Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы пра першы дзень суду над Бяляцкім


У судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся судовы працэс над старшынём незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесем Бяляцкім.

Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад аплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Банкаўскія зьвесткі Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Бяляцкага вязьнем сумленьня. Справу разглядае судзьдзя Сяргей Бандарэнка. Пракурор – Валеры Сайкоўскі. Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Працэс адновіцца заўтра а 10-й раніцы. Першы дзень працэсу над Алесем Бяляцкім, які бараніў правы многіх людзей, ацэньваюць іншыя праваабаронцы.

Старшыня рады расейскага праваабарончага цэнтру «Мэмарыял» Алег Арлоў заўважыў, што працэс ідзе з абвінаваўчым ухілам, што судзьдзя Сяргей Бандарэнка часамі падмяняў пракурора, ня быў арбітрам у спаборніцтве бакоў:

Алег Арлоў
Алег Арлоў
«Гэта ўжо з самага пачатку схіляе да падазрэньня, што суд мае абвінаваўчы ўхіл. Таму баюся, што правасудзьдзе «па-беларуску» не прызначанае для магчымасьці высьвятленьня ісьціны ў справе Алеся Бяляцкага».

Ня меней зьдзівіла спадара Арлова нядбайнасьць у падрыхтоўцы матэрыялаў справы Бяляцкага, у прыватнасьці, што раздрукоўкі аб руху сродкаў па рахунках Бяляцкага ў значнай ступені не былі перакладзеныя з замежных моваў:

«Мяне перш за ўсё ўзрушыла тое, як пракурор мог зацьвердзіць абвінаваўчае заключэньне, калі ў хадзе працэсу высьвятляецца, што пракурор проста нічога не разумее ў гэтых дакумэнтах, што леглі ў аснову абвінавачаньня, якія паступілі з Польшчы і Літвы».

На думку спадара Арлова, Бяляцкі на працэсе трымаўся годна, дакладна паказаў, што сродкі якія ён атрымліваў, накіроўваліся на праваабарончую дзейнасьць, што іх нельга ацэньваць як асабісты даход.

Паплечнік Бяляцкага Ўладзімер Лабковіч таксама зьвяртае ўвагу на неахайнасьць у падрыхтоўцы крымінальнай справы, што пацьвярджае думку пра яе палітычны характар:

Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч
«Першы дзень паказвае, што нават калі рэжым імітуе крымінальную справу, яны ня могуць гэта зрабіць прыгожа. Мы сёньня пабачылі з адказаў на пытаньні спадара Бяляцкага і ягонага адваката, што абсалютна неахайна зробленая крымінальная справа, абсалютна бяздоказная і гэта таксама сьведчыць пра палітычны кантэкст. Людзі нават не турбуюцца пра тое, як іх праца будзе выглядаць у судзе, бо яны разумеюць, што ў неправавой дзяржаве любое іх абвінавачаньне незалежна ад таго, ці будзе яно рассыпацца ў судзе, ці ня будзе рассыпацца, ня мае ніякага значэньня, бо рашэньне пра пакараньне выключна палітычнае».

Бяляцкаму няма ў чым каяцца і прызнаваць віну – перакананы Уладзімер Лабковіч. Старшыня БХК Алег Гулак мяркуе, што рана рабіць высновы пра магчымае рашэньне суду, але відавочна, што прычына гэтага працэсу – перасьлед за праваабарончую дзейнасьць:

Алег Гулак
Алег Гулак
«Калі б у Беларусі забясьпечваўся ў дастатковай ступені міжнародны стандарт свабоды асацыяцыяў, дык не было б неабходнасьці адкрываць рахункі за мяжой, а можна было б зарэгістраванаму цэнтру «Вясна» адкрыта займацца сваёй дзейнасьцю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG