Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды зьніклі актывісткі Femen?


Акцыя кампаніі Femen насупраць беларускага КДБ 19 сьнежня
Акцыя кампаніі Femen насупраць беларускага КДБ 19 сьнежня

19 сьнежня ў Менску пасьля пэрфомансу «КДБацька» зьніклі тры актывісткі ўкраінскага жаночага руху Femen.

Іна Шаўчэнка, Аксана Шачко і Аляксандра Нямчынава ў грыме з вусамі і з плякатамі «Жыве Беларусь!» топлес акупавалі прыступкі будынка КДБ, скандуючы лёзунгі ў падтрымку беларусаў. Нягледзячы на тое, што адразу пасьля акцыі дзяўчатам удалося ўцячы, праз некалькі гадзінаў тэлефонная сувязь зь імі зьнікла. Нічога пра лёс «фэмэнак» ня ведаюць ні ў кіеўскім офісе Femen, ні ў амбасадзе Ўкраіны ў Менску.

Да дня работнікаў КДБ, які ў Беларусі адзначаецца сёньня, украінскія дзяўчаты падрыхтавалі падарунак — наўпрост са сваіх вокнаў чэкісты бясплатна маглі глядзець стрып-шоў. Праўда, адводзіць вочы даводзілася ня столькі ад напаўаголеных дзяўчат — са сьпіны адной з актывістак Femen на падначаленых сурова пазіраў намаляваны ў анфас Аляксандар Лукашэнка. Прадэклямаваўшы «Жыве Беларусь!», дзяўчаты скарысталіся фактарам раптоўнасьці і зьніклі — упершыню маючы справу з голымі дэманстрантамі, міліцыянты пачалі хапаць ня іх, а журналістаў.

У актыве кіраўніка руху «Разам» Вячаслава Сіўчыка, які пасьля падзеяў мінулагодняга сьнежня перабраўся ў Кіеў, нямала супольных з Femen акцый у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Але дзяўчаты ладзілі і самастойныя імпрэзы: прыкладам, «расстралялі» ў цэнтры Кіева яйкамі і памідорамі партрэт Лукашэнкі. «Рагаткамі» пры гэтым былі ногі фэмэнак. Едучы пасьля гэтага ў Менск, актывісткі сур’ёзна рызыкавалі:

Вячаслаў Сіўчык
Вячаслаў Сіўчык
«Мы ім далі інфармацыю аб тым, што ўяўляе сабой гэбэшны беларускі рэжым, таму, у прынцыпе, яны мусілі быць гатовымі да такога разьвіцьця падзеяў. Жахліва, канечне, што пра дзяўчат столькі часу ніхто нічога ня ведае. Гэта вельмі пагрозьлівая сытуацыя, бо яна толькі падкрэсьлівае антычалавечую накіраванасьць рэжыму Лукашэнкі, які не зьвяртае ўвагу — дзяўчаты гэта, пэнсіянэры, дзеці. Не шкадуюць, бачыце, вядомых украінак, якія праехалі ўвесь сьвет і нідзе нічога падобнага зь імі не здаралася. Для ХХІ стагодзьдзя гэта проста дзікунства, але ж у такім дзікунстве жывуць беларусы. Вось чаму ў Кіеве гэтаксама адбываюцца акцыі. Якраз напярэдадні завяршыліся акцыі эўрапейскага маратону салідарнасьці зь Беларусьсю: зь 10 па 19 сьнежня штодзень адбываліся сур’ёзныя мерапрыемствы, якія мелі вялікі розгалас ва Ўкраіне».

Тым часам у амбасадзе Ўкраіны ў Менску заявілі, што нічога ня ведаюць пра месца знаходжаньня актывістак жаночага руху Femen Іны Шаўчэнкі, Аксаны Шачко і Аляксандры Нямчынавай. Супрацоўнік кансуляту сказаў, што ведамства займаецца пошукам сваіх грамадзянак, але пакуль бясплённа:

«Не, няма ў нас ніякіх афіцыйных дадзеных па нашых грамадзянках. Высьвятляем. Прабачце».

Міністэрства замежных спраў Беларусі не пацьвярджае факт затрыманьня ці арышту грамадзянак Украіны. У Дзяржаўным памежным камітэце запэўніваюць, што на беларуска-ўкраінскай мяжы грамадзянкі Ўкраіны дакладна не затрымліваліся. Пакуль гэтыя прозьвішчы не фігуруюць і ў судовых працэсах над затрыманымі ўчора ўдзельнікамі акцыі ў памяць пра падзеі 19 сьнежня 2010 году. У КДБ абмяжоўваюцца толькі ўчорашняй фразай пра «грубую сплянаваную акцыю».

Кіраўніца ўкраінскага жаночага руху Femen Ганна Гуцал ў інтэрвію «Свабодзе» сказала, што па-ранейшаму ня мае ніякіх зьвестак пра лёс сваіх паплечніц. І прызнаецца, што, выпраўляючыся ў Беларусь, відаць, недаацанілі мэтады працы беларускага КДБ:

Ганна Гуцал
Ганна Гуцал
«Я думаю, што мы недаацанілі ня тое што магчымасьці КДБ, недаацанілі іх цынічнасьць, іх беспрынцыпнасьць. Мы чакалі, што можам быць арыштаваныя і былі гатовыя да гэтага. Тады, прынамсі, мы ведалі б: дзе знаходзяцца дзяўчаты, як ім дапамагчы, што з гэтым усім рабіць? А ў дадзенай сытуацыі мы апынуліся ў такім становішчы, што ня ведаем, дзе яны. Людзі проста зьніклі! Мы спадзяваліся, што як грамадзяне іншай краіны будзем у большай бясьпецы, што яны не дазволяць сабе падобнае стаўленьне да грамадзянаў іншай дзяржавы. Але аказалася, што ім пляваць на меркаваньне міжнароднай грамадзкасьці і яны дазваляюць сабе рабіць зь людзьмі ўсё, што заўгодна».

Карэспандэнт: «Вы аб’ехалі амаль паўсьвету. Нічога падобнага ня бачылі?».

«Упершыню такая сытуацыя. Я думаю, што міжнародная супольнасьць нарэшце павінна ўсур’ёз задумацца пра лёс Беларусі, пра лёс беларускіх людзей, таму што асабіста я нават не ўяўляю, як вы, бедныя, там жывяце. Гэта проста неймаверна. Бо немагчыма, каб у ХХІ стагодзьдзі ў эўрапейскай частцы сьвету існавалі такія краіны, такі таталітарны рэжым».

На рахунку актывістак Femen нямала эпатажных акцый у розных частках сьвету. Аднак у горшым выпадку для іх усё завяршалася непрацяглым затрыманьнем — у асноўным дзеля таго, каб прымусіць іх апрануцца. Бо, па-сутнасьці, апроч зьяўленьня ў людных месцах у напаўаголеным выглядзе, прад’явіць фэмэнкам няма чаго.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG