Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Засульле: хуткасны заняпад працягваецца


Сёньня беларускія мытнікі ды навакольныя аўтааматары называюць заснаванае яшчэ татарскімі князямі Ўланамі ў 1487 годзе старажытнае Засульле крымінальным пунктам. Упершыню сутыкнуўся з гэтым, вандруючы па Стаўпеччыне па лініі Засульле — Коласава ўздоўж мэгаполісаў зь лецішчаў, дзе 2 тысячы дачнікаў. У садовым каапэратыве «Коласава-93» 70-гадовы спадар Васіль Варышаў тады мне наракаў:

Варышаў: «Некалькі разоў быў ля Засульля — там ні праехаць, ні прайсьці, бо яміны, выбоіны. Падвеска — некалькі раз праехаў — і на тэхагляд…».

А ўся справа ў тым, што за некалькі км ад Засульля — мытны пункт, дзе з дальнабойшчыкаў за праезд фур па аўтабане Масква — Брэст бяруць збор у 10 эўра. Тыя ж, каб не плаціць, гадамі ўжо збочваюць у аб’езд на вёску. Дарогу вакол разьдзяўблі да такога стану, што на пэўных прамежках дарагія мэрсэдэсы, кажуць, едуць з хуткасьцю 10 км у гадзіну. На лецішчы непадалёк я сустрэўся з карэнным засульцам, 55-гадовым Іванам Талстым. Параўнальна нядаўна ён працаваў старшым інспэктарам на «тэрмінале», як называюць у народзе пункт кантролю і спаганяньня дарожных збораў. Іван сытуацыю ведае знутры.

Талстой: «Тэрмінал — гэта неабходнасьць, бо сродкі, што атрымліваюцца, ідуць на рамонт дарогі. А дарога Брэст — Масква — найлепшая ў краіне. І аплата мінімальная ў параўнаньні з тым, што сплачваюць за мяжой. Але праз Засульле ідзе аб’езд. Там плянавалі паставіць дадатковы тэрмінальчык. Зрабілі асфальтавую пляцоўку, і нічога далей не пайшло…».

Карэспандэнт: «Пры гэтым аб’яжджаюць менавіта славянскія кіроўцы, якія яго ведаюць, а немцы і палякі езьдзяць аўтабанам Масква — Брэст…».

Талстой: «І плацяць як сьлед! У расейцаў карты ёсьць, дзе гэтыя дарогі пазначаныя. Хоць стаяць знакі, што праезд праз Засульле, калі больш за 8 тон, забаронены — увагі не зьвяртаюць. Міліцыя стаіць — злапалі, ну, пакараюць штрафам як за парушэньне дарожнага знаку — зноў жа, грошы ідуць у міліцыю, а не на аўтастраду. А там трэба зрабіць пераходы падземныя, бо на Коласава як ісьці — колькі людзей гінула! Кіроўцы ж не прызвычаіліся спыняцца на аўтастрадзе, тым больш зь лецішчаў ідуць канкрэтна „датыя“…».

Карэспандэнт: «Чаму ўсё-ткі 10 год міні-тэрмінал на Засульлі, празь які працякае мора патэнцыяльных дзяржаўных грошай — ня робяць?».

Талстой: «Хутчэй за ўсё, з-за недахопу дзяржаўных грошай. Даведаюцца пра міні-тэрмінал, і праз Засульле ніводная машына ехаць ня будзе. Чалавек ня будзе прыносіць ані капейчыны, а яму заробак плаціць. На тэрмінале зараз ён — паўтара мільёна. Гэта тая самая нерухомасьць нашай камандна-адміністрацыйнай сыстэмы…».

Між іншым, магутныя грузавозы праходзяць непасрэдна празь вёску, пагражаючы жыцьцю тутэйшых. Таму старшыня сельсавету, спадарыня Тацьцяна Юнцэвіч, на гэты конт выказалася тут жа.

Юнцэвіч: «Зрабіць разьлік — за дзень праходзіць да 50 машын. Гэта 500 эўра, у месяц — 15 тысяч. І яны будуць езьдзіць па той дарозе, па якой трэба. Гэта вялікая небясьпека. Дзеткі малыя ідуць у садок з бацькамі, у школу. Тратуараў у нас няма! Яны і ўвечары езьдзяць, а вуліца не асьвятляецца. Хацелася б, каб ДАІ раз на тыдзень хаця б рабіла некалькі рэйдаў на гэтай дарозе…».

З гэтымі фурамі і сьмех, і сьлёзы — кажа мне мясцовая, спадарыня Галіна Сахар.

Сахар: «Як аб’яжджаюць, абрываюць нам правады. Неяк устаю зранку, чую грукат, як па мэтале. Гляджу — ідзе фура, а на ёй вялікая галіна дрэва. А жанчына старая глядзіць — машына са сьмецьцем ідзе!». (Сьмяецца.)

* * *
Ад аўтабана да Засульля іду паўзь вячысты хваёвы лес, паабапал ушчэнт завалены суччам ды ашчэпкамі дрэў — некаторыя зь іх паваленыя ўраганам. Каб прыбраць — няма ані сродкаў, ані людзей. Зазначае памянёны Іван Талстой:

Талстой: «Засталіся пэнсіянэры. Дзеці ў Менску, Стоўпцах, Дзяржынску — разьехаліся. Працаваць, нібы, ёсьць дзе, але не для спэцыялістаў. Як я радыёінжынэр — мне ня знойдзецца, хіба халтурыць — тэлевізары чыніць. Аграгарадок пабудавалі 4 гады таму. Платы пазносілі ў калгасным садзе і палову яго — таксама з умовай, што адновяць. Але воз і цяпер там. У людзей платы пазносілі — сельсавет кажа зьвяртацца ў калгас, калгас — у сельсавет. А калі адновяць, невядома. Слуга слугу, а пану трасца! Лаяцца ўжо не хапае сіл…».
У людзей платы пазносілі — сельсавет кажа зьвяртацца ў калгас, калгас — у сельсавет. А калі адновяць, невядома. Слуга слугу, а пану трасца!

Старшыня ж сельсавету Тацьцяна Юнцэвіч на сваёй тэрыторыі ніякіх праблемаў ня бачыць:

Юнцэвіч: «10 мільёнаў далі на добраўпарадкаваньне — магільнік у Ражанцы абгарадзілі. Тратуарчыкі — наша мара. І каб вуліцы асьвятляліся. На сёньняшні дзень створаны ўсе ўмовы ў аграгарадку — у нас ёсьць і амбуляторыя, школа, дзіцячы садок, дом быту, палац культуры. Шмат гурткоў — дзеці заўсёды занятыя. Палівам, вадой людзі забясьпечаныя. Я праблем ніякіх ня бачу на нашай тэрыторыі…».

Засульле яшчэ з савецкіх часоў вядомае тым, што калгас у гэтай вёсцы носіць імя паэта Каруся Каганца, які правёў тут дзіцячыя ды юнацкія гады. Да мясцовай краязнаўцы, бібліятэкаркі Галіны Сахар мяне праводзіць 64-гадовы спадар Іван Рубін, які па шляху расказвае:

Рубін: «У нас ужо не калгас, а акцыянэрнае таварыства, і ён не старшыня, а дырэктар ААТ „Каганец“. Нічога не зьмянілася — нічога! Колькі зямлі стаіць — людзі патрабуюць абкасіць хаця б ды здаць у тое ж ААТ у якасьці кармоў. А каму трэба? Во-во і Галя Сахар…».

Спадарыня Галіна апавядае не па-акадэмічнаму — пра тое, што дачулася ад засульцаў.

Сахар: «Апошні пан Крупскі быў. Мясцовы мне распавядаў, як у вайну на немцаў партызаны напалі. А тыя ўзялі 10 закладнікаў-засулінцаў. І, казалі, Крупская прыяжджала, заступілася, і іх адпусьцілі. Засульле ў Польшчы было. Тут зусім блізка да вайны праходзіла мяжа. І праз узмацняльнікі выхвалялі, як добра ў Савецкай Беларусі. Яшчэ тата мне расказваў, што во хлусілі, як у нас пяюць ды танчаць. І некаторыя пайшлі сюды „танцаваць“ — у Сыбіры датанцавалі. Бо як пераходзіць — значыць, шпіён. Аднаклясьніца расказвала, што многія былі ў коньніцы Будзённага ў грамадзянскую вайну — на здымку яе дзед сядзіць з вусамі. У 39-м коньніца праз Засульле праходзіла, казалі, многія падыходзілі, і Будзённы пазнаваў…».

Карэспандэнт: «Што-небудзь вядома пра маладыя гады Каганца?».
Нават цяпер ёсьць „карусікі“ — мясцовая мянушка далёкіх родных Каганца.

Сахар: «Нават цяпер ёсьць „карусікі“ — мясцовая мянушка далёкіх родных Каганца. Дарэчы, у школе ёсьць яго музэй. Сяброўка кажа — Іра „Карусік“ прыехала. Камень паставілі, што жыў тут. Яго бацьку пасьля паўстаньня Каліноўскага выслалі ў Сыбір, ён там нарадзіўся, вярнуліся, як год 10 было. Яго ж прозьвішча Казімір Кастравіцкі. А „каганец“ — плошка, напоўненая тлушчам з кноцікам — сьвяцільнік такі….».

Карэспандэнт: «Аграгарадок „сьвечку“ ў Засульлі запаліў?».

Сахар: «Асфальт паклалі — праўда, раней. Водаправод падрамантавалі — праўда, яго тут няма, маўляў, асфальт перашкаджае. А заробкі — як ва ўсіх вёсках. Во пішуць, што сярэдні заробак — мільён 100. Тады я ня ведаю, за колькі чалавек атрымлівае старшыня калгаса. На сьвінафэрме 600–700, а даяркі — у 4 раніцы вязуць — за паўмільёна мо ўлетку крыху пераскоквае. Цяпер у нас зерняток. І я хацела пахадзіць падрабіць — зерне падсыпаць, падграбаць. Дык мне сказалі — тысяч 30–35 за адну зьмену з 8 раніцы да 8 вечара! Я атрымліваю недзе 800. У гаспадарцы сабака з катамі (сьмяецца) — куры і каза. А здаваць малако нашы на лецішчы возяць — там па 9 тысяч трохлітровы слоік. І яйкі добра — дзясятак 5–6 тысяч…».

Разам з Галінай ідзем да старажылкі і проста ўсімі паважанай 67-гадовай настаўніцы, спадарыні Жыхар. Вера Мікалаеўна бляндынка, яна прамяніцца добразычлівасьцю, а таксама… адмысловым засульскім гумарам.

Жыхар: «Сьмешныя гісторыі мой бацька расказваў. Была ў нас жанчына Каробка, здатная на прымаўкі-прыбауткі. А немцы ў 43-м адступалі. Узьлезла на скляпок — а яна мудрэй за 150 кг — падняла спадніцу і „А-а, тры гады пяр…лі, Маскву не паглядзелі“. (Сьмех.) Немцы пусьцілі чаргой з аўтамата. А ў яе нарадзіўся пляменьнік. Выпілі, яна з-за стала ўздымаецца і зноў пачынае — ледзь супакоілі. Пасьля вайны мужык яе стаў землямерам. Бацька ня быў у калгасе. Прыйшоў да нас у засьценак і па самыя вуглы раз — тут садзіць ня будзеш, гумно і каня забіраем…».

Карэспандэнт: «Ад уладаў Засульле цярпела?».

Жыхар: «Цярпела. Хай сабе атрымліваю мільён. Прайшло ў гэтым месяцы 3 дні нараджэньня з падарункамі, дык я яго ня ведаю — сала не магу купіць, бо 50 тысяч кілё. А вучэньне платнае! Унук прыяжджае — 10 мільёнаў у год у БНТУ. У Бараўлянах выдаляла ў анкалёгіі радзімку — 300 тысяч,а мне трэба 6. А я начамі ня спала. У мяне сям’я была на 6 чалавек. Я купіла тры булкі — ведала, хапае на суткі. А цяпер з такімі цэнамі — гэта страшна. Было вясельле ў Брэсьце — хацелі падарыць далярамі. І ўсё — па 8 тысяч!».

Самае прэстыжнае па заробках месца працы засульцаў — сьвінагадоўчы комплекс на 3 тысячы галоў. Мэтраў за 100 ў нос б’юць гнойныя пахі. Перад уваходам жа — клюмбы з кветкамі. Тым ня менш 20-гадовая вэтурач Вера Кордан, якая толькі адбыла належныя пасьля каледжу 2 гады адпрацоўкі, задаволеная.

Кордан: «Каля 800 тысяч атрымліваю, сыходжу ў дэкрэтны адпачынак. Але, відаць, засталася б — працы няшмат…».

Я знаёмлюся з высокай, мажнай даяркай, спадарыняй Пікулай. Фізычныя дадзеныя падкрэсьліваю невыпадкова.

Пікула: «У нас у сярэднім мільён бывае. Абслугоўваю „мамаў“ галоў 50 і парасятак. Чысьцім, падсыпаем, муку возім уручную — мэханізаванага нічога няма. Самі езьдзім, самі на роварах…».

У памянёнай спадарыні Веры Жыхар нявестка таксама працуе на сьвінакомплексе.

Жыхар: «Усё ўручную вычышчай! „Зялёнку“ прывезьлі — бяры тэчку і кожны да сваіх. Ані душавой, у абед бяжыць дадому, грэе ваду, і ўвечары таксама. У Лукашэнкі была задума маладых спэцыялістаў кінуць старшынямі. І вось наш Захарчук у тэлекамэру глядзіць буйным плянам — „мільён 100 тысяч“. Ані разу мая нявестка не атрымала! З Узбэкістану запрашае, навалач зь беларусаў, што пасьпіваліся. Паштальёнка прыходзіць — „Які жах! Нашу газэты ў аградомікі. Стаіць дзяціна здаравушчая, а солі з палец на ганку — сьлізка. Кажу — зараз жа разьесьць бэтон. А ён — ха, у Беларусі шмат гарадкоў, паеду ў іншы“. Не сваё, нічога ня ўклаў. А нашым домікі не даюць. А сталі домікі развальвацца. А ты хоць калгасьнік, тут і працуеш — каштарысы такія вывешваюць! Божа — дзе ж тыя маладыя тут будуць жыць! Ужо коней няма — нічога не саджу, акрамя дзьвюх градак…».

Спадарыням Галіне Сахар ды Веры Жыхар задаю пытаньні «на засыпку» — пра будучыню вёскі і пра палітыку.

Карэспандэнт: «Што, думаеш, з Засульлем будзе?».

Сахар: «Цяпер тут ужо большасьць — дачнікі. У часы маёй маладосьці ў Засульлі было 240 дамоў і пад 900 насельніцтва. А цяпер колькі дамоў, столькі чалавек: па перапісе 2004-га — трыста. На нашай вуліцы дзіця пойдзе ў школу, 6 вучняў — а вуліца на паўтара кілямэтра. У навакольлі пачатковых школ закрылі штук пяць. А ў нас у 10 клясе засталося чалавекі чатыры…».

Карэспандэнт: «А за Лукашэнку галасавалі на выбарах?».

Жыхар: «Канечне! Бабка да мяне падыходзіць — Мікалаеўна, выкрасьлі тут, ён пэнсіі нам даў! Я за Някляева прагаласавала і дзецям загадвала. І ўсё роўна нічога не атрымалася. Ня будзе толку пры гэтай уладзе…».
Падарожжы Свабоды

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG