Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта кара нам за ляноту»


Мястэчка Волма — адна з найпрыгажэйшых мясьцін вакол сталіцы. Узгоркі Менскага ўзвышша, шляхецкі парк зь сядзібай Ваньковічаў, вялікая сажалка са старым млыном, вада, у якой адбіваецца новы касьцёл з бусьлянкай на даху.

Калісьці на гэтым месцы стаяў драўляны двухвежавы храм. Стаяў больш за два стагодзьдзі. І быў разабраны абсалютна для Беларусі нетыпова. Не пасьля вайны. Не падчас хрушчоўскай барацьбы з рэлігіяй. А ў зацішным 82-м.
Стары храм
Стары храм
Старэйшая жыхарка Волмы Вераніка Ўласевіч, ціхая, худая сялянка, якой праз пару гадоў споўніцца 90, памятае, як спрабавалі старыя волмаўкі ратаваць абразы.

Вераніка Ўласевіч
Вераніка Ўласевіч
— Прыехала з Івянца міліцыя. Як цяпер памятаю, прыехалі пад касьцёл, і міліцыянты ўсё выносілі з касьцёла. Толькі некалькі старых бабак забралі абразы. Дзьве іконы і па сёньняшні дзень у касьцёле стаяць. Адна фігура Ісуса Хрыста. Гэта бабкі старэнькія выхапілі тады гэтыя іконы. Калі забірала міліцыя.

Мясцовы ксёндз, саракагадовы беларус Уладзімір, ня бачыць нічога дзіўнага ў тым, што за касьцёл у 80-я гады народ не паўстаў грудзьмі.

Ксёндз Уладзімір
Ксёндз Уладзімір
— Каму замінаў касьцёл? Я вам скажу. У Юркавічах паставілі мы крыж. Там стаяў крыж стары, драўляны. Ён згніў. І там адзін мужык зварыў прыгожы крыж, з прамянямі. Памянялі, пафарбавалі. І там дачнік адзін зь Менску жыве. «Прыбірайце крыж». Я кажу: «Чым ён вам замінае? Ён ня ў вас у гародзе стаіць. А на скрыжаваньні дарог». «Не, прыбірайце. Мы на крыж ня можам глядзець. Мы не дарасьлі да гэтага». Я кажу: «Мае людцы дарагія. Калі Вы дарасьцяцё? Вы ўжо на пэнсіі. Адной нагой ужо ў магіле стаіцё». Дык яны ў раён лёталі, у райвыканкам, і да старшыні сельсавету, і калгасу. Нічога не дапамагае. Дык ён панёсься ў Менск, у міністэрства. Дык мне звоняць. Я кажу: «Што, людзі ў сваёй вёсцы ня могуць крыжа паставіць? Маліцца? Камуністычныя часы варочаюцца?» Вось вам. Крыж і той замінае.

З такімі дачнікамі ксяндзу Ўладзіміру тут змагарнай працы сапраўды хопіць на доўгія гады. Але добра, што ня ўсе карэнныя волмаўцы зьехалі ў 50-я гады ў Польшчу. Вось, напрыклад, былы настаўнік гісторыі, шляхціц Тадэвуш Сьвяцкі. 80-гадовы крэпкі весялун.

Тадэвуш Сьвяцкі
Тадэвуш Сьвяцкі
— А каму ён пайшоў, чаму вы не пытаецеся? Быў такі, абком узначальваў, Жук. Яму на дачу частка. Частку старшыня сельсавету загнаў. Там жа ведаеш, якое дрэва. Трыста гадоў, чырвонае. Добрае дрэва! Дах пацёк. Хто яго будзе рамантаваць? Карэнных жыхароў не засталося. Усе выехалі. Пралетарыі, што такое ў перакладзе на рускі «пралетарыі»? Гэта чалавек, які нічога ня ведае, нічога ня робіць і нічога яму ня трэба. Вось гэтыя пралетарыі зьнішчылі людзей больш, чым у часе вайны. Граніца ішла за кілямэтар адсюль. За мяжой, указ Сталіна быў, ніводнай вёскі. За адну восень дванаццаць вёсак вывезьлі. У Комі і далей. Вярнуўся з гэтых дванаццаці вёсак толькі адзін Паціеўскі.

— А адкуль вы ведаеце?

— А што я, зь неба зваліўся? Во граніца ідзе, ты тут рабі. У бальшавікоў два кілямэтры нельга. Я табе магу пералічыць тыя вёскі. Швабаўчына — 18 хат, Кудрыцкія — 12 хат, Яшэўшчына — 28 хат, Галабурда — 22 хаты. У нас захавалася карта 18-га году і колькасьць людзей і дамоў.

— І ўсе гэтыя вёскі…

— Усе гэтыя вёскі — цю-цю… І вёскі былі добрыя, брукаваныя вуліцы былі.

Памятае пан Тадэвуш і апошняга ўладальніка маёнтку Лявона Ваньковіча.

Сядзіба Ваньковічаў
Сядзіба Ваньковічаў
— Сямейства Ваньковічаў — адна з самых вядомых шляхецкіх фамілій у Рэчы Паспалітай. сярод іх і мастак у Менску. Сярод іх былі і пісьменьнікі. А гэты быў бязьдзетны памешчык. Ён прыйдзе да бацькі майго. Кажа: «Вось я мільёны маю, а ты багацейшы за мяне. У цябе дзеці ёсьць, а ў мяне няма».

Вось толькі ў адну гісторыю пра Ваньковіча я не паверыў.

— Яны перавезьлі ў 38-м годзе ўсе труны ў Варшаву. Тут быў іх склеп радавы. Ён перавёз усе труны і зьехаў. Зьехаў ужо ў працэсе бальшавізацыі. Засеў у сваім пакоі і там улажыў многа чырвонаармейцаў.

— Ён адстрэльваўся і застаўся жывы?

— Змог.

Ад рэаліяў сёньняшняга дня старога Тадэвуша цягне на філязофію.

— Жыцьцё — гэта сынусоіда. Бывае пад’ем і ўпад. У нас цяпер упад. Бо розум, сьвядомасьць засланілі грошы. Вось калі яны ня будуць засланяць…

— Эканамісты кажуць, што ў 12-м годзе ўжо ня будуць засланяць. Мы настолькі зьбяднеем, што духоўнасьць падымецца.

У размову ўступае жонка Тадэвуша, Ганна.

— Ваабшчэ будзе Кітай па ўсім сьвеце.

— Кітайцы тут рабілі чыгунку ў 13-м годзе.

— Вы іх ужо не баіцеся. Пазнаёміліся.

Да таго, што беларускія сельскія пэнсіянэры гатовыя апраўдаць любыя дзеяньні, я прызвычаіўся. Але як грунтоўна гэта робіць верніца і хрысьціянка Ганна!

— Ня трэба наракаць. Яшчэ нам пагоршае. Яшчэ пакуль нам някепска. Людзі разбоўталіся. Па тры машыны на двары стаіць. Па пяць кватэр у Мінску маюць. Іх трэба за жэбры ўсіх браць. Дзе яны ўзялі гэтыя кватэры? Калі я да Лукашэнкі дабяруся, я яму ўсё раскажу. Правядзіце правільна ўлік. Чаму ў гэтага чалавека пяць кватэр, а гэты мае восем дзяцей і ня маем ніводнай кватэры?

— Вы сказалі, што будзе горш, чым цяпер.

— Будзе. Гэта кара нам.

— За што?
— Ня хочуць рабіць людзі. Маладыя ніхто ня хоча трымаць карову ў вёсцы. Чаму, раскажыце вы мне? Благі Лукашэнка.

— Ня хочуць рабіць людзі. Маладыя ніхто ня хоча трымаць карову ў вёсцы. Чаму, раскажыце вы мне? Благі Лукашэнка. Дык дзе ж ён будзе добры, калі вы ня хочаце працаваць, а хочаце толькі гарэлку піць?

Як заўжды, не абыходзіцца ў такіх размовах і без парадаў нашай апазыцыі. І раз ад разу парады ўсё больш каштоўныя.

— Іх бы выбралі, каб яны правільна пабудавалі пазыцыю.

— А ў чым няправільна?

— Можа, яны пабудавалі дзе бальніцу? Вось яны атрымалі з загранкі даляры. Хай бы яны ўклалі і далі сваю рэкляму. І людзі б пацягнуліся. А яны — Лукашэнка такі, Лукашэнка сякі. Нас гэта не цікавіць, які Лукашэнка. Быт нас цікавіць. А які Лукашэнка, мы яго не паправім. Але я ня бачу патрэбы іншых выбіраць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG