Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Сасноў: "Пазьняк раіў не ісьці міністрам да Лукашэнкі"


20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме "Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці" штотыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.


Аляксандар Сасноў — адзін з самых запатрабаваных і аўтарытэтных беларускіх экспэртаў у пытаньнях працы і занятасьці. Ягонай думкі пытаюцца заўжды, калі трэба даведацца, у якіх умовах беларусы працуюць, колькі зарабляюць, ці дастаткова клапоціцца пра іх дзяржава і ці сапраўды ў нас такі нізкі ўзровень беспрацоўя.

Прафэсійная і сямейная гісторыя Аляксандра Саснова — ня самая тыповая. У Вярхоўны Савет 12-га скліканьня ён прыйшоў з акадэмічнага асяродку. Сасноў — кандыдат эканамічных навук, доўгія гады выкладаў у Гомельскім політэхнічным інстытуце, загадваў там катэдрай.


Аляксандар Сасноў падчас службы ў войску. 1967 год

Аляксандар Сасноў: "Мне хацелася нешта зьмяніць, і гэтае жаданьне зьявілася не ў 1990-м годзе, а трошкі раней, у 1989-м годзе, калі былі выбары ў ВС СССР. Стала бачна, што нейкія зрухі ёсьць у краіне. Я ўжо тады хацеў прыняць нейкі ўдзел і прыняў трохі.

Калі я ішоў у дэпутаты, ні аб якай "незалежнасьці" пытаньня ў мяне не было. І з выбарцаў пра гэта ніхто не пытаўся. У мяне ўва ўлётках было нешта сказана пра тое, што кожная краіна павінна валодаць усімі магчымасьцямі, сама ўсё рабіць. Але каб поўная незалежнасьць — пра гэта можна было толькі марыць. А я нават ня марыў. Таму калі я прыйшоў у дэпутаты і ўтварылася такая сытуацыя, што Беларусь можа стаць незалежнай, то як было не падтрымаць гэтую ідэю?! Бо калі пачытаеш гісторыі, пабачыш, што рабілі нашыя "браты з усходу", то ня хочацца жыць разам — а толькі побач".


Аляксандар Сасноў не належаў да апазыцыі БНФ у Вярхоўным савеце, аднак шмат у чым падтрымліваў яе прапановы. Сваю самастойнасьць і адданасьць Аб’яднанай грамадзянскай партыі ён падкрэсьлівае пасьлядоўна, аднак на пачатку 90-х ягоныя перакананьні супадалі з фронтаўскімі. Сасноў быў таксама сябрам Ценевага ўраду апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце.


"Кебіч нешта пра незалежнасьць задумаўся, нейкі круглы стол там плянуе — брэша ўсё!"


Аляксандар Сасноў: "Я ня быў членам апазыцыі БНФ і ў БНФ ніколі ня быў, нягледзячы на словы Лукашэнкі. Але тое, што яны прапаноўвалі, нельга было не падтрымаць — і незалежнасьць краіны, і наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнага статусу — і далей, і далей, і далей".

Плошча Незалежнасьці. Жнівень 1991 году

У біяграфіі Аляксандра Саснова адмыслова пазначаныя тыя моманты, калі яму даводзілася дэманстраваць свае погляды і публічна выказваць нязгоду:

Аляксандар Сасноў: "У жніўні 1991 году ў Кебіча пазыцыі не было ніякай — ён падтрымліваў усё тое, што рабілася ў Маскве. Калі б у Крамлі ўмацаваўся ГКЧП, ён падтрымаў бы ГКЧП. Калі б умацаваўся Гарбачоў, ён падтрымаў бы Гарбачова. Кебіч ня мог дапусьціць думкі, што будзе кіраваць краінай. Нейкім кавалкам краіны ён можа кіраваць. А вось усёй краінай… І падзеі былі настолькі хуткія, што ён не пасьпеў нічога зрабіць. А што б ён дакладна зрабіў — гэта здаў бы Беларусь у Расею. Я зараз чытаў, што Кебіч нешта пра незалежнасьць задумаўся, нейкі круглы стол там плянуе — брэша ўсё! Ён бы здаў Беларусь адным махам, калі б застаўся ўва ўладзе.

А вось усё, што зрабілі па ўсталяваньні прэзыдэнцтва, — гэта ўжо зрабілася пры Шушкевічу. Я прымаў удзел у Канстытуцыйнай камісіі па гэтым пытаньні. І перамагла пазыцыя "моцны прэзыдэнт". Я падтрымліваў апазыцыю БНФ, якая адстойвала канцэпцыю "слабога прэзыдэнта". Бо мы ведалі, што ў такіх краінах, як наша, "моцны прэзыдэнт" — гэта амаль тое ж самае, што КПСС. І таму, калі Канстытуцыйная камісія пачала распрацоўваць канцэпцыю "моцнага прэзыдэнта", я адтуль сышоў. А што там рабіць?

І калі ўжо галасавалі за Канстытуцыю, хоць гэта і вельмі марудна ішло, вельмі цяжка, але прагаласавалі, і я ўжо, вядома, удзелу ў гэтым вэрхале не прымаў. Я дэманстратыўна казаў, што я за такую Канстытуцыю галасаваць ня буду. "Моцны прэзыдэнт" прывядзе да ўзурпацыі ўлады, а потым гэта адаб’ецца на кожным, хто прымаў у гэтым удзел. Так і адбылося".

Сэсія Вярхоўнага Савету. Жнівень 1991 году

Падчас першай прэзыдэнцкай кампаніі Аляксандар Сасноў адкрыта падтрымаў кандыдата ад БНФ Зянона Пазьняка.

Аляксандар Сасноў: "Я ўдзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі на баку Пазьняка. Мы зь ім шмат праехалі гарадоў, гарадкоў, выступалі. Я звычайна на рускай мове эканамічныя пытаньні асьвятляў, а потым выходзіў Пазьняк і ўжо на беларускай мове. Тым самым падкрэсьлівалася, што ў нас і рускамоўныя, і беларускамоўныя ёсьць. І ніякіх пытаньняў паміж імі няма. А афіцыйная ж прапаганда заўсёды казала, што вось "гэтыя" прыйдуць і адразу ўсіх прымусяць размаўляць на "мове". Нічога такога ніхто і не зьбіраўся рабіць".

Усім вядома, чым скончыліся тыя выбары, але маштаб зьменаў, да якіх яны прывядуць, тады быў відавочны ня кожнаму. Аляксандар Сасноў прыняў прапанову стаць міністрам працы ў першым урадзе Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандар Сасноў: "Думаю, што памыляўся, ня трэба было ісьці. Ня вельмі дакладна ведаў Лукашэнку. Ня думаў, што Лукашэнка захопіць уладу — думаў, што адбудзе свае два тэрміны і сыдзе. Але…


"Толькі Пазьняк сказаў, што ісьці ня трэба, бо Лукашэнка ня той чалавек, да якога трэба ісьці"


Калі Лукашэнка перамог, я заставаўся ў ВС. Ні пра што такое ня думаў, але мяне неяк запрасіў Сяргей Лінг. Ён тады быў намесьнік старшыні ўраду, і кажа: вось калі табе прапанаваць Міністэрства працы, пойдзеш ці не? Я кажу: "Падумаць дайце".

Спытаў на ценевым кабінэце — ісьці, не ісьці? Большасьць сказала — ісьці, бо, па-першае, досьвед патрэбны. Другое — тое заканадаўства, што мы рабілі, ужо працавала. Якраз па маёй камісіі шмат якія законапраекты ішлі, і я мог праверыць на практыцы, як яно працуе. Сэнс быў ісьці. Толькі Пазьняк сказаў, што ісьці ня трэба, бо Лукашэнка — ня той чалавек, да якога трэба ісьці. Пазьняк далёка глядзеў і глыбока бачыў, таму, відаць, ён меў рацыю".

Удзельнікі ўсясьветнага саміту ад Беларусі ў верасьні 1994 году ў Каіры. Аляксандар Сасноў — скрайні справа, зьлева ад яго міністар сацыяльнага забесьпячэньня Вольга Даргель і віцэ-прэм'ер Віктар Ганчар.




Аляксандар Сасноў — адзін зь нешматлікіх людзей, якія цяпер могуць распавесьці, як пачыналася вэртыкаль прэзыдэнцкай улады:

"У міністэрстве нашым палічылі, і атрымалася, што прапаршчык атрымлівае на ўзроўні віцэ-прэм’ера. Адразу ў мяне галоўны вораг стаў Шэйман".


Аляксандар Сасноў: "Запрасілі мяне да Лукашэнкі. Там цэлы вэрхал сядзеў у яго ў кабінэце — яшчэ ў будынку Дома ўраду. Ну, і ён мне кажа: "Ты ж пагадзіўся ісьці міністрам працы". Я кажу: "Пагадзіўся. Але ж вы ведаеце, што я быў не на вашым баку". Ён кажа: "Ведаю". Я тады кажу: "Пайду, толькі ў мяне тры ўмовы. Першая ўмова: мы будуем рынак у незалежнай краіне. Другая: кожнае пытаньне, якое датычыцца мяне, павінна быць з маім подпісам. Трэцяя: калі я не змагу далей працаваць у вас, вы мяне ціха адпусьціце". Добра, дамовіліся, і ён падпісаў указ. Вось так прызначалі.

У Варшаве з тагачасным міністрам працы Польшчы Лешкам Мілерам. 1995 год.

Гэта ўжо потым пачалі казаць, што быў кааліцыйны ўрад, там быў адзін з апазыцыі... Які кааліцыйны ўрад?!! Калі з такімі паўнамоцтвамі прэзыдэнт, як сказаў Кебіч, "царскімі", то кааліцыйнага ўраду пры ім быць ня можа. Гэта ня ўрад, гэта — канцылярыя.

Недзе праз 3—4 месяцы ён ужо парушыў маю першую ўмову. Яны з падачы Шэймана прызначалі новыя даходы ўсім, хто ў пагонах. Мяне ніхто ня ставіў у вядомасьць. Ня тое што подпісу майго не было, а я толькі з газэт даведаўся, што гэта зроблена. У міністэрстве нашым палічылі, і атрымалася, што прапаршчык атрымлівае на ўзроўні віцэ-прэм’ера. Адразу ў мяне галоўны вораг стаў Шэйман".

Зь міністрам працы Даніі пры адкрыцьці інфармацыйнага цэнтру службы занятасьці

Я спачатку таксама думаў, што ўрад будзе працаваць, але вельмі хутка я зразумеў, што памыліўся. Працаваць будзе прэзыдэнт, а мы будзем выконваць яго загады.

Апошні год я думаў, як ціха сысьці адтуль. Немагчыма там было працаваць".

Калі сёлета 1 верасьня ў школу пайшоў малодшы сын беларускага прэзыдэнта, гэтая падзея шырока асьвятлялася прэсай і выклікала значную цікавасьць у людзей. Шмат хто хацеў даведацца, у якіх школах і ўмовах вучыліся раней і вучацца цяпер дзеці чыноўнікаў высокага рангу. Такім жа чыноўнікам быў 15 гадоў таму і Аляксандар Сасноў. Тады два ягоныя сыны якраз былі школьнікамі.

Аляксандар Сасноў са старэйшым сынам Зьмітром. Лета 1979 году.

Цяпер ужо дарослы Зьміцер так згадвае свае школьныя гады:

Зьміцер Сасноў: "У школе ці ў тэхнікуме, дзе я вучыўся, я намагаўся схаваць, хто мой бацька, бо стаўленьне было хутчэй нэгатыўным. Магчыма, людзі думалі, што ў сувязі з гэтым у мяне ёсьць нейкія прывілеі, якіх няма ў іх. Але нічога такога не было.

"Я стаў вельмі падазрона ставіцца да настаўнікаў, і час паказаў, што за грошы настаўнікі здадуць усіх"


Школа была самая звычайная, новая, у ёй вучыліся дзеці, якіх адправілі сюды зь перапоўненых навакольных школаў. Таму і па пасьпяховасьці была школа ня вельмі".

Аляксандар Сасноў: "Я таксама не магу сказаць, што гэта была добрая школа. І настаўнікі былі розныя. Яны нешта патрабавалі, а калі нічога ня зробіш, дык адыгрываліся на дзецях. З таго часу я стаў вельмі падазрона ставіцца да настаўнікаў, і час паказаў, што за грошы настаўнікі здадуць усіх.

Мае дзеці вучыліся, як маглі. Не скажу, што дрэнна. Але вось тыя абставіны вымусілі майго старэйшага пасьля васьмі клясаў кінуць школу і пайсьці ў тэхнікум. А малы адвучыўся 10 клясаў, атрымаў атэстат. Бацька амаль што ня ўдзельнічаў ніякім чынам, толькі што дапамагаў дома".

У 1996 годзе Аляксандар Сасноў, ізноў жа дэманстратыўна, выйшаў са складу ўраду ў знак пратэсту супраць палітыкі дзеючага прэзыдэнта. Гэта адбылося напярэдадні рэфэрэндуму. Усе мужчыны сям’і Сасновых — і бацька, і абодва сыны — тлумачаць гэты ўчынак аднолькава:

Зьміцер Сасноў: "Думаю,ён разьлічваў, што зможа нешта зрабіць, а пасьля высьветлілася, што ў гэтай краіне ўсё залежыць ад аднаго чалавека, і спрабаваць нешта зрабіць было бессэнсоўна. Таму ён сышоў. Былі магчымасьці застацца, безумоўна, але ж яму давялося б пайсьці супраць сваіх прынцыпаў. Зараз шмат хто так і робіць, але ж гэта зусім іншыя людзі".

Зьміцер кажа, што ня быў палітычна актыўным, хоць падзеі ў краіне і апазыцыйная дзейнасьць бацькі, безумоўна, уплывалі на яго. Малодшы сын Яўген, якому цяпер 28 гадоў, пры канцы 90-х быў даволі актыўным удзельнікам палітычнага жыцьця:

Яўген Сасноў

Яўген Сасноў: "Так, я значыўся ў АГП, але асабліва ўдзелу не прымаў у партыйных справах. Працаваў калісьці ў падтрымку Ганчарыка на прэзыдэнцкіх выбарах, займаўся актыўнай агітацыяй, хадзіў па хатах, раздаваў лістоўкі. Пасьля быў незалежным назіральнікам на выбарах".

Радыё Свабода: "Бацька казаў, што вам калісьці зламалі руку?".

Яўген Сасноў: "Было такое. Дакладна ня памятаю, на якім мітынгу, мне патрапіла па руцэ, і пасьля ў шпіталі высьветлілася, што ёсьць пералом".

Радыё Свабода: "А чаму хадзілі на мітынгі?".

Яўген Сасноў: "Адчуваў, што гэта неабходна ў прынцыпе для кожнага, хто клапоціцца пра лёс дзяржавы. І бацька заўсёды хадзіў, нас заклікаў".

Цяпер браты Сасновы жывуць у розных краінах. 9 год таму Яўген зьехаў у Злучаныя Штаты і застаўся:

Аляксандар Сасноў: "Ён мне не паведаміў, што зьедзе зусім, але я думаў, што ён гэта зробіць. Ён абраў іншы шлях свайго жыцьця. Не шкадуе, так як і я не шкадую. Хай будзе так. Бацька тут ніяк не паўплываў. Можа, толькі бацькава праца ў апазыцыі паўплывала.

Я лічыў, што я для іх (сыноў — рэд.) нейкі аўтарытэт. Можа, не такі, як Лукашэнка для сваёй хеўры, але тым ня менш".

Аляксандар Сасноў у грыбах. Мурманск. 2010 год.


Радыё Свабода: "Яўген, у які момант вы зразумелі, што не вяртаецеся?".


"У Беларусі ў мяне нічога няма. А тут у мяне ёсьць праца…"


Яўген Сасноў: "Такога моманту не было, гэта неяк прыйшло з часам. Калі пачаў сябе больш добра адчуваць тут. Я насамрэч ніколі не вырашаў, што я не вяртаюся. Магчыма, у будучыні. Я прафэсійна фатаграфіяй займаюся. Працую для часопісаў, здымаю таксама вясельлі. Пару гадоў таму вырашыў паспрабаваць, так і пайшло далей.

Проста на дадзены момант мне тут больш камфортна, лепшыя пэрспэктывы".

Радыё Свабода: "Што ў Амэрыцы ў вас ёсьць такога, чаго ў Беларусі няма?".

Яўген Сасноў: "У Беларусі ў мяне нічога няма. А тут у мяне ёсьць праца. Я магу займацца тым, што мне падабаецца. Калі б я заўтра прыехаў у Беларусь, ня ведаю, чым бы я мог займацца. Тут я магу сам плаціць за сваё жыцьцё. Пэрспэктывы ёсьць, думаю, што далей справы яшчэ лепей пойдуць".

У Злучаных Штатах Яўген стаў шукаць беларускі асяродак і загаварыў па-беларуску:

Аляксандар Сасноў: З мовай я да дзяцей не чапляўся. Старэйшы асвойваў яе даволі хутка і лепш, бо ён філёляг па адукацыі. Але размаўляе цяпер па-руску, бо і жонка рускамоўная, і маці рускамоўная. А меншы таксама быў спачатку рускамоўны, але вось зараз мы зь ім перапісваемся толькі па-беларуску, і ён размаўляе толькі па-беларуску. І нават ужо забыўся часам нейкія словы рускія".

Яўген Сасноў: "Гэта было гадоў 5 таму, пэўна. У мяне заўсёды было жаданьне, проста ў Беларусі нейкім чынам гэта не атрымоўвалася зрабіць. Тут знайшоў больш беларускамоўных людзей, зь якімі можна камунікаваць".

А Аляксандар Сасноў гадуе ўнучку Францішку, якой хутка будзе 9 месяцаў:

Аляксандар Сасноў: "Францішка расьце, дзявяты месяц пайшоў. Гуляю зь ёю па 2—3 гадзіны з раніцы і ўдзень. Дзед свабодны ёсьць".

Аляксандар Сасноў з унучкай Францішкай. Май 2011 году

Бацька Францішкі Зьміцер, здаецца, шкадуе, што ў свой час ня змог зьехаць зь Беларусі. Найбольш перажывае за будучае дачкі:

Зьміцер Сасноў: "Ня зьехаў, бо правароніў момант. Я мог гэта зрабіць, калі быў студэнтам, але ў той час яшчэ такіх праграм не было. Брат зьехаў па студэнцкай працоўнай візе, а я ўжо на той час ня быў студэнтам і ня мог такую атрымаць. Але калі б была такая магчымасьць, я б таксама зьехаў.

Дачка мяне насамрэч вельмі моцна непакоіць, бо страшна падумаць, што яна пойдзе вучыцца ў нашую школу, дзе ёй будуць вешаць лапшу на вушы".

Досыць працяглы час веды і досьвед Аляксандра Саснова не рэалізоўваліся на поўную моц. Ад каго цяпер залежыць, у якой краіне будзе жыць Францішка Саснова — унучка былога міністра працы?

Аляксандар Сасноў: "Што ні робіцца, усё робіцца да лепшага. Ёсьць такая прымаўка. Я не магу сказаць, што цалкам задаволены тым, як прайшла значная частка жыцьця. Мог дасягнуць большага, але што адбылося, тое адбылося. Не шкадую ў пэўным сэнсе. Зараз увогуле не шкадую, таму што ўсё — ужо мне шмат гадоў, ужо нават калі нешта зьменіцца, хай працуюць маладыя. 17 год таму я ведаў, што рабіць, а зараз я ўжо ня ведаю. Хай ужо моладзь для сябе нешта робіць. Я ўжо адыграная карта".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG