Беларускія ўлады дэпартавалі з краіны журналіста газэты "Маскоўскі камсамолец" Ігара Кармазіна, заявіўшы, што ён нясе пагрозу бясьпецы Рэспублікі Беларусь. Ігару забаронена зьяўляцца на тэрыторыі краіны цягам аднаго году. Валер Каліноўскі пагутарыў са спадаром Кармазіным у момант, калі той сышоў на пэрон Беларускага вакзалу ў Маскве.
Ігар Кармазін прыяжджаў у Менск для падрыхтоўкі артыкула пра беларускіх палітвязьняў. А напісаў рэпартаж пра ўласную дэпартацыю.
Усё, што адбывалася зь ім у Беларусі пасьля ягонай гутаркі з жонкай палітвязьня Ірынай Халіп, Ігар Кармазін называе "суцэльным парушэньнем закону".
"Проста на вуліцы падышлі людзі ў цывільным, не прадставіўшыся, не прад'явіўшы дакумэнты, заштурхалі мяне ў машыну. Запатрабавалі, каб я вывернуў усё з кішэняў, выдалілі запісы з дыктафона, якія я ў Менску зрабіў, потым адкаталі ў мяне адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі анфас і ў профіль… Па-мойму, усё гэта суцэльнае парушэньне ўсяго, чаго толькі можна".
Адметная матывіроўка дэпартацыі Ігара Кармазіна:
"Фармальная прычына, паводле якой мяне дэпартавалі, выслалі, — гэта тое, што я пагражаю бясьпецы Рэспублікі Беларусь. Так напісана ў дакумэнтах, якія мне выдалі, і так мне было сказана асабіста супрацоўнікамі праваахоўных органаў".
Чым канкрэтна журналіст Кармазін пагражае бясьпецы Рэспублікі Беларусь, міліцыянты не патлумачылі. Яны сказалі, што Ігар можа ў 10-дзённы тэрмін абскардзіць іх дзеяньні ў судзе, для чаго трэба будзе зноў зьявіцца ў Менск, але пры гэтым Ігару забаронена бываць у Беларусі:
"Мне забаранілі на год прыяжджаць у Беларусь. Калі ж я ўсё-ткі прыеду ў Беларусь цягам году, мне пагражае тры гады турмы. Гэта ўсё прапісана ў дакумэнтах, гэта ня толькі на словах было сказана, усё за пячаткамі і подпісамі".
Спадар Кармазін кажа, што цягам 2011 году ён бываў у Беларусі чатыры разы і да ўчарашняга дня яму ніхто не перашкаджаў. Ігар зазначае, што шмат езьдзіць па Расеі, але нічога падобнага на тое, што зь ім адбылося ў Беларусі, не перажываў:
"Адрозьненьні, вядома, ёсьць, у Расеі такое проста немагчыма. Я ў гэтым перакананы, і ня толькі перакананы — мая практыка паказвае, што такога ня можа быць, што чалавека проста хапаюць у цэнтры гораду на вуліцы і вязуць кудысьці, высылаюць з краіны — гэта ўжо верх нейкага абсурду. Я таксама не хачу сказаць, што ў Расеі ўсё гладка — але не да такой ступені".
Судзіцца зь беларускай праваахоўнай сыстэмай спадар Кармазін ня лічыць мэтазгодным. А вось пісаць пра Беларусь будзе:
"Напішу пра асабістыя ўражаньні, а потым — у мяне памяць добрая, я запомніў шмат, можна праз тэлефон нешта ўдакладніць. Яны дарма стараліся".
У Беларусі можна знайсьці шмат цікавых тэмаў для будучых артыкулаў, кажа спадар Кармазін, але ён ужо вызначыў, якія наступны рэпартаж хацеў бы напісаць перш за ўсё:
"Я ведаю, што было б цудоўнай тэмай: пра зьмену ўлады ў Беларусі, пра зьмену кіроўнага рэжыму, калі гэта здарыцца".
***
Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных заявіў, што Кармазін знаходзіўся ў Менску без акрэдытацыі. "Ён не атрымліваў акрэдытацыю пры беларускім МЗС. Такім чынам, ён знаходзіўся ў Беларусі з прыватным візытам", — сказаў Савіных. Чыноўнік удакладніў, што паводле беларускага заканадаўства для працы ў Беларусі прадстаўнікі ўсіх замежных СМІ павінны атрымаць акрэдытацыю ў МЗС.
Ігар Кармазін — ня першы замежны журналіст, якога беларускія ўлады дэпартавалі з краіны.
Карэспандэнта тэлеканалу НТВ Аляксандра Ступнікава ў сакавіку 1997 году пазбавілі акрэдытацыі і выслалі зь Беларусі.
У ліпені 2003-га зачынілі прадстаўніцтва НТВ у Беларусі, а яго кіраўніка Паўла Селіна дэпартавалі з краіны бяз права ўезду тэрмінам на 5 гадоў.
У чэрвені 2004-га за парушэньне "правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў" дэпартавалі ва Ўкраіну, таксама тэрмінам на 5 гадоў, намесьніка рэдактара газэты "Время" Міхаіла Падаляка.
13 сьнежня 2005 году карэспандэнтцы Польскага тэлебачаньня Агнешцы Рамашэўскай было адмоўлена ва ўезьдзе ў Беларусь. Спадарыню Рамашэўскую па прылёце ў Менск ня выпусьцілі з аэрапорту, нягледзячы на тое, што яна мела дзейную візу і гадавую акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў Беларусі. Памежныя службы анулявалі беларускую візу і дэпартавалі спадарыню Рамашэўскую з краіны чарговым авіярэйсам у Варшаву.
У 2006-м дэпартавалі расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава.
У 2009-м зь Беларусі дэпартавалі журналістаў расейскай тэлекампаніі НТВ Аляксея Малкава і Юрыя Бабенку, якія здымалі сюжэт пра зьніклых апазыцыянэраў.