Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Горш было толькі ў 1999-2000 гадах, калі зьнікалі людзі»


У 2011 годзе за ўдзел у палітычных акцыях у Беларусі былі рэпрэсаваныя больш за тысячу чалавек: пакараныя штрафам, адміністрацыйным зьняволеньнем, патрапілі пад крымінальны перасьлед.

Праваабаронцы заяўляюць, што палітычны перасьлед набыў масавы і жорсткі характар.

Больша за год знаходзяцца ў турме два былыя кандыдаты на прэзыдэнта — Андрэй Саньнікаў і Мікола Статкевіч, а таксама ўдзельнік акцыі пратэсту 19 сьнежня Зьміцер Бандарэнка. Маладафронтаўцы Эдуард Лобаў і Зьміцер Дашкевіч былі зьняволеныя яшчэ напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, а лідар хрысьціянскіх дэмакратаў Павал Севярынец пасьля арышту адпраўлены на так званую хімію. За ўдзел у масавых пратэстах больш за 40 чалавек атрымалі па 3-4 гады турмы. Днямі Марына Адамовіч за кратамі пабралася шлюбам зь Міколам Статкевічам. Яна мяркуе, што група палітвязьняў, якія застаюцца за кратамі, — асабліва непакоіць улады:

Марына Адамовіч
Марына Адамовіч
«Гэтыя людзі, пэўна, выклікаюць найбольшы страх, найбольш турбуюць тых, хто хоча любым коштам захаваць уладу. Таксама, мабыць, ёсьць элемэнты асабістай нянавісьці і асабістага страху. У гэтым выпадку нічога ж не паддаецца разумнаму вытлумачэньню. Вельмі вялікая колькасьць маладых людзей, якія сталіся ахвярамі тых брутальных разборак, таксама патрапілі за краты ў якасьці „ілюстрацыі“ масавых беспарадкаў. Бо калі б не было затрыманых, то цяжка было б казаць пра масавыя беспарадкі».

Таксама сёлета да сямі гадоў турэмнага зьняволеньня атрымалі трое анархістаў Мікалай Дзядок, Аляксандар Францкевіч і Ігар Аліневіч за тое, што кідалі бутэлькі з запальнай сумесьсю на тэрыторыю будынку Міністэрства абароны і амбасады Расеі. Трое бабруйскіх актывістаў Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павал Сырамалотаў таксама патрапілі ў турму за тое, што пашкодзілі дзьверы мясцовага будынку КДБ. На пяць год турмы асуджаны ваўкавыскі прадпрымальнік Мікола Аўтуховіч, за нібыта нясплачаны падатак. Усе гэтыя справы маюць палітычную матываванасьць, а пакараньне мае на мэце запалохаваньне актывістаў, мяркуе праваабаронца Алег Воўчак:

Алег Воўчак
Алег Воўчак
«Гэта пратэст, які можа выяўляцца ў рознай форме. Калі моладзь затрымліваюць і дастаўляюць у міліцыю ці КДБ, дзе запалохваюць і зьбіваюць, як у выпадку з гомельскім актывістам Зайцавым, які ў выніку павесіўся. Калі людзі затым зьвяртаюцца са скаргамі ў пракуратуру, то, натуральна, у моладзі можа зьявіцца такое рамантычнае жаданьне — адпомсьціць, нашкодзіць. І калі выпэцкваюцца сьцены, то гэта не падстава для таго, каб садзіць людзей у турму. У гэтым выпадку можна абысьціся штрафам ці ўмоўным зьняволеньнем. Натуральна, што гэта акцыя запалохваньня радыкальных і нерадыкальных структур: вось вам сем год — сядзіце. Што тычыцца працэсу Міколы Аўтуховіча, то гэта самая злачынная крымінальная справа супраць яго. Гэта відавочнае жаданьне на пяць год прыбраць яго з Ваўкавыску, каб тая карупцыя, якую ён раскрыў разам з тымі, хто за ёй стаіць, — каб яны спакойна спалі пяць год».

Праблема палітычных рэпрэсій і палітвязьняў у Беларусі вядзе адлік з 1996 году — цягам 13 гадоў у Беларусі ёсьць зьняволеныя паводле палітычных матываў. Але сёлетні год паводле хвалі палітычных рэпрэсій пераўзышоў ўсе папярэднія гады, упершыню 4,5 гады турмы за атрымаў праваабаронца, лідэр цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, кажа ягоны намесьнік Валянцін Стэфановіч:

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
«Гэты год адзначыўся тым, што крымінальны перасьлед паводле палітычных матываў, ён проста пераўзышоў усе папярэднія гады. Такой хвалі рэпрэсіяў паводле колькасьці людзей асуджаных паводле крымінальнага артыкулу аб масавых беспарадках, яшчэ не было. І такой колькасьці вязьняў у нас таксама ніколі не было. Дарэчы, крымінальная справа аб масавых беспарадках — даволі сур’ёзная, паводле якой пакараньне прадугледжвае да 15 гадоў зьняволеньня, таксама была распачатая ўпершыню. Другое — у турму патрапіў Алесь Бяляцкі, якія зьяўляецца праваабаронцам. Ну і адметнасьць таксама ў тым, што рэпрэсіі набылі вельмі жорсткі характар. Складваецца ўражаньне, што ўладам мала пасадзіць чалавека ў турму, але трэба максымальна зрабіць так, каб проста чалавека зьнішчыць там. Горшай была сытуацыя толькі ў 1999-2000 гадах, калі былі факты палітычна матываваных зьнікненьняў палітыкаў і журналістаў. І ёсьць сур’ёзныя падазрэньні пра іх пазасудовыя забойствы».

Гэткім чынам, на зявяршэньне 2011 году ў Беларусі застаюцца 14 палітычных вязьняў. Пятнаццатым мае стаць Сяргей Каваленка , які церпіць перасьлед за сваю актыўную дзейнасьць у Віцебску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG