Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд за вядро варанай локшыны

абноўлена

6 сьнежня раніцай былі затрыманыя два актывісты аргкамітэту па стварэньні нацыянал-бальшавіцкай партыі — Яўген Контуш і Ўладзіслаў Лобаў. Да хлопцаў а 7-й раніцы прыйшлі міліцыянты і прымусілі ехаць ў Першамайскае РУУС для разьбіральніцтва.

Але працоўны дзень у судзьдзі сканчаўся, таму Яўгена а палове на шостую вечара адпусьцілі і перанесьлі судовае паседжаньне на чацьвер, 8 сьнежня, на 14 гадзін.

3 сьнежня трое маладых людзей вывалілі вядро варанай локшыны на ганак Белтэлерадыёкампаніі, што месьціцца на вуліцы Макаёнка, 9. Раскідалі яны і ўлёткі ад імя беларускіх нацыянал-бальшавікоў з вытрымкамі зь «Міжнародных прынцыпаў прафэсійнай этыкі журналіста», прынятых у Парыжы 20 лістапада 1983 году: «Найпершая задача журналіста — гарантаваць людзям атрыманьне праўдзівай і дакладнай інфармацыі...»

«Беларускае тэлебачаньне заўсёды славілася адкрыта заказнымі, палітычна ангажаванымі рэпартажамі, што выклікаюць то сьмех, то зьдзіўленьне. Няўмелы рэбрэндынг назваў тэлеканалаў не зьмяніў іх сутнасьці. Пасьля зьмены шыльды БТ ўсё так жа і засталося сфэрычным тэлебачаньнем у вакуўме», — гаварылася ва ўлётках.

«Гэта быў такі сымбалічны акт. Локшына ж — сымбаль хлусьні. Мы хацелі паказаць сёньняшні стан нашых дзяржаўных СМІ, што там няма аб’ектыўных меркаваньняў, розных пунктаў гледжаньня, калі штосьці асьвятляюць, то вельмі аднабакова», — гаворыць адзін з арганізатараў аргкамітэта ў справе стварэньня нацыянал-бальшавіцкай партыі Дзьмітры Сіняк.

Акцыя скончылася без затрыманьняў. А ў аўторак раніцай да ўдзельнікаў акцыі прыйшлі міліцыянты і завезьлі ў пастарунак.

Уладзіславу Лобаву яшчэ няма 18-ці гадоў, таму яго не маглі дапытваць без бацькоў ці законных прадстаўнікоў.

Айчым Юры Якубоўскі, так бы мовіць, вызваліў Улада: «Пратрымалі больш за 5 гадзін. Улад не адказваў на пытаньні, таму што маці няма зараз у Беларусі, а я не зьяўляюся ягоным законным прадстаўніком, бо мы зь яго маці не расьпісаныя. Таму яго дапытваць ня мелі права, ён адмовіўся адказваць на пытаньні».

У Першамайскім РУУС на Ўладзіслава Лобава склалі пратакол за дробнае хуліганства і накіравалі ў Інспэкцыю па справах непаўналетніх Маскоўскага раёна, па месцы жыхарства, якая і будзе далей прымаць рашэньне.

Што да фармулёўкі, Юры Якубоўскі распавёў: «За абліваньне варанай макаронай будынку Белтэлерадыёкампаніі».

Карэспандэнтка: «А як даведаліся, што гэта менавіта гэтыя хлопцы?»

«На відэа абапіраліся, на тое, што ў інтэрнэце».

Другога ўдзельніка акцыі па раскіданьні локшыны на прыступках Белтэлерадыёкампаніі Яўгена Контуша пратрымалі ў Першамайскім РУУСе больш за сем гадзін і ўжо пад вечар павезьлі ў суд, склаўшы пратакол па артыкуле 17.1 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях — «Дробнае хуліганства».

Але працоўны дзень у судзьдзі сканчаўся, таму Яўгена а палове на шостую вечара адпусьцілі і перанесьлі судовае паседжаньне на чацьвер, 8 сьнежня, на 14 гадзін.

Хлопцы, якія называюць сябе «нацболамі», бралі актыўны ўдзел у арганізацыі Народных сходаў, распаўсюджвалі ўлёткі, ладзілі іншыя крэатыўныя акцыі.

5 разоў яны спрабавалі зарэгістраваць партыю ў Міністэрстве юстыцыі, распавёў Дзьмітры Сіняк: «І 5 разоў нам адмаўлялі. Пасьля гэтага мы пакуль ня бачым сэнсу ісьці ў Мін’юст. Але аргкамітэт ёсьць, і пры першай жа магчымасьці будзем зноў зьвяртацца ў Мін’юст».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG