Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека асуджае прысуд Бяляцкаму


Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхасэн
Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхасэн
Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (МФПЧ) асуджае прысуд, вынесены 24 лістапада ў Менску яе віцэ-прэзыдэнту, праваабаронцу Алесю Бяляцкаму.

"Мы асуджаем рашэньне беларускай сыстэмы правасудзьдзя як палітычна матываванае, – гаворыцца ў заяве прэзыдэнта МФПЧ Сухайр Белхасэн. – Слуханьні, які прайшлі ў судзе, яшчэ раз пацьвердзілі, што гэтая справа была санкцыянавана непасрэдна рэжымам. Мы асьцерагаемся, што іншыя актывісты праваабарончага цэнтру «Вясна» таксама могуць стаць ахвярамі гэтых рэпрэсій. Мы зноў выказваем сваю салідарнасьць з Алесем, яго сям'ёй і ўсімі праваабаронцамі".

Белхасэн падкрэсьлівае, што ў Беларусі праваабарончым арганізацыям "сыстэматычна адмаўляюць у праве на існаваньне". "Беларускія законы і іх ужываньне ўладамі парушаюць міжнародныя прававыя стандарты. Праваабарончыя арганізацыі не рэгіструюць, а артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса крыміналізуе дзейнасьць незарэгістраваных арганізацый", - канстатуе кіраўніца МФПЧ.

Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт МФПЧ і кіраўнік зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтру "Вясна", знаходзіцца пад арыштам з 4 жніўня. Сёньня суд Першамайскага раёну Менску прысудзіў яго да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Праваабаронца прызнаны вінаватым па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу (ўтойваньне даходаў у асабліва буйным памеры). Довады падсуднага аб тым, што сродкі, якія пералічваюцца на банкаўскія рахункі Бяляцкага ў Літве і Польшчы, не зьяўляліся яго асабістым прыбыткам, суд палічыў неабгрунтаванымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG