Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пагоня" над Парыжам


Над магілай дзеяча беларускай дыяспары ў Францыі Ўладзімера Шыманца ў Сартрувілі прымацаваны нацыянальны герб Беларусі.

Гарадок Сартрувіль – за некалькі кілямэтраў ад сталіцы Францыі, калі паглядзець на мапе – уверсе над Парыжам, на паўночным захадзе. Сям'я Шыманцоў пасялілася там у пачатку 50-х гадоў, і з таго часу беларуская прысутнасьць стала ў Сартрувілі прыкметнай.

Уладзімер Шыманец быў адным з найбольш актыўных дзеячоў беларускай дыяспары ў Францыі, доўгі час займаў пасаду міністра фінансаў ва ўрадзе БНР пры старшынстве Міколы Абрамчыка. Шыманец – аўтар марак БНР з выявай "Пагоні", мапай этнічнай Беларусі, партрэтамі прэзыдэнтаў БНР Крачэўскага і Захаркі.


Менавіта выяву "Пагоні" з той маркі ўвасобіў у сваім скульптурным творы сын Уладзімера, Лявон Шыманец. Выява "Пагоні" ў нядзелю была ўрачыста прымацавана на надмагільлі Ўладзімера і Эвэліны Шыманцоў.

– Гэта вялікая падзея для нашай сям'і, – сказала па тэлефоне з Канады дачка Ўладзімера Шыманца, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

– Гэта значная падзея для Сартрувілю, – адзначыла старшыня Асацыяцыі мастакоў Жызэль Жубрэль, якая ўзяла ўдзел у цырымоніі адкрыцьця выявы "Пагоні".

Пасьля ўрачыстасьці адбылася сяброўская вячэра ў доме Леаніда Шыманца і прагляд фільму "Ўяўны Парыж" пра менскую мастачку Ірыну Котаву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG