Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Халіп: «Літаратурай кіруе Бог, а не начальнік»


Уладзімер Халіп
Уладзімер Халіп

Нядаўні зьезд незалежнага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў паказаў, што ў шэрагах ягоных няма ранейшага адзінства. Хтосьці з чальцоў даслаў на пісьменьніцкі форум зварот-ультыматум, хтосьці дэманстратыўна не зьявіўся ў Палац мастацтва, хтосьці намерыўся выйсьці з СБП сам, кагосьці выключылі калегі. Якой у сёньняшніх умовах павінна быць пісьменьніцкая арганізацыя, і ці пагражае беларускай літаратуры зьнікненьне? Гэтыя ды іншыя пытаньні я адрасую драматургу і сцэнарысту Ўладзімеру Халіпу.



— Спадар Уладзімер, у незалежным Саюзе беларускіх пісьменьнікаў на дзень зьезду налічвалася 416 чальцоў, і зьезд быў даволі шматлюдным. Але гэты саюз фактычна нічога ня можа даць сваім чальцам. Што ж тады вас трымае разам у гэтай арганізацыі?

— Калі размова ідзе пра нейкі творчы саюз, то ў якасьці ўзору для мяне — таварыства, якое было калісьці ў царскай імпэрыі: «Общество помощи нуждающимся и пьющим писателям». Вось ідэальная, як мне здаецца, форма абароны творцы. Пісьменьніку непатрэбныя кіроўныя дырэктывы, яму патрэбная абарона, і ён павінен ведаць, што ён у гэтай краіне не адзін. Пісьменьнік павінен атрымліваць інфармацыю пра тое, што яго сябры змагаюцца, пішуць, працуюць у тым жа напрамку, што і ён. Вось якім мне бачыцца ідэальны варыянт для творчай суполкі ў Беларусі. А мы сёньня трошкі згубілі арыентыры, мы ня ведаем, куды нам ісьці. На зьезьдзе, мне здаецца, у пэўным варыянце была спроба паўтарыць тое, што ў нас было ў 80-я гады. Мне вельмі не спадабалася, калі сп. Алесь Пашкевіч сказаў, што «мы запрашалі на зьезд міністраў інфармацыі і адукацыі». Якіх міністраў? Таго самага міністра адукацыі, які правёў шалёную фальсыфікацыю выбараў, — разам з Ярмошынай, які быў адным з тых, хто падрыхтаваў пагром Плошчы? І мы сумуем, што ён ня быў на нашым з’езьдзе?! Ды што гэта такое? Пра што мы гаворым? Навошта нам былі патрэбныя такія госьці на зьездзе? Чаму такое начальства павінна было з намі сядзець? Гэта ўсё традыцыі савецкіх часоў, калі на пісьменьніцкія сходы прыходзілі Машэраў, Кузьмін, сядзелі побач. А потым новы склад сакратарыяту запрашаўся ў высокія кабінэты, нешта там давалі для саюзу. Тыя часы прайшлі. Трэба жыць у новым часе, у новых умовах. Ва ўмовах, калі тая дзяржава, у якой мы жывем, варожа ставіцца да ўсяго беларускага. Яшчэ больш варожа, чым тая ўлада, якая існавала ў 1937 годзе.

— Выступаючы на зьездзе, Уладзімер Някляеў сказаў, што ўлада глядзіць на Саюз беларускіх пісьменьнікаў як на апазыцыйную нацыяналістычную партыю. Ці згодныя вы з такім меркаваньнем?

— Мы з вамі бачым, як зьнішчаецца ўсё нацыянальнае ў Беларусі. Тут, мы яшчэ чамусьці не гаворым пра гэта ў голас, будуецца нейкая зусім іншая дзяржава, якая пакіне толькі тапаніміку беларускую. Нічога другога беларускага тут у хуткім часе, калі гэтая ўлада будзе панаваць і далей, не застанецца. Таму я не вылучаў бы Саюз беларускіх пісьменьнікаў у якасьці нейкай апазыцыйнай арганізацыі. Усё, што тычыцца Беларусі, беларускай гісторыі, беларускай культуры, беларускай мовы, — варожае і непажаданае для гэтай улады. Яна імкнецца ўсё гэта зьнішчыць, і саюз проста ў шэрагу прызначаных на зьнішчэньне.
Усё, што тычыцца Беларусі, беларускай гісторыі, беларускай культуры, беларускай мовы, — варожае і непажаданае для гэтай улады.

— У такой сытуацыі, калі ўсяму нацыянальнаму ўладай абвешчаная вайна, дзе вы бачыце месца СБП?

— Вы ўжылі вельмі дакладнае слова — вайна. Менавіта вайна. Ня мы абвесьцілі гэтую вайну. Гэта з намі вядуць вайну. І пісьменьнік павінен пачуваць сябе ў гэтай сытуацыі, як ён пачуваўся б пад гітлераўскай акупацыяй. Ён павінен рабіць тое, што ён робіць, ён павінен дапамагаць свайму народу зразумець, у якую пастку трапіла краіна. Пісьменьнік мусіць, у залежнасьці ад свайго творчага патэнцыялу, падказаць нейкія спосабы выйсьця з гэтай няпростай, нават дзікай сытуацыі.

— На зьезьдзе я быў міжвольным сьведкам такой сцэны. Да старшыні СПБ Алеся Пашкевіча падышла адна вядомая паэтка з чаргінцоўскага саюзу і папрасіла, каб яе прынялі назад, у СБП. Якое ваша стаўленьне да такіх вяртанцаў?

— Кожны чалавек можа заблытацца, заблудзіцца ў трох соснах. І калі ён зразумеў, што зь ім гэта адбылося, і спрабуе вярнуцца, трэба падаць яму руку дапамогі. Я вітаю тую паэтку.

— На зьездзе гучалі самыя розныя ацэнкі той сытуацыі, у якой апынулася беларуская літаратура. Літаратура гіне, нам няма дзе друкавацца, не стае чытачоў — казалі старэйшыя. А маладзейшыя ўсьміхаліся, маўляў, у нас у кожнага свае выданьні ў сеціве і свае чытачы. Вы чый бок прымаеце?

— Я нічый бок прыняць не магу. Гіне не літаратура. Гіне Беларусь. Яна — як вялікі карабель, які апынуўся на жахлівым рыфе, атрымаў пралом і тоне. І ўсе мы, хто ёсьць жывы на гэтым караблі, павінны яго ратаваць. Калісьці Герцэн выдаваў у Лёндане газэту, якая называлася «Колокол». У гэтай газэце быў цудоўны дэвіз: «Клічу жывых». Вось і мы, пісьменьнікі, сваім словам, сваёй творчасьцю павінны клікаць жывых, усіх тых, хто хоча і можа стаць на абарону Беларусі на гэтай вайне. Ніякай згоды, ніякага супрацоўніцтва з гэтым рэжымам быць не павінна. Беларусь перажыла самы цяжкі ў сваёй пасьляваеннай гісторыі год — 2010 — 2011, сьнежань — сьнежань, 19 — 19. Мы ўсе ўбачылі, дзе мы жывем і хто пануе ў гэтай краіне. Не заўважаць гэтага, не разумець гэтага, не зьвяртаць увагі на гэты досьвед немагчыма. Асабліва пісьменьнікам. Сёньня нельга сядзець за сваім кампутарам, нешта папісваць, выстаўляць у сеціве. Не, даражэнькія. Сёньня вы выставілі свой твор у сеціве, а заўтра прыйдуць і забяруць ваш кампутар, а можа, і вас забяруць таксама. Сёньня ніхто ня можа заставацца ў баку ад гэтага мэйнстрыму. На вайне — як на вайне. І калі хто-небудзь думае адседзецца ў зацішным закуточку — гэтага ня будзе. Яны прыйдуць па кожнага. У Беларусі створаная сыстэма зьнішчэньня іншадумства. Калі яна зьнішчыць усіх іншадумцаў, яна возьмецца за шарагоўцаў, за людзей, якія ніякага дачыненьня ня маюць да іншадумства, як гэта было ў 1937-м. А калі гэтая сыстэма і шарагоўцаў зьнішчыць, то пачне жраць саму сябе. Менавіта так было ў 1937-м, мы гэта ўсё праходзілі. Нічога новага гэты чалавек, які жыве ў Драздах, ня выдумаў. Ён толькі ўзяў тыя схемы і перанёс іх на нашу глебу. Але я думаю, што сёньня падобнае не паўторыцца, народ гэтага ня прыме. І калі мы сёньня ў заняпадзе, ніхто не выходзіць на вуліцы, — гэта ні пра што не гаворыць. Выйдуць заўтра, нікуды не падзенуцца, таму што, паўтаруся, сыстэма намерылася зьнішчыць усіх.

— У выступе былога старшыні СБП Алеся Пашкевіча прагучала і некалькі лічбаў, здольных шакаваць. Аказваецца, 70% грамадзянаў нашай краіны ня ведаюць ніводнага беларускага пісьменьніка. Ці давяраеце вы гэтай лічбе?
Не, даражэнькія. Сёньня вы выставілі свой твор у сеціве, а заўтра прыйдуць і забяруць ваш кампутар, а можа, і вас забяруць таксама.

— Я вельмі іранічна стаўлюся да любых сацыялягічных дасьледаваньняў, якія праводзяцца ў Беларусі. У таталітарнай дзяржаве немагчымае аб’ектыўнае дасьледаваньне грамадзкай думкі. Людзі баяцца выказаць сваё меркаваньне, таму вельмі цяжка правесьці рэпрэзэнтатыўнае дасьледаваньне. Ня варта на гэта зьвяртаць увагу. Але праблема ёсьць. Яна зусім у іншым. Сёньня ў Беларусі катастрафічна падае ўзровень школьнай адукацыі. Гэта духоўная катастрофа, створаная гэтым рэжымам. Але, калі будзе нармальнае тэлебачаньне, калі будзе нармальная прэса, калі будзе нармальная краіна, мы ўбачым, колькі тут жыве беларусаў, колькі тут прыхільнікаў літаратуры і якой павагай карыстаецца беларускае слова.

— На пісьменьніцкім форуме знайшла свой працяг і дыскусія вакол імя Янкі Купалы, распачатая на Радыё Свабода. Хацелася б пачуць і вашую думку на гэты конт.

— У Беларусі заўсёды знаходзіліся людзі, якія з пагардай ставіліся ня толькі да творчасьці нашых клясыкаў, але і ў вогуле да беларускай літаратуры. Гэтыя людзі ёсьць і сёньня, яны не зьвядуцца і заўтра, якога б росквіту ні дасягнула беларуская літаратура. Гэта такая ж зьява, як кепскае надвор’е. Да гэтага трэба ставіцца спакойна. Ну, ёсьць у чалавека такая думка — на здароўе, няхай сабе яе песьціць. Мы ж ведаем, хто ёсьць Янка Купала, што ёсьць для нас ягоная творчасьць. Мы ведаем, якой дарогай нашы пісьменьнікі прабіваліся да свайго чытача, у якія яны сытуацыі траплялі. Мы ведаем, што Купала спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, як цяжка яму жылося, і якая трагедыя напаткала яго ў маскоўскім гатэлі. І што, мы будзем весьці дыскусію над яго магілай ды яшчэ ў гэткім аспэкце? Купала — гэта Купала. Ён будзе заўсёды, яго будуць любіць заўсёды, яго вершы будуць чытаць заўсёды. Няма тут ніякай праблемы.

— Якой вам бачыцца будучыня Саюзу пісьменьнікаў пад кіраўніцтвам новага старшыні — Барыса Пятровіча?

— Мы ўсе павінны добра ўсьведамляць, што сёньня беларуская літаратура існуе фактычна ў падпольлі. І незалежны Саюз пісьменьнікаў — таксама фактычна ў падпольлі. Мы павінны гэта разумець, дапамагаць адзін аднаму, шукаць розную дапамогу з усіх бакоў, адкуль толькі можна. Літаратуру забараніць ці перамагчы немагчыма. Яе не затопчуць і ня зьнішчаць, таму што літаратурай кіруе Бог, а не начальнік. І не бывае ніякіх іншых варыянтаў! Так што няхай душаць, няхай топчуць, яны гэтым пакажуць толькі, хто яны насамрэч. А літаратура існавала і будзе існаваць, нічога зь ёй ня здарыцца.

— Ужо ня першы год беларуская дзяржава ня бачыць ніякіх здабыткаў у айчынным прыгожым пісьменстве. Усе тыя здабыткі маюць — і лекары, і спартсмэны, і настаўнікі, а пісьменьнікі — не. А вы ці бачыце творы, вартыя ўвагі і чытачоў, і дзяржавы?
Літаратура праб’ецца, як трава праз асфальт.

— Усім жа зразумела, што ў Беларусі няма ніякай другой улады, апроч улады аднаго драздоўскага чалавека. А гэты чалавек, усім вядома, нічога не чытае. А астатнія ці асьмеляцца яму падказаць нешта? Ды крый Божа! А ў нас процьма выдатных твораў! Прыкладам, я амаль кожны дзень чытаю і перачытваю Рыгора Барадуліна, і сёлета ў яго выйшла цудоўная кніга «Anima». Уразіў мяне і апошні зборнік Генадзя Бураўкіна «Лісты да запатрабаваньня», асабліва паэмы «Разьвітаньне» і «Ўзьнясеньне». Я чытаю ўсё новае, што выходзіць з-пад пяра Ўладзімера Арлова. А якое магутнае маладое пакаленьне паэтаў адрастае! Дзівосныя дзяўчаткі нашыя — Валярына Кустава, Вальжына Морт… Драздоўскі чалавек загнаў Беларусь у ізаляцыю і спрабуе загнаць туды ж і літаратуру, але гэтага ня будзе. Літаратура праб’ецца, як трава праз асфальт. Беларускую паэзію і прозу будуць ведаць у сьвеце.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG