Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недзяржаўныя арганізацыі Беларусі за вызваленьне Бяляцкага


Прысуд вядомаму праваабаронцу й грамадзкаму дзеячу, старшыню ПЦ “Вясна” Алесю Бяляцкаму выклікаў абурэньне й асуджэньне сярод прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі, паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА.

З гэтай нагоды была прынятая адмысловая Заява з патрабаваньнем неадкладнага вызваленьня праваабаронцы й заклікам да калегаў, грамадзянаў Беларусі, прадстаўнікоў міжнароднай супольнасьці выступіць у падтрымку Бяляцкага й далучыцца да кампаніі за яго вызваленьне.
Заяву падпісалі 47 грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў, у шэрагі якіх ўваходзяць тысячы актывістаў па ўсёй Беларусі.

Прадстаўнікі арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці выказалі рашучае абурэньне вынесеным праваабронцу прысудам і адзначылі, што распачынаньне крымінальнай справы супраць Алеся Бяляцкага, наступнае яе вядзеньне й вынясеньне прысуду мелі неправавы характар, а прысуд носіць незаконны характар.

Падпісанты заявы перакананыя, што крымінальная справа супраць Бяляцкага ня мае нічога агульнага з агучанымі ў судзе мэтамі, і была распачатая выключна як сродак ціску й рэпрэсіяў супраць праваабаронцы, яго калегаў з цэнтру “Вясна” і ўсяго праваабарончага руху краіны ў прыватнасьці.

У заяве таксама ўказваецца на шэраг парушэньняў працэсуальнага заканадаўства, якія стала прысутнічалі падчас сьледзтва й судовага разьбіральніцтва.

Паводле прадстаўнікоў арганізацыяў і ініцыятываў трэцяга сэктару, хуткім часам у Інтэрнэце зьявіцца ан-ляйн пэтыцыя й кожны асобны неабыякавы чалавек зможа далучыцца да кампаніі за вызваленьне Алеся Бяляцкага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG