Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уладам спадабалася ціснуць на праваабаронцаў па фінансавых і падатковых прэтэнзіях»


Міністэрства па падатках і зборах просіць Міністэрства юстыцыі распачаць працэс ліквідацыі праваабарончай арганізацыі Беларускі Хэльсынскі камітэт. Ці варта разглядаць гэты намер уладаў у рамках агульнай кампаніі па ўціску і дыскрэдытацыі праваабарончага руху?

Ці можа Беларусь зусім застацца без афіцыйна зарэгістраваных праваабарончых арганізацыяў? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае юрыст і палітоляг Юры Чавусаў

Цыганкоў: Ці варта заяву Міністэрства разглядаць у агульнай карціне ўціску ўладаў на праваабаронцаў, які асабліва ўзмацніўся сёлета, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў?

Чавусаў: Напачатку варта адзначыць, што грамадзкія аб’яднаньні ў Беларусі ліквідуюць не органы выканаўчай улады, а суды. У дадзеным выпадку, Міністэрства юстыцыі мусіць падаць пазоў у Вярхоўны Суд. Дарэчы, Мінюст калісьці ўжо такі пазоў падаваў, але пасьля ён быў адкліканы.

Міністэрства падаткаў і збораў, за столькі гадоў так і ня здолела спагнаць у БХК суму, якая аспрэчваецца (На думку афіцыйных асобаў, БХК павінен заплаціць у бюджэт звыш 240 млн. рублёў падаткаў і штрафных санкцый па выкарыстаных у 2002-2003 гадах грантах Эўракамісіі, якія, згодна з мiжнароднымі дамовамі, падаваліся ў безнаяўнаму рэжыме), зьвярнулася да Міністэрства юстыцыі. Таму можна меркаваць, што падатковыя органы хочуць проста прымусіць праваабаронцаў разьлічыцца з бюджэтам.

У дадзеным выпадку казаць пра ліквідацыю БХК зарана, бо гэта можа быць варыянтам ціску на праваабаронцаў з мэтай прымусіць іх сплаціць грошы. Зь іншага боку, пры прызначэньні новага міністра юстыцыі спадара Алега Сьліжэўскага назіральнікі адзначалі, што раней ён узначальваў упраўленьне грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі, і мажліва, па пасадзе міністра ён пачне дэманстраваць большую ўвагу да гэтага накірунка

Цыганкоў: Аднак, здаецца, што такія рашэньні, як закрыцьцё БХК, могуць прымацца на значна больш вышэйшым палітычным узроўні. Як улады Беларусі, краіны, якая ўваходзіць у АБСЭ, здолеюць патлумачыць гэты крок іншым краінам? Гэта фактычна адзіная зарэгістраваная праваабарончая структура і сябра міжнароднага праваабарончага руху. Ці можа справа дайсьці да ліквідацыі БХК?

Чавусаў: Калі раптам адбудзецца ліквідацыя БХК, гэта ня будзе азначаць, што праваабарончы рух зьнікне. Праваабаронцы ёсьць і ў Іране, і ў Кітаі. Зь іншага боку, такога кшталту «падатковыя» прэтэнзіі ня ёсьць нечым незвычайным для сучаснага сьвету. Нагадаю, што міжнародная Хэльсынская фэдэрацыя якраз была ліквідаваная якраз праз тое, што яна збанкрутавала. І зараз міжнародны хэльсынскі рух выключна на нефармальнай аснове.

Я думаю, нашым уладам спадабалася ціснуць на праваабаронцаў па фінансавых і падатковых прэтэнзіях...

Цыганкоў: Паказваючы іх як правапарушальнікаў заканадаўства...

Чавусаў: Гэта зручная тэма для выкарыстаньня ва ўнутранай прапагандзе. Усе разумеюць, што ў нашай краіне падставы для ліквідацыі могуць быць зусім не зьвязаныя з правам, дастаткова палітычнага рашэньня. Але для прапаганды — падаткі, фінансы — гэта вельмі зручны аргумэнт+ што мы бачылі на прыкладзе «Вясны».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG