Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непрыемны навагодні сюрпрыз ад МТІС


Ад 1 студзеня апэратар кабэльнага тэлебачаньня «Менскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі» адключыў канал Euronews. Замест яго ідзе расейскі канал «НТВ+киноплюс». Euronews быў адзіным тэлеканалам у пакетах менчукоў, які аб’ектыўна падаваў міжнародныя, а часам і беларускія навіны.

«Трансьляцыя тэлеканалу Euronews часова спыненая ў сувязі з тым, што расейскія праваўладальнікі паднялі цану. Перамовы вядуцца, але плёну яны пакуль не далі. Пасьля навагодніх сьвятаў мы адновім перамовы», — паведамілі карэспандэнту Interfax у МТІС.

Як адзначылі ў кампаніі, тэлеканал Euronews быў адным з самых папулярных у пакеце вяшчаньня. «Усе праясьніцца да лютага, можа, крыху раней», — паабяцалі ў МТІС.

Перамовы вядуцца, але плёну яны пакуль не далі. Пасьля навагодніх сьвятаў мы адновім перамовы...
Анансаваўшы замену эўрапейскага інфармацыйнага тэлеканалу на чарговы забаўляльны, кампанія МТІС толькі заявіла на сваім сайце: «Кінаманаў чакае яшчэ адзін прыемны сюрпрыз».

Канал Euronews шмат перадаваў пра Беларусь у час важных палітычных падзеяў у краіне. 20 сьнежня мінулага году ён падрабязна паведаміў пра напад невядомых на актывістак FEMEN пасьля акцыі на ганку КДБ Беларусі.

Летам, у разгар маўклівых акцыяў пратэсту, Euronews даваў падрабязныя рэпартажы зь Менску.

20 сьнежня 2010 году, адразу пасьля крывавага разгону Плошчы, Euronews узяў інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі, першым паставіўшы нязручнае пытаньне пра стан зьбітага кандыдата Ўладзімера Някляева.

Нэрвова Аляксандар Лукашэнка паставіўся да асьвятленьня тэлеканалам Euronews падзеяў «арабскай вясны». 21 красавіка мінулага году, выступаючы са штогадовым пасланьнем, ён накінуўся на гэты тэлеканал:

«Вазьміце Euronews, які мы ўсе глядзім. І вось гэты сродак масавай інфармацыі — гэта зброя ў руках гэтых вось бандытаў».

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:58 0:00
Наўпроставы лінк

Паводле незалежнага спэцыяліста ў галіне тэлебачаньня Леаніда Міндліна, Euronews быў у Беларусі рэйтынгавым інфармацыйным тэлеканалам, яго аўдыторыя даходзіла да 15 адсоткаў:

«Гэта было акенца ў сьвет. Тыя беларускія тэлегледачы, якія ня маюць спадарожнікавай антэны, атрымлівалі даволі аб’ёмную і якасную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў сьвеце, і, безумоўна, пра тое, што адбывалася ў Беларусі. Я памятаю, што ў 2010 годзе, калі былі выбары, даволі шмат інфармацыі яны давалі пра Беларусь».
Гэта чарговае глупства, бо той, каго цікавіць інфармацыя, — ён яе атрымае, у тым ліку і як тэлекарцінку, у інтэрнэце ...

Чаму трансьляцыю гэтага тэлеканала ў МТІС адключылі? У спадара Міндліна ёсьць некалькі вэрсіяў: або верх узялі палітычныя матывы, або бакі не дайшлі да згоды наконт фінансавых пытаньняў арганізацыі вяшчаньня:

«З пункту гледжаньня ўладаў, любая інфармацыя павінна быць пад кантролем. Калі паглядзець на тое, што рабіў Euronews, то ён ня вельмі падабаўся нашым уладам. Таму магчыма, што гэта і была асноўная прычына. Але гэта чарговае глупства, бо той, каго цікавіць інфармацыя, — ён яе атрымае, у тым ліку і як тэлекарцінку, у інтэрнэце. А той, каму гэта вельмі важна, паставіць сабе спадарожнікавую талерку і будзе прымаць сотні каналаў, у тым ліку і інфармацыйных».

Тэлеканал Euronews застаецца даступным беларускім гледачам, якія маюць спадарожнікавыя прымачы, а таксама тым, хто падпісаў дамовы на паслугі зь іншымі кампаніямі (напрыклад «Космас-ТБ»), што працягваюць вяшчаньне гэтага каналу ў сваіх сетках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG