Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у 2012 годзе хоча прадаць маёмасьці на $ 2,5 млрд.


Старшыня Дзяржаўнага камітэту маёмасьці Беларусі Георгій Кузьняцоў пацьвердзіў плян беларускага ўраду прыватызаваць у наступным годзе аб’екты дзяржаўнай уласнасьці на 2,5 мільярды даляраў.

«У 2012 годзе мы разьлічваем атрымаць ад прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці на $ 2,5 млрд. — як гэта і было вызначана на пасяджэньні Саўміну, дзе зацьвярджаўся прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на наступны год. Гэтыя пляны не зьмяніліся», — заявіў Г. Кузьняцоў.

Ён адзначыў, што пакуль яшчэ ня вызначана, якія буйныя актывы будуць прапанаваныя да прыватызацыі ў наступным годзе.

Паводле Кузьняцова, паўторны конкурс па продажы дзяржаўнай долі Беларусі ў СТАА «Мабільныя Тэлесыстэмы» (МТС) адбудзецца ў 2012 годзе. «Так, конкурс паўторны адбудзецца ўжо ў наступным годзе, але тэрмінаў я назваць не магу», — сказаў Г. Кузьняцоў.

Г. Кузьняцоў таксама паведаміў, што ў першай палове студзеня будуць паведзены вынікі рэалізацыі праграмы прыватызацыі ў Беларусі ў 2011 годзе.

Паводле дадзеных камітэту па маёмасьці, на пачатак сьнежня, у Беларусі было прададзена 38 ААТ з намечаных па пляне 180 прадпрыемстваў або 20,5% ад заплянаванай колькасьці.

У рамках сваіх абавязаньняў перад Антыкрызісным фондам ЭўрАзЭс, Беларусь у 2012 годзе павінна выручыць ад прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці $ 2,5 млрд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG