Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя калёніі хавае няшчасны выпадак са Статкевічам


Мікола Статкевіч падчас суду, 11 траўня 2011.
Мікола Статкевіч падчас суду, 11 траўня 2011.
Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч падчас працы на лесапілцы атрымаў траўму рукі і цяпер знаходзіцца ў турэмным шпіталі.

Марыне Адамовіч, жонцы былога кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча, чарговы раз адмовілі ў спатканьні. Больш за месяц ад палітвязьня няма лістоў. А днямі стала вядома, што Мікола быў траўмаваны падчас працы на лесапілцы і цяпер знаходзіцца ў турэмным шпіталі. Гэтую навіну паведаміла не адміністрацыя шклоўскай калёніі, а людзі, якія бачылі Міколу ў турме, паведаміла "Свабодзе" Марына Адамовіч:


"Стала вядома, і гэтая інфармацыя пацьверджаная, што Мікалай атрымаў траўму і зараз знаходзіцца ў турэмным шпіталі. Траўма зьвязаная з працоўнай дзейнасьцю: яму раздрабіла, раструшчыла ці моцна прыціснула — я ня ведаю дакладна — руку на лесапілцы. Дзякуй Богу, што я і так пра гэта ведаю — мне ж ніхто не паведаміў, як і бацьку старому. Гэта нагода для таго, што я зараз буду рабіць чарговую сэрыю зваротаў і прасіць дапамогі з боку нашых сяброў і партнэраў".

У самой калёніі і шпіталі даведацца пра няшчасны выпадак са Статкевічам пакуль не ўдаецца -- тэлефоны адміністрацыі не адказваюць.

Нядаўна са шклоўскай турмы выйшаў на волю палітвязень Алег Гнедчык. Паводле яго, вартаснай мэдычнай дапамогі ў турэмным шпіталі атрымаць нельга:


"Рэальнай мэдычнай дапамогі там няма. Калі што сур’ёзнае здараецца, то яны вязуць у мясцовы шпіталь у Шклове. Хоць насамрэч — хворых павінны перавозіць у Менск на Валадарскага. А шпіталь, які там ёсьць, ён ніякі".

Як паведаміў Алег Гнедчык, адміністрацыя калёніі цісьне на палітвязьняў, і асабліва пасьля візыту ў Шклоў Аляксандра Лукашэнкі. Але пісаць прашэньне аб памілаваньні на ягонае імя пагадзіліся ня ўсе, хто асуджаны за Плошчу. Па-ранейшаму адмаўляецца гэта рабіць яшчэ адзін вязень шклоўскай турмы, зьняволены на тры гады Ўладзімер Лобан. Пра гэта ён паведаміў падчас нядаўняга тэлефанаваньня, кажа сястра Ўладзімера Сьвятлана Лобан:

"Я ў яго запытваюся: табе прапаноўвалі пісаць просьбу пра памілаваньне Лукашэнку? Ён кажа — так. Я пытаюся — дык чаму ты не напісаў? А ён адказвае — ты нічога не разумееш, усё, пакуль, — і кладзе слухаўку. Я ўжо другі раз спрабавала закрануць гэтую тэму, але ён ня хоча пра гэта са мной размаўляць. Ён ня тое што ня хоча, ён кажа — ты што, не разумееш, што ўсё праслухоўваецца? І хочаш, каб я табе ўсё распавёў? Каб больш не казала ніякіх глупстваў. У яго проста гонар, што, маўляў, як я буду прыніжацца перад Лукашэнкам. Ня хоча прыніжацца".

Адмаўляецца пісаць просьбу аб памілаваньні яшчэ адзін удзельнік падзеяў 19 сьнежня, вязень магілёўскай турмы Алег Федаркевіч. З-за гэтага ён атрымаў спагнаньне з боку адміністрацыі калёніі, паведаміла "Свабодзе" ягоная сваячка Вольга Ўладзіміраўна:

"Ён не падпісаў паперу пра памілаваньне, якую прапаноўвалі, і пакуль не падпісвае. А за тое, што не падпісаў, яму далі вымову — склалі рапарт пра тое, што ён нібыта спаў днём. Я так разумею, што адміністрацыя калёніі хацела, каб гэтыя паперы былі падпісаныя. Але некаторыя ўпіраюцца, хочуць, каб іх вызвалілі бяз гэтага прыніжальнага прашэньня аб памілаваньні, бо ня лічаць сябе вінаватымі. А прапаноўвалі, выглядае, ім усім. Ён тэлефанаваў на мінулым тыдні, і я пытаюся: калі ты там падпішаш ужо прашэньне ды выйдзеш? А ён жартуе — пакуль сала ня зьем, якое вы мне перадалі, ня выйду. Колькі яны яшчэ пратрымаюцца, ня ведаю. І ці будуць яны падпісваць гэтыя прашэньні, ці іх вызваляць так — гэта невядома".

За ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня Алег Федаркевіч быў асуджаны на 3,5 года турмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG