два на месяц усяго толькі.

Я ўдзячны лёсу, што так атрымалася, што я маю ўяўленьне пра тое, як жыла даўней і як працягвае жыць беларуская вёска.

Як звычайна ў сялянскіх сем’ях, з маленства дзеці пачыналі працаваць. Ніхто не зважаў на тое, што нам ня так багата гадоў. У вёсцы было заўсёды шмат працы, відаць, так заўсёды і будзе. Гэтую працу трэба было рабіць, і ніхто не прымаў ніякіх аргумэнтаў ці просьбаў, што хочацца пагуляць, ці паехаць на рыбалку ці яшчэ куды. Я памятаю, што для нас заўсёды было сьвята, калі ішоў дождж. Лічылася, што ў дождж працаваць нельга, хаця часам і для дажджу знаходзіліся нейкія работы.

Кніга Ўладзімера Арлова «Адкуль наш род» — першая крыніца, зь якой дзеці ў беларускім сем’ях даведваюцца пра нашую гісторыю. Абодва малодшыя Арловы ўдзячныя бацькам за добрую адукацыю і за тое, як шмат зрабілі бацькі для таго, каб іхняя адукацыя была сапраўды беларускай.

Распавядае Ўладзімер Арлоў: "Для старэйшага нашага Рамана магчымасьці вучыцца па-беларуску не было. Часы былі такія, калі гэтак званыя беларускамоўныя школы заставаліся толькі па вёсках, была адна школка ў Менску, якая ўвогуле здавалася амаль што міфічнай. Таму ён пайшоў
Каб ён і адчуваў і разумеў, што расейская — гэта ня лепшая, не вышэйшая, што гэта проста іншае, што гэта, па сутнасьці, чужое, накінутае нам ...

у расейскамоўную першую клясу. І як бы гэта запатрабавала ад нас пэўных новых намаганьняў, каб хлопец усё ж такі заставаўся беларускамоўным, беларуска арыентаваным, Каб ён і адчуваў, і разумеў, што расейская — гэта ня лепшая, не вышэйшая, што гэта проста іншае, што гэта, па сутнасьці, чужое, накінутае нам.

Калі надышоў час ісьці ў школу нашаму малодшаму, Багдану. Сытуацыя ў краіне ўжо была іншая. Дзьмулі новыя, сьвежыя вятры. Па ўсёй Беларусі бацькі змагаліся за стварэньне беларускіх клясаў для сваіх дзетак.

Ну і калі казаць пра першыя школьныя гады нашых хлопцаў, то мне згадваецца, што на розных школьных конкурсах, у прыватнасьці, на конкурсах чытальнікаў, яны выбіралі якраз беларускія тэмы, беларускія вершы. І вось памятаю, як Багдан на гарадзкім конкурсе чытальнікаў яшчэ ў Наваполацку чытаў верш Максыма Багдановіча

«Ты ня згасьнеш, ясная зараначка.

Ты яшчэ асьвеціш родны край.

Беларусь мая! Краіна-браначка!

Ўстань, свабодны шлях

сабе шукай.»


Багдану ўжо пашчасьціла вучыцца ў гуманітарным ліцэі«.

Багдан Арлоў: «Зь ліцэем зьвязаны такі момант сталеньня, калі за свае правы трэба змагацца. Першая спроба зачыніць ліцэй здарылася, калі я скончыў другі курс. Гэта дзяватая кляса. У нас паспрабавалі забраць будынак. І мы, дзеці, разам з бацькамі ўсё лета ваявалі за права навучацца ў цэнтры горада і за права ўвогуле навучацца і вучыць тое, што нам патрэбна, і тое, што нам падабаецца. І мы перамаглі. Я памятаю, што ў апошні дзень лета нас прыняў Ўладзімер Замяталін у сваім кабінэце, у Доме ўраду. Прыняў, падарыў нам кніжкі, папрасіў больш не бунтаваць і адмяніў той указ, які ён падпісаў у пачатку лета аб тым, што будынак ліцэя адбіраецца, а нам выдзяляюць нейкі фіктыўны будынак у Шабанах. Гэтага будынку і не існавала. Фактычна, гэта была спроба пазбавіць нас будынку і ня даць нічога ўзамен. Гэта была таксама гісторыя сталеньня. Без маіх бацькоў яе б не адбылося».

Раман і Багдан Арловы
Раман і Багдан Арловы


Радыё Свабода: «Спадар Уладзімер, што вы будзеце распавядаць сваім унукам пра маленства сыноў?»

Уладзімер Арлоў: «Мне ўяўляецца, што найперш самі Раман з Багданам будуць займацца выхаваньнем сваіх дзяцей і расказваць пра сябе, пра сваё ў нечым нават гераічнае мінулае, пра канцэрты гурта „J-Морс“, альбо пра праект „Ў нескладовае“, які прыдумаў Раман з Вадзімам Марголіным. Напэўна, слухачы-чытачы „Свабоды“ ведаюць, што Раман прафэсійна займаецца музыкай, напісаў некалькі дзясяткаў беларускіх песьняў. А Багдан, магчыма, раскажа сваім дзецям (а калі не, то калі-небудзь і мы дапаможам яму) пра тое, як ён калісьці ў 14 гадоў апынуўся ў адной турэмнай камэры з праваабаронцам Валерам Шчукіным. Як непаўнагадовы быў вызвалены ўначы, калі бацькі да яго прыехалі. Можа быць, ён раскажа ім і пра плошчу 2006 года. Пра тое, як з сябрамі ў камэры зьляпіў з хлебнага мякішу шахматы ў тыя дні, калі быў у зьняволеньні. Яшчэ, напэўна, Багдан зможа парасказваць пра тое, якім ён быў дый застаецца футбольным заўзятарам. Пра тое, як ледзьве атрымаўшы пашпарт пачаў езьдзіць на гульні нашай нацыянальнай зборнай, нашых клюбаў, што ўдзельнічалі ў эўрапейскіх турнірах».



У такіх сем’ях, як Арловы, значныя для краіны падзеі часта азначаюць яшчэ і падзеі сямейнай гісторыі:

Уладзімер Арлоў: «Натуральна, што нашыя дзеці ведалі з малых гадоў галоўныя падзеі беларускай гісторыі, ведалі, што здарылася 25 сакавіка, ведалі пра Грунвальдзкую бітву, Аршанскую бітву. І безумоўна, яны ведалі пра нашы нацыянальныя сымбалі. І сталася так, што якраз 19 верасьня 1991 году на дзень нараджэньня Багдана, Вярхоўны Савет Беларусі зацьвердзіў Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг у якасьці дзяржаўных. І тады ў нас на гаўбцы, у Серабранцы, дзе мы ў той час жылі, Багдан урачыста ўздымаў бел-чырвона-белы сьцяг. Я думаю, што такія моманты безумоўна застаюцца ў памяці надоўга, калі не назаўсёды».



Але яшчэ раней гістарычны лёс распарадзіўся так, што на адзін са сваіх дзён народзінаў Уладзімер Арлоў атрымаў найбольш жаданы падарунак — незалежнасьць Беларусі.

Уладзімер Арлоў: «25 жніўня 1991 году ўвечары да мяне прыйшлі ў госьці
У мяне было спадзяваньне, што дзень 25 жніўня будзе дзяржаўным сьвятам ...

некалькі дэпутатаў Вярхоўнага Савету на чале зь Лявонам Баршчэўскім. Яны прынесьлі мне ў падарунак кавалак граніту адбіты ад будынку тагачаснага ЦК КПБ, які быў узяты ў той дзень у аблогу і дзе адбывалася антыкамуністычная маніфэстацыя. Натуральна, што дзеці, па сутнасьці, таксама атрымалі такі падарунак разам са мной. У мяне было спадзяваньне, што дзень 25 жніўня будзе дзяржаўным сьвятам. Пакуль што гэта мара не спраўдзілася, але я не губляю надзеі і думаю, што калі-небудзь мой дзень народзінаў мы будзем зь дзецьмі і ўнукамі сьвяткаваць у дзень аднаго з галоўных дзяржаўных сьвятаў дэмакратычнай Беларусі. Але і цяпер заўсёды згадваецца, што 25 жніўня — гэта ня проста дзень майго нараджэньня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG