Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Паўночны паток" — пагроза Беларусі


Ад учора пачалася камэрцыйная эксплюатацыя першай ніткі газаправоду "Паўночны паток" па дне Балтыйскага мора. Старт амбіцыйнаму праекту "Газпрома" даюць лідэры Расеі і Нямеччыны. Як у Менску ацэньваюць ягоны ўплыў на транзытныя магчымасьці Беларусі.

Каб абмінуць тэрыторыю традыцыйных транзытных краін — Беларусі, Украіны і Польшчы — расейска-нямецкія акцыянэры "Nord Stream" праклалі трубы па дне Балтыкі на рэкордную адлегласьць 1224 кілямэтры. Гэта ім абышлося ў 8,8 мільярда эўра. Прадстаўнік "Газпрома" Сяргей Купрыянаў адзначыў, што новы газаправод акупіцца ня хутка, ён разьлічаны на 30—50 гадоў эксплюатацыі. Расея спадзяецца, што ў выніку яе доля на эўрапейскім газавым рынку вырасьце з 25 да 30 працэнтаў. Пад "Паўночны паток" ужо прададзены дадатковы аб'ём газу — 22 мільярды кубамэтраў.

Прапускная здольнасьць "Паўночнага патоку" — 27,5 мільярда кубамэтраў у год. Беларускія газаправоды ("Белтрансгаз" і "Ямал-Эўропа") летась перапампавалі 43,2 мільярда кубамэтраў расейскага газу.

Былы супрацоўнік "Белтрансгаза" Алесь Мех называе пуск "Паўночнага патоку" вялікім ударам па транзытнай будучыні Беларусі, бо геаграфічна ён стаў альтэрнатывай ня столькі ўкраінскім газаправодам, колькі беларускім:

Алесь Мех
Алесь Мех
"Гэта ўсё залежала ад таго, што тыя людзі, якія кіруюць у нас дзяржавай, проста не выконваюць дамоўленасьці, якія існуюць паміж суб'ектамі гаспадараньня. Самы кароткі шлях у Нямеччыну пралягае празь Беларусь і Польшчу, але ў сувязі з тым, што паміж Расеяй і нашым кіраўніцтвам узьнікалі праблемы па транзыце, яны шукалі іншы шлях".

З прычыны гэтых супярэчнасьцяў Расея і адмовілася ад будаўніцтва празь Беларусь другой ніткі газаправоду "Ямал-Эўропа", згадвае спадар Мех:

"Страчаны ня проста транзытны шлях, страчана ў геапалітычным пляне менавіта выгаднае становішча нашай краіны. Тое, што гаворка йдзе пра мільёны даляраў — гэта адно, але як транспартная дзяржава нашая краіна страчвае частку сваіх магчымасьцяў".

Эканаміст Сяргей Чалы ня лічыць істотнымі страты Беларусі ад транзыту газу альтэрнатыўным маршрутам "Паўночнага патоку":

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
"Шчыра кажучы, я традыцыйна вельмі скептычна стаўлюся да гэтага праекту. Ён больш палітычны, чым эканамічны. І ў гэтым сэнсе я думаю, што пакуль нашаму кірунку транзыту мала што пагражае. Я ня бачу неабходнасьці "Газпрому" менавіта на нашым кірунку зьмяншаць перапампоўваньне".

Паводле спадара Чалага, "Паўночны паток" будавалі зыходзячы з празьмерна аптымістычных прагнозаў спажываньня газу. Цяпер жа ў канкурэнцыю ўступае сланцавы газ, а расейскі робіцца для Эўропы празьмерна дарагім. "Паўночны паток" у выніку будзе працаваць на палову магутнасьці і вельмі затратна, мяркуе Сяргей Чалы. Танны беларускі транзыт Расеі па-ранейшаму патрэбны, пра што сьведчыць цікавасьць Расеі да куплі другой паловы акцыяў "Белтрансгаза":

"Я думаю, што хутчэй гэты "Паўночны паток" будзе пагрозай Украіне, а не Беларусі, таму што карацейшага і таньнейшага транзыту Расеі не знайсьці. І расейцы цяпер лічаць, што, набываючы 50-працэнтную рэшту "Белтрансгаза", яны атрымліваюць адносна гарантаваныя ўмовы. А з Украінай такога дамагчыся не ўдалося, таму гэта ў большай ступені пагроза Кіеву".

Спэцыяліст у галіне энэргетыкі Алесь Мех лічыць небясьпечным продаж Расеі другой часткі акцыяў "Белтрансгаза", пра што цяпер дамаўляецца беларускі ўрад:

"Прадаваць і першыя 50 працэнтаў "Белтрансгаза" — гэта было вар'яцтва з боку кіраўніцтва дзяржавы ў сувязі з тым, што 86 працэнтаў энэргетычных рэсурсаў, якія ідуць на прадпрыемствы, — гэта менавіта газ, які пастаўляецца празь сетку "Белтрансгаза". Іншымі словамі, хто кантралюе "Белтрансгаз", той кантралюе ўсе прадпрыемствы нашай краіны. Гэта пытаньне ня проста эканамічнае, гэта пытаньне палітычнае, пытаньне выжываньня самой краіны, гэта пытаньне незалежнасьці".

Паводле спадара Меха, пуцінскія абяцаньні "інтэграцыйных зьніжак" у цане на газ для Беларусі ў 2012 годзе — ня больш чым чарговыя "інтэграцыйныя гульні", гэта як сыр у пастцы. У любым выпадку і насельніцтва, і прадпрыемствы будуць плаціць за газ паводле рынкавых цэнаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG