Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі: «Ня бойцеся!»


Агляд навінаў палітвязьняў

Маці Андрэя Саньнікава запэўнілі ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў, што дазволяць сыну кароткатэрміновае спатканьне. Ад Мікалая Статкевіча патрабавалі, каб пісаў дамоў, што ў яго ўсё добра. Зьміцер Бандарэнка скардзіцца на пагаршэньне здароўя. За вызваленьне Алеся Бяляцкага зьбіраюць подпісы, а сам праваабаронца зьвяртаецца да беларусаў з вязьніцы.

Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў
Ала Саньнікава была прынятая намесьнікам старшыні Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў спадаром Солтанам. Міліцыянт нічога не адказаў на скаргі маці палітвязьня адносна таго, што яе сына беспадстаўна пераводзяць з адной калёніі ў другую. Таксама маці экс-кандыдата паскардзілася на тое, што да яго не пускаюць адваката.

«Я пытаюся, як гэтак можна: нічога пра яго ня ведаем, адвакатаў да яго не пускаюць...Але юрыдычна гэта нічым не абумоўлена. Тады ён сказаў, што вось хутка будзе час для кароткатэрміновага спатканьня і яго дадуць. На гэта я адказала, што не вытрымаю і ,канешне, паедзе Ірына».

Магчыма, спатканьне адбудзецца 18 сьнежня. Ніводнага ліста з калёніі «Віцьба-3» ад Андрэя Саньнікава ягоная жонка, журналістка Ірына Халіп не атрымала. Тэлефонных званкоў ад палітвязьня з віцебскай калёніі таксама не было.

Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка
Спадзяецца на спатканьне з мужам і Вольга Бандарэнка. Паводле ліста ад Зьмітра Бандарэнкі, спатканьне прызначанае на 21 сьнежня. Вольга Бандарэнка кажа, што здароўе ў яе мужа пагоршылася.

«Стаіць такая восеньская зіма, ўсё абвастрылася. І суставы, і страўнік. І сьпіна баліць. Зьвярнуўся ў санчастку — замералі ціск. Аказалася 160, павышаны. Казаў, ніколі такога высокага не было. Зрабілі ўкол абязбольваючы, бо сьпіна вельмі баліць».

Паводле Вольгі Бандарэнкі, ад некаторых лекаў Зьміцер мусіў адмовіцца, інакш яму немагчыма будзе выконваць турэмны рэжым, ў прыватнасьці, стаяць шмат часу на пастраеньнях.

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч
Ад былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча пасьля шмат дзён маўчаньня прыйшоў ліст. Грамадзянская жонка палітвязьня Марына Адамовіч паведаміла.

«Ну якія ў мяне навіны? Ліст прыйшоў ад Міколы. Можна сказаць што другі ліст за апошнія 4,5 месяцы. Праўда стары ліст... Ажно за 27 лістападу. Падрабязны ліст, шмат асабістага, але піша і пра тое, што яд яго ўвесь час патрабавалі, каб паведамляў, што ў яго ўсё добра. Таму ён мусіў змагацца за свае правы ліставацца такім чынам, як лічыць патрэбным».

Марына Адамовіч таксама паведаміла, што атрымала з магілёўскай абласной пракуратуры адказ на свае скаргі адносна ўтрыманьня Мікалая Статкевіча. У тым ліку спадарыня скардзілася на тое, што Статкевіча прымушалі працаваць з хворай рукой. У адказе адно паведамленьне супярэчыць другому, мяркуе Марына Адамовіч.

«Пішуць, прыкладам, з нагоды ягонай траўмы, што Статкевічам па асабістай неасьцярожнасьці была пабітая левая рука, але гэта не нанесла шкоды ягонаму здароўю. А ў другім абзацы паведамляюць, што яму была аказаная кваліфікаваная мэдычная дапамога ў раённай бальніцы, накладзены гіпс, ў выніку ён колькі дзён быў у шпіталі. А потым знаходзіўся на амбуляторным лячэньні да 29 верасьня. А потым пішуць, што 31 кастрычніка быў прызнаны цалкам працаздольным. А як жа тое, што ён ўжо з 29 верасьня працуе на той самай лесапілцы? Цэлы месяц працаваў, хаця ня быў прызнаны працаздольным?»

Мікалая Статкевіча трымаюць ў Шклоўскай калёніі.

Павал Севярынец
Павал Севярынец
Павал Севярынец, які адбывае пакараньне хіміяй ў Пружанскім раёне, зараз штам вольнага часу спаганяе на падрыхтоўку зьезда партыі БХД. Павал непакоіцца, што ўжо болей за два тыдні няма лістоў ад лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча.

Зьмітра Дашкевіча трымаюць ў Глыбоцкай калёніі. Паводле апошніх зьвестак, Дашкевіч сядзіць ў адзіночнай камэры.

На сайце праваабарончага цэнтру «Вясна» ідзе збор подпісаў за вызваленьне Алеся Бяляцкага. Ужо сабрана больш за 1400 подпісаў. Там жа зьмешчаны ліст ад Бяляцкага на волю. Да дня правоў чалавека, які адзначаецца ў сьвеце 10 сьнежня, Алесь Бяляцкі напісаў:

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі
«А на 10 сьнежня мне для ўсіх хочацца паўтарыць: „Ня бойцеся!“ Гэта тое, што сказаў у 80-я папа Ян Павал ІІ, калі прыехаў у камуністычную Польшчу. Больш ён нічога тады не сказаў, але і гэтага хапіла».

Праваабаронца Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 гады зьняволеньня, пакуль яго трымаюць ў Жодзінскім сьледчым ізалятары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG