Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто і чаму дае грошы беларускаму рэжыму?


Расейскі «Сбербанк» выдзяляе Беларусі 1 млрд даляраў. Чаму памяняўся фармат гэтай зьдзелкі? Ці сапраўды Эўразьвяз гатовы даць 2 млрд эўра за вызваленьне палітвязьняў? Якія шанцы на атрыманьне крэдыту МВФ?

Удзельнікі: палітычны аглядальнік газэты «Наша ніва» Сяргей Богдан зь Менску і экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі з Варшавы.

Сяргей Богдан
Каміль Клысінскі
Валер Карбалевіч

Крэдыт «Сбербанку»


Валер Карбалевіч: «Больш за месяц таму расейскія афіцыйныя крыніцы паведамілі, што дзяржаўны банк Расеі „Сбербанк“ разам зь нямецкім „Дойчэбанкам“ гатовыя выдзеліць 2 мільярды даляраў пад заклад 35% акцыяў „Беларуськалія“. Прычым ніхто не хаваў, што ў рэальнасьці крэдыт выдзяляецца ўраду, яго плянавалася залічыць у золатавалютныя рэзэрвы Нацбанку. Аднак ураду Беларусі такая схема не спадабалася, перамовы працягваліся. І вось нарэшце зьявілася інфармацыя, што „Дойчэбанк“ адпаў, крэдыт выдзяляе толькі расейскі „Сбербанк“, не 2, а 1 млрд даляраў і без патрабаваньня закладу акцыяў „Беларуськалія“. Як гэта можна пракамэнтаваць?».

Сяргей Богдан: «Справа ў тым, што спадзяваньняў на вяртаньне крэдыту ў 2 млрд было мала. А ў такім выпадку давялося б аддаваць 35% акцыяў „Беларуськалія“. Такі пакет акцый за такія грошы — гэта танна. „Беларуськалій“ — гэта найбольш прывабнае беларускае прадпрыемства, якое ўлады прададуць у апошнюю чаргу. Таму і была перагледжана крэдытная схема.

Расея выдзяляе гэты крэдыт таму, што яна ня хоча тапіць Лукашэнку. Атрымаўшы гэты крэдыт, беларускі рэжым у кароткатэрміновай пэрспэктыве (восень, зіма) свае праблемы вырашае. Бітвы Лукашэнка ня выйграў, але гэты раўнд ён выйграе».

Каміль Клысінскі: «Згодзен з тым, што крэдытная схема была перагледжана, бо рэжым ня хоча траціць стратэгічны, самы каштоўны актыў — „Беларуськалій“.
Паводле падліку эканамістаў, Нацбанку дзеля ўтрыманьня абменнага курсу ў памеры 8 тыс. рублёў за даляр патрабуецца мінімум 2 млрд даляраў..

Але я не лічу, што Лукашэнка тут шмат выйграў. Бо адбываецца беспрэцэдэнтны эканамічны крызіс. Пачынае працу дадатковая сэсія на валютнай біржы. Паводле падліку эканамістаў, Нацбанку дзеля ўтрыманьня абменнага курсу ў памеры 8 тыс. рублёў за даляр патрабуецца мінімум 2 млрд даляраў. То бок гэты 1 млрд у доўгатэрміновай пэрспэктыве не вырашае нічога.

Стратэгічны курс Расеі — падтрымліваць беларускі рэжым, але мінімальна. Калі Лукашэнка пойдзе на саступкі ў важных для Масквы пытаньнях, то дапамога павялічыцца. Пэўным чыньнікам для выдзяленьня крэдыту „Сбербанка“ стаў флірт Менску з Захадам».

Ці гатовы ЭЗ даць 2 млрд эўра за вызваленьне палітвязьняў?


Карбалевіч: «У панядзелак польская газэта „Rzeczpospolita“ са спасылкай на крыніцу ў польскім МЗС паведаміла, што на сустрэчы з Лукашэнкам міністар замежных спраў Баўгарыі Младэнаў павінен быў прапанаваць 2 мільярды эўра ў абмен на вызваленьне ўсіх палітвязьняў да канца бягучага году. Аднак баўгарскі МЗС гэта абверг. Наколькі верагодная такая зьдзелка?».

Клысінскі: «Ня думаю, што гэтая інфармацыя адпавядае рэальнасьці. Візыт Младэнава азначае вельмі папярэднія кансультацыі. ЭЗ патрабуе вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітвязьняў. У эўрапейскіх палітыкаў ужо ёсьць няўдалы досьвед абяцаньня канкрэтных грошай за саступкі, якія яшчэ ня зробленыя».

Богдан: «Таксама думаю, што гэтая зьдзелка малаверагодная. Бо яна не адпавядае пазыцыі ЭЗ. Але, зь іншага боку, такі фармат перамоваў якраз зразумелы Лукашэнку.
Крэдыты Расеі больш прывабныя, бо іх можна і не аддаваць.

Вось сп. Клысінскі кажа пра няўдалы досьвед абяцаньня грошай. Я так разумею, што гаворка ідзе пра прапанову міністраў замежных спраў Нямеччыны і Польшчы падчас іх візыту ў Менск перад выбарамі, калі яны паабяцалі 2 млрд эўра за дэмакратычнае правядзеньне выбараў. Але праблема ў тым, што тая прапанова была размытая, там былі абяцаныя і гранты, і крэдыты, і іншае. Таму яна і не прывабіла Лукашэнку. Крэдыты Расеі больш прывабныя, бо іх можна і не аддаваць».

Якія шанцы атрымаць крэдыт ад МВФ?


Карбалевіч: «Вядома, што Беларусь зьвярнулася да Міжнароднага валютнага фонду з просьбай выдзеліць ад 3 да 8 млрд даляраў крэдыту. Беларускае пытаньне было разгледжана на радзе дырэктараў фонду, але інфармацыя пра вынікі яго абмеркаваньня нейкая цьмяная. А вось у пятніцу Лукашэнка з абурэньнем заявіў, што МВФ у якасьці ўмовы выдзяленьня крэдыту ставіць вызваленьне палітвязьняў. Што тут праўда, а што не? І ці вялікія шанцы ў Беларусі атрымаць крэдыт ад МВФ?».

Богдан: «Абурэньне Лукашэнкі хутчэй найгранае. Бо МВФ кантралюе Захад. ЗША займаюць жорсткую пазыцыю, зь імі салідарызуецца ЭЗ. Таму лягічна, што зьявіліся палітычныя патрабаваньні. Лукашэнка пераацэньвае сваю важнасьць у сьвеце і Эўропе. Шанцаў на атрыманьне крэдыту ад МВФ мала. У 2008 годзе пасьля расейскай агрэсіі на Каўказе сытуацыя была іншая, тады ЭЗ пайшоў на дыялёг зь Менскам».

Клысінскі: «Павінна быць „дарожная мапа“ ў адносінах Беларусі і ЭЗ. Эўропа лічыць вызваленьне палітвязьняў папярэдняй умовай пачатку сур’ёзных перамоваў аб крэдытах. Пэрспэктыва атрыманьня крэдыту МВФ вельмі маленькая. Бо фонд дзейнічае ў палітычным кантэксьце. Існуе няяснасьць і наконт эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў. Пазыцыі бакоў у адносінах Беларусі і ЭЗ вельмі розныя. Хтосьці павінен саступіць. Але грошы патрэбныя Беларусі, а не Эўразьвязу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG