Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі на плошчы


1991-ы вачыма ўдзельніка

Апошнія дні гэтага году, на які прыпала 20–годзьдзе беларускай Незалежнасьці, вызначыліся для мяне дзьвюма дыскусіямі вакол пытаньняў, якія тычацца менавіта той гістарычнай падзеі.

Падаецца, адказ на гэтыя пытаньні будзе лягічным завяршэньнем цыклю, які на працягу году зьяўляўся на сайце і ў эфіры Свабоды.

Які дзень лічыць днём, калі Беларусь атрымала Незалежнасьць?

Хто найбольш прычыніўся да здабыцьця Незалежнасьці?

БЕЛАРУСКІ ПОГЛЯД

Афіцыйная прэса 25 жніўня цалкам праігнаравала гадавіну наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнага статусу, затое шмат казала пра Віскулёўскія пагадненьні – у рэчышчы выказваньня Лукашэнкі, які калісьці ўжыў тэрмін “злачынства”. Маскоўскае інфармацыйнае поле і да гэтага часу мае моцны ўплыў на Беларусь. Шмат перадач, інтэрвію ды рэпартажаў прысьвяцілі гадавіне Белавескіх пагадненьняў і маскоўскія СМІ – менавіта як “геапалітычнай катастрофе” (вядомы выраз Пуціна; немагчыма ўявіць, каб канцлер Аўстрыі распад Аўстра-Вугорскай імпэрыі назваў “геапалітычнай катастрофай”, а палітыкі, аналітыкі, пісьменьнікі ды артысты дый простыя людзі ў Вене, Зальцбургу ці Лінцу лілі сьлёзы і скуголілі, што “развалілі вялікую краіну”).

У выніку для чытача, слухача ды гледача, якія ня маюць доступу да незалежнай прэсы, распад СССР і незалежнасьць Беларусі зьліваюцца ў аднаімгненную падзею і атаясамліваюцца выключна зь Віскулямі. Зрэшты, такі погляд выяўляюць і некаторыя незалежныя журналісты і дасьледчыкі.

Насамрэч, гэта два розныя працэсы (хаця і цесна ўвязаныя паміж сабой) – здабыцьцё Беларусьсю Незалежнасьці і распад савецкай імпэрыі.


Жнівень 1991-га, Менск
Жнівень 1991-га, Менск
Распад СССР ня мае канкрэтнай даты (6 верасьня 1991 г. зьезд народных дэпутатаў СССР прызнаў незалежнасьць рэспублік Балтыі, 8 сьнежня ў Віскулях дамову аб скасаваньні СССР падпісалі правапераемнікі яго заснавальнікаў, 21 сьнежня ў Алма-Аце яе ўхвалілі яшчэ восем лідэраў савецкіх рэспублік, 25 сьнежня падаў у адстаўку прэзыдэнт Гарбачоў і з крамлёўскага купала спусьцілі чырвоны сьцяг СССР, а 26 сьнежня правапераемнік Вярхоўнага Савету СССР прыняў пастанову аб ліквідацыі СССР як суб’екту міжнароднага права ад 31 сьнежня 1991 г.).

Працэс аднаўленьня Незалежнасьці таксама заняў не адзін месяц і нават не адзін год, але ў прававым ды палітычным сэнсах ён вызначаны канкрэтным днём – 25 жніўня 1991 году.

Менавіта з 25 жніўня 1991 г. Беларусь зрабілася незалежнай краінай, у юрыдычным сэнсе – у гэткім самым аб’ёме, як Польшча, Францыя, ЗША ці Вялікабрытанія; канешне, трэба было ствараць уласнае войска, уласную валюту, але нідзе гэта не рабілася за адзін дзень.

І важнасьць моманту, дарэчы, вельмі добра адчувалася ўжо ў тыя дні – напрыклад, газэта “Звязда” выйшла з шапкай праз усю першую паласу “Беларусь – незалежная!”.


Газэта Звязда, 27 жніўня 1991 г.
Газэта Звязда, 27 жніўня 1991 г.



Але – запярэчаць мне – важна, як тая ці іншая падзея ўспрымаецца ў грамадзтве, ці памятаюць пра яе ўвогуле.

Гэта праўда. У сучаснай Беларусі дзень 25 жніўня афіцыйна замоўчваецца, затое ўсяму, што зьвязана з распадам СССР, надаецца пэўная ўвага (хай і ў адмоўным сэнсе). Безумоўна, дэмакратычная грамадзкасьць станоўча ацэньвае Белавескія пагадненьні, і многія лічаць іх адлікам незалежнасьці Беларусі. Як сказаў адзін былы дэпутат Вярхоўнага Савету, які ў момант падпісаньня ў Віскулях быў у замежнай камандзіроўцы: “Я выяжджаў з СССР, а вярнуўся ў Рэспубліку Беларусь”. Станіслаў Шушкевіч, гаворачы пра Віскулі, заўважае, што ўпершыню за 200 гадоў Расея прызнала Беларусь сувэрэннай дзяржавай, пра што, як ён выказваецца, “бээнэфаўцы і марыць не маглі”.

Такія ацэнкі мы чуем цяпер, праз дваццаць гадоў. А яшчэ праз дваццаць?

Зрэшты, для ўсьведамленьня значнасьці падзеяў чым большы адрэзак часу – тым лепей. Возьмем тэрмін разоў у дзесяць большы. Тым больш, што маем прыклад народаў з даўняй традыцыяй сьвяткаваньня незалежнасьці.

Днямі я правёў невялікае апытаньне сярод маіх амэрыканскіх знаёмых. Усе апытаныя скончылі амэрыканскія ўнівэрсытэты, усе дасягнулі прафэсійных посьпехаў, некаторыя маюць навуковыя ступені і прафэсарскія званьні.

Я спытаўся: што гаворыць вам дзень 3 верасьня 1783 году? Чым адметная гэтая дата ў амэрыканскай гісторыі? Што значыць яна для ЗША?

Не адказаў ніхто.

Затое другое маё пытаньне – а што азначае 4 ліпеня 1776 году? – практычна ўсе ўспрынялі з насьцярогай: а што гэта ты маеш на ўвазе, ці ня лічыш ты мяне за дурня, у чым тут падвох, ясна ж – гэта дзень Незалежнасьці ЗША, кожны школьнік ведае.

Пра дзень 3 верасьня 1783 году, па словах Багдана Андрусішына (Данчыка), не казалі ні ў школе, ні ва ўнівэрсытэтах. Напэўна, думаю, усё ж казалі, але гэтая дата сьцёрлася імгненна з памяці, як і тысячы іншых датаў, пра якія ўсе мы чулі ў свой час на ўроках ды лекцыях.

Прафэсар Паўліна Сурвіла сказала, што на той год, як яна памятае, прыпадае нейкая падзея ў ВКЛ, але вось жа сорам – забылася, якая менавіта. Наконт таго, што забылася, чым гэтая дата адзначана ў амэрыканскай гісторыі, прафэсар ніякага сораму ня выказала – сапраўды, усё не запомніш.

Між тым, менавіта 3 верасьня 1783 году была падпісаная Вэрсальская мірная дамова (удзельнічалі Вялікая Брытанія, Францыя, Гішпанія і ЗША), адным з элемэнтаў якой было прызнаньне Вялікай Брытаніяй незалежнасьці ЗША, і тым самым Лёндан перастаў лічыць Штаты сваімі калёніямі.

So what? Ну і што? – перапытала мая калега Джулія. – Якая мне розьніца, хто там і калі нешта падпісаў? Гэта іх справа. Нам важна, калі мы самі заявілі пра незалежнасьць Амэрыкі.

І сапраўды, гэта як і ў жыцьці чалавека: дзень народзінаў мы адзначаем у дзень, калі нарадзіліся, а не калі ў канторы зроблены рэгістрацыйны запіс ці выдадзена адпаведнае пасьведчаньне.

Таму былыя калёніі Брытанскай імпэрыі сьвяткуюць абвяшчэньне незалежнасьці, а не распад Брытанскай імпэрыі.

Усё гэта можа падацца вартым увагі толькі вузкага кола адмыслоўцаў і гісторыкаў, калі б не адна акалічнасьць.

Вылучэньне на першае месца распаду імпэрыі і падзеяў зь ёй зьвязаных – гэта погляд з самой гэтай былой імпэрыі, зь яе цэнтру. У нашым выпадку – з Масквы.

Больш як дваццаць пяць гадоў таму, яшчэ да пачатку апошняй хвалі Адраджэньня, Сяргей Абламейка напісаў у самвыдаце, што беларускія гісторыкі павінны глядзець на гісторыю беларускімі вачыма.

Прайшло шмат часу, але і ў гісторыкаў, і ў палітыкаў, і ў журналістаў, шмат у каго з тых, хто фармуе грамадзкую думку, погляд гэты (ва ўсялякім разе, на падзеі нядаўняга часу) – застаецца ўсё яшчэ маскоўскім.

А ШТО БЫЛО Б БЯЗ ФРОНТУ?

Сапраўды – што было б?

Канешне, падзеі, якія адбываліся ў Беларусі на мяжы 80-90-ых гадоў, нельга разглядаць па-за кантэкстам агульнага працэсу дэмакратызацыі і актывізацыі нацыянальных рухаў у СССР, дый ва Усходняй Эўропе.

Прынята лічыць, што пачатак быў пакладзены галоснасьцю і перабудовай, ініцыяванымі Гарбачовым. У значнай ступені гэта праўда. Але праўда і тое, што Гарбачоў зусім ня прагнуў ні дэмантажу Варшаўскага блёку, ні зьнішчэньня КПСС і, шырэй, камуністычнай сыстэмы, і ўжо ніколі не жадаў ён распаду СССР. Усё, да чаго імкнуўся Гарбачоў – гэта “сацыялізм з чалавечым тварам”; калі казаць больш дакладна – зь “ленінскім” тварам (пра гэта сьведчаць і “адкрытыя” заявы ў прэсе ў 1985-1990 гг, і “закрытыя” тады пратаколы і запісы пасяджэньняў Палітбюро).

Атрымалася зусім ня так, як хацеў ініцыятар перабудовы: дэмакратычныя рухі ва Ўсходняй Эўропе вырвалі свае краіны з сацыялістычнага канцлягеру, а нацыянальна-вызвольныя рухі рэспублік СССР прывялі свае народы да незалежнасьці.

І у кожнага народа быў свой палітычны авангард; у нас гэта быў Беларускі Народны Фронт.

Тым, хто сумняваецца ў гэтым (а такія ёсьць) і лічыць, што Беларусь атрымала б незалежнасьць, калі б БНФу і не было – прапаную вельмі простую працэдуру з гэтым самым “калі”. А менавіта – уявіць, што ў 1991 годзе гэтага руху няма. Адпаведна, няма і фронтаўскіх прадстаўнікоў у Вярхоўным Савеце.

Можна абсалютна пэўна сьцьвярджаць, што ў такім выпадку і ніякага абвяшчэньня Незалежнасьці 25 жніўня не адбылося б – бо гэта менавіта дэпутаты Апазыцыі БНФ патрабавалі зь першых хвілінаў сэсіі наданьня канстытуцыйнай сілы Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, насуперак меркаваньню ўсёй парлямэнцкай большасьці. І менавіта дэпутаты БНФ прымусілі Дземянцея сысьці ў адстаўку, што ў самім працэсе савецкай імпэрыі адыграе вельмі важную ролю. І ня варта параўноўваць Беларусь з Украінай, дзе і камуністычныя сакратары выступалі за незалежнасьць – у нас камуністычны партыйны апарат быў адданы ідэі захаваньня СССР.

Уласна, не было б і самой надзвычайнай сэсіі – бо менавіта дэпутаты БНФ дамагліся на пасяджэньні Прэзыдыюму ВС яе прызначэньня.

У выніку, Беларусь заставалася б у складзе СССР. Напрыклад, разам з Расеяй і Казахстанам. Залішне казаць, што і абвяшчэньня “Пагоні” і бел-чырвона-белага сьцяга дзяржаўнымі сымбалямі б не адбылося.

Але ж, запярэчаць мне, у рэшце рэшт і Казахстан абвясьціў незалежнасьць – 16 сьнежня, праз тыдзень пасьля Віскулёў. Хай і са спазьненьнем, але абвясьціў.

Вось менавіта – пасьля таго, як распад імпэрыі стаў відавочным (і Казахстан у гэтым сэнсе ёсьць фэномэн, што, у значнай ступені, тлумачыцца палітычнай прывязанасьцю Назарбаева да Гарбачова; як вядома, апошні абяцаў казахскаму лідэру пасаду прэм’ера ў “абноўленай садружнасьці”). Але я вельмі сумняваюся, што Дземянцей, калі б ён быў у Віскулях у якасьці старшыні Вярхоўнага Савету, падпісаў бы Белавескае пагадненьне, як гэта зрабіў Шушкевіч (уласна, пры чым тут мае меркаваньні, калі сам Дземянцей і тады, і цяпер кажа, што ніколі не паставіў бы свой подпіс пад дакумэнтам аб развале СССР. Добра ведаючы Мікалая Іванавіча, менавіта гэтым ягоным словам я веру абсалютна).

Канешне, рана ці позна Беларусь дасягнула б Незалежнасьці – але застаецца гадаць, якім коштам. І гэтае “позна” магло б вымярацца дзесяцігодзьдзямі.

Але ўсё гэта – шмат у чым абстрактныя разважаньні. Першым адкрыта ідэю беларускай Незалежнасьці як палітычную вылучыў Пазьняк на Сойме БНФ у траўні 1990 году, і абвешчана яна была 25 жніўня 1991 г. І гэта – дакладныя гістарычныя факты.

ТЫЯ, ХТО ВЫЗНАЧЫЎ ЛЁС

Былі людзі, якія ў здабыцьці Незалежнасьці адыгралі вызначальную ролю, і без якіх намаганьні палітыкаў былі б марнымі. Уласна, гэта яны і фармавалі палітыку. Не ў кабінэтах і залях, а на плошчы.

Гэта – людзі, якія цягам усяго 91-га прыходзілі да Дому ўраду, на іншыя плошчы сталіцы, гарадоў і мястэчак.

Гэта тыя, хто ў сакавіку прыйшоў на мітынг супраць рэфэрэндуму аб захаваньні СССР, убачыўшы ў гарбачоўскай ініцыятыве казуістычную спробу ўратаваць імпэрыю нібыта воляй “ўсяго савецкага народу” – калі памкненьні “маленькіх” народаў (і нашага суседа, літоўскага) у студзені спрабавалі раздушыць танкамі.


Рабочы страйк у Менску. Красавік 1991 г.
Рабочы страйк у Менску. Красавік 1991 г.
Гэта рабочыя, якія пакінулі заводзкія прахадныя і выйшлі спачатку на Даўгабродзкую, а потым арганізаванымі калёнамі дайшлі да Дому ўраду. Тое была, як тады казалі, “не бээнэфаўская публіка”, і, прызнаюся, у першыя хвіліны выступу перад той сотняй тысяч людзей я адчуў нейкую іх насьцярожанасьць і нават пачуў “Говори по-русски!” – ды ня тыя галасы вызначылі ўрэшце танальнасьць плошчы – а просьба старшыні страйкаму Трактарнага заводу Веры Церлюкевіч – пачытайце вершы Янкі Купалы! Страйкоўцы выйшлі з прахадных з патрабаваньнем зьнізіць цэны і ўзьняць зарплаты – а ў Дом ураду іх лідэры ўнесьлі патрабаваньні вывесьці камуністычныя парткамы з заводаў і надаць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйны статус.


І, канешне, тыя дзьве-тры сотні сьмелых, якія сабраліся ўвечары 19 жніўня, у першы дзень ГКЧП, і тысяча, што выйшла на наступны дзень; празь некалькі гадоў я перадаў Гарбачову фатаздымак менскага мітынгоўца з надпісам на партрэце арыштаванага ў Фаросе генсека “Яго – сёньня, цябе – заўтра”. У той дзень людзі на плошчы ня ведалі, што будзе заўтра – зусім магчыма, усіх упіхнулі б у тыя восем закратаваных вагонаў, якія падагналі на менскую станцыю “Радыятарная”. Праўда, маглі б памаліцца – на плошчы разам з намі быў уніяцкі сьвятар, дыякан Андрусь Абламейка. Але на наступны дзень путч праваліўся. І тыя два дні, якія заставаліся нам да сэсіі, і былі скарыстаныя для выпрацоўкі законапраектаў – мы бачылі з трэцяга паверху Дому ўраду, з нашага 363-га пакою, некалькі чалавек пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Здаецца, яны стаялі на плошчы нават уначы, што да позьняга вечара – дык дакладна, бо сьпяшаючыся на апошні цягнік мэтро, я пасьпеў перакінуцца зь імі некалькімі словамі.



А раніцай 24-га жніўня людзей на плошчы ізноў сабралася некалькі тысячаў – і дэпутаты ішлі на сэсію ўздоўж транспарантаў з заклікамі аб адстаўцы Дземянцея, аб забароне КПБ-КПСС, аб поўнай Незалежнасьці і выбарах новага Вярхоўнага Савету. На плошчу вывелі прамую трансьляцыю, была і радыётрансьляцыя на ўсю Беларусь – і калі ў пачатку сэсіі дэпутацкая большасьць не пажадала ўключаць у парадак дня прапановы Апазыцыі БНФ, мы ад мікрафонаў зьвярнуліся наўпрост да жыхароў Менску: прыходзьце, нам патрэбна вашая падтрымка. Праз гадзіну ўся плошча, здавалася, была запоўненая людзьмі. Але на наступны дзень, 25 жніўня, прыйшло людзей яшчэ болей – і гэты шум плошчы даходзіў праз вокны і дзьверы ў Авальную залю. Камуністы вельмі баяліся, што плошча сфармуе “нацыянальную гвардыю”, якая ўвойдзе ў залю пасяджэньняў і падмацуе парлямэнцкія выступы дэпутатаў БНФ непарлямэнцкімі аргумэнтамі.


Увечары 25 жніўня, калі Дэклярацыі аб сувэрэнітэце быў нарэшце нададзены статус канстытуцыйнай сілы, людзі на плошчы сьвяткавалі перамогу, і Пётра Садоўскі ўзьняўся на аўтамабіль з апаратурай і ня маючы словаў ад шчасьця, засьпяваў купалаўскую “А ў бары-бары тры дарожанькі...”

Кожны з тых, хто прыходзіў у 91-ым на плошчу – прыходзіў рабіць гісторыю.

І разам яны зрабілі незалежную Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG