Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасольства Польшчы ня выселяць яшчэ паўгода


Бліжэйшыя паўгода пасольства Польшчы ў Беларусі будзе працаваць на ранейшым месцы па адрасе Румянцава, 6. Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар польскай дыпмісіі Павал Марчук, дагавор аб арэндзе будынка, які заканчваецца 31 студзеня, падоўжаны яшчэ на паўгода.


«Потым мы будзем працаваць на вуліцы Бядулі, там у бізнес-цэнтры будзем здымаць офіс, — распавёў Марчук. — Цяпер мы афармляем дазвол на пераезд у новы офіс, які будзем займаць да таго моманту, як пабудуем ўласны будынак».

Раней на прэс-канфэрэнцыі ў Менску 22 сьнежня амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка заяўляў, што яшчэ ня ведае, дзе будзе працаваць пасольства ад 1 студзеня. На той момант, паводле яго словаў, польскі бок яшчэ не атрымаў адказу ад «Дыпсэрвісу» (прадпрыемства Упраўленьня справамі прэзыдэнта). «Сытуацыя складаная, але не безнадзейная, — сказаў пасол. — Мы ўжо атрымалі ад МЗС Беларусі дазвол памяняць юрыдычны адрас. На гэтым тыдні падпішам папярэдні дагавор з уласьнікам новага будынку, потым — дадатковыя перамовы па ўмовах. На ўсё гэта патрэбны час. Спадзяюся, што беларускі бок разумее, што ня толькі мы вінаватыя ў гэтай сытуацыі, і будзе дзейнічаць у адпаведнасьці з дыпляматычнымі пагадненьнямі».

Раней, у верасьні, Шарэпка заяўляў, што ў польскага боку не атрымоўваецца ўзгадніць з беларускім МЗС варыянты разьмяшчэньня дыппрадстаўніцтва ў Менску. «На нашыя запыты мы не атрымалі ніякага афіцыйнага адказу з боку» Дыпсэрвісу". Пасьля паўторных просьбаў былі два варыянты, якія нам не падышлі, паколькі ў адным будынку нельга нават кандыцыянэр падключыць, а другі занадта маленькі, увесь пэрсанал амбасады там ня зьмесьціцца" , - казаў дыплямат.

Ён таксама паведаміў, што амбасада самастойна знайшла будынак. «Але гэта прыватны будынак, і цяпер ўладальнік завяршае працэс афармленьня ўсіх дакумэнтаў. Пасьля гэтага мы павінны будзем яшчэ раз зьвярнуцца ў» Дыпсэрвіс", каб атрымаць дазвол пачаць нейкія працы. Гэта зойме паўгода», — адзначыў Шарэпка.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, у сваю чаргу, заявіў: «Да нашага вялікага шкадаваньня, у сваіх заявах з нагоды будынку амбасадар Польшчы спадар Шарэпка моцна хітруе». Паводле яго слоў, «польскі бок з поўным захаваньнем усіх юрыдычных працэдураў быў апавешчаны аб спыненьні кантракту на арэнду будынку амбасады яшчэ пяць гадоў таму».
Савіных таксама паведаміў, што ў 2008 годзе польскай амбасадзе быў выдзелены ўчастак зямлі ў прэстыжным месцы Менску для будаўніцтва новага будынку.

«Польскі бок пагадзіўся з гэтай прапановай і падпісаў адпаведны прававы акт. Далей польскі бок проста не прадпрымаў ніякіх бачных для нас дзеяньняў. На жаль, мы ўсё часьцей і часьцей сутыкаемся з прыкладамі, калі за гучнымі фразамі і дэманстратыўнымі позамі польскай дыпляматыі хаваецца адсутнасьць здаровага сэнсу, а часам, як у гэтым канкрэтным выпадку, — звычайная безадказнасьць», — сьцьвярджаў у верасьні прадстаўнік МЗС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG