Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Утрыманьне тэрарыстаў у турмах Ізраілю, або за што ў Беларусі пасадзілі Саньнікава?”


Эла Гарахоўская
Эла Гарахоўская
“Увесь час хацела запытацца ў вас: за што ў Беларусі пасадзілі майго сябра Андрушу Саньнікава?” - такое пытаньне прагучала ў Ерусаліме ля сьцяны плачу. Яго задала беларускім пілігрымам у самы апошні дзень іх вандроўкі на Сьвятую зямлю ізраільскі экскурсавод Эла Гарахоўская.

Пытаньне прагучала ў адказ на запрашэньне адной з найбольш сталых удзельніц вандроўкі “наведаць Беларусь, краіну, дзе заўсёды рады гасьцям.”

“Я сама маю беларускія карані, - адказала Эла. - Доўгі час жыла ў месцы, якое калісьці даўно называлася Дзьвінскам, цяпер – Даўгапілсам. Ведаю беларусаў. Калісьці адпачывала ў адным лягеры з Андрэем Саньнікавым і пасябравала зь ім. А потым была ў яго ў гасьцях ў Менску. На той час мы абодва былі дарослымі людзьмі. Запомнілася яго інтэлігентная сям’я ды бацькоўская кватэра ў цэнтры гораду са стольлю пад чатыры мэтры. Калі даведалася, што Андрэй кінуты ў турму, напачатку нават не паверыла”.

Акрамя мяне размову пра палітвязьня і кандыдата на прэзыдэнта Беларусі ніхто падтрымліваць ня стаў. Магчыма, тыя чалавек 10-15, якія стаялі побач з гідам і чулі яе словы, былі найбольш апалітычнай часткай нашай вялікай групы, а таму нічога ня ведалі пра тое, што ў беларускія турмы кідаюць таксама і за палітыку. Магчыма, яны ўсё ж тое-сёе ведалі, аднак проста пабаяліся гаварыць на падобныя тэмы. У любым выпадку выглядала, што грамадзянка Ізраілю інфармаваная пра сытуацыю ў Беларусі больш за некаторых беларусаў.

“За лёсам маіх добрых знаёмых, калі яны публічныя людзі, сачыць вельмі проста пры цяперашніх СМІ ды Інтэрнэце, - распавяла мне Эла. - Быў час, калі жыцьцё, здавалася, разьвяло мяне з гэтымі людзьмі назаўсёды. Аднак некалькі гадоў таму я вырашыла набраць у інтэрнэтаўскім пошукавіку імёны тых, пра каго хацелася б даведацца. Узрост мой такі, што цікавісься, як працягнуўся далей сюжэт, у якім калісьці давялося прысутнічаць і мне. З таго часу ў курсе падзеяў мяне таксама трымае і мой муж, які сочыць за палітычнымі навінамі, і ў якога больш часу для Інтэрнэту.”

Прафэсійны пэдагог ды псыхоляг, вядомы ў СССР аўтар шматлікіх навуковых публікацый, Эла Гарахоўская, якая і ў Ізраілі шмат працавала з так званымі цяжкімі, схільнымі да крыміналу падлеткамі і маладзёнамі, шчыра зьдзіўленая тым, што за краты трапіў сябар яе юнацтва Андрэй Саньнікаў.

Калі жывеш у Ізраілі і ведаеш законы гэтай краіны, зразумець усю жорсткасьць пакараньняў да ўдзельнікаў падзеяў 19 сьнежня вельмі цяжка, кажуць нашы колішнія землякі.

Хутка пасьля вяртаньня дадому я праз электронную пошту атрымала ад Элы адказ на свой запыт адносна пакараньняў удзельнікаў самых злосных злачынстваў у Ізраілі, зьдзейсьненых паводле рэлігійных, ідэялягічных ды палітычных прычынаў. Размова ідзе пра тэрарыстаў. Адразу адзначу, што вышэйшая мера пакараньня – сьмяротнае – у дачыненьні да тэрарыстаў не ўжываецца. Паводле афіцыйных зьвестак, за ўвесь час існаваньня дзяржавы Ізраіль сьмерцю былі пакараныя толькі два чалавекі. Гэта абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе і шпіянажы на карысьць Вялікабрытаніі вайсковец Мэір Тувіанскі(1948) і былы супрацоўнік гестапа Адольф Эйхман(1962).

Працяг расказу пра ўтрыманьне тэрарыстаў у Ізраілі ў праграме “Свабода ў турмах” у наступныя выходныя.

Таксама ў праграме:


  • “Раю Пастаяннаму прадстаўніку Беларусі пры ААН наведаць нашу калёнію”. З допісу асуджанага.
  • “Магілёўшчына: край, дзе перабыло найбольш палітвязьняў”. Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG