Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Восень 2011. Каталізатар


Андрэй Пачобут
Андрэй Пачобут
Андрэй Пачобут, журналіст "Gazety Wyborczej", засуджаны гэтым летам за паклёп на Лукашэнку.


Якой будзе восень? Напэўна дажджлівай. Што да палітычных прагнозаў, дык ва ўмовах эканамічнага крызісу, разгубленасьці ўлады, бясьсільля апазыцыі і пасіўнасьці грамадзтва рабіць іх — вельмі няўдзячная справа.

Можна была б, успомніўшы пра лёс папярэдніх беларускіх "гарачых восеняў" і "гарачых вёснаў", сказаць, што ўсё застанецца па-старому. Але разам з тым узгадваецца наступная гістарычная аналёгія. Лютаўская рэвалюцыя 1917 году і лёгкасьць, зь якой абрынулася абсалютная манархія, сталася нечаканасьцю ня толькі для грамадзтва, але і для двух асяродзьдзяў, якія тэарэтычна павінны былі б быць найлепш паінфармаванымі на гэты конт. Гэта значыць — для рэвалюцыянэраў і для палітычнай паліцыі, "ахранкі".

Справа ў тым, што аўтарытарныя рэпрэсіўныя сыстэмы заўсёды маластабільныя і часам вельмі цяжка, калі ўвогуле магчыма, прадбачыць, які канкрэтна факт справакуе іхны распад. Здавалася, яшчэ ўчора ўсе элемэнты сыстэмы працавалі як трэба. Народ пакорліва маўчаў, службы ціснулі і выкрывалі незадаволеных, дыктатар кіраваў… А сёньня — капец. Тысячы людзей на вуліцы, службы не даюць сабе рады, дзяржаўны апарат рассыпаецца.

Хіба нехта прадказаў "арабскую вясну", якая адхіліла ад улады такіх, здавалася б, вечных дыктатараў, як Кадафі ці Мубарак? Больш за тое, той, хто б зрабіў такі прагноз, выглядаў бы непапраўным рамантыкам, і сотні мудрых экспэртаў аўтарытэтна патлумачылі б, чаму ён памыляецца.

Відавочна адно: сытуацыя ў Беларусі нестабільная. Эканамічны крызіс, а калі быць дакладным, то няўменьне ўлады пераканаць грамадзтва ў тым, што яна ведае шлях выйсьця зь яго, становіцца дамоклавым мячом, які навісае над рэжымам.

І як бы ні выкручваўся Аляксандар Лукашэнка, ён будзе вымушаны рэфармаваць гаспадарку. Калі ўлічыць ягоны савецка-калгасны кансэрватызм і панічны страх перад зьменамі, то падзеі будуць нагадваць таптаньне на месцы.

Крок уперад, крок убок, крок назад. У выніку чарговыя канвульсіі луканомікі будуць падрываць веру насельніцтва ў магічныя здольнасьці Лукашэнкі па вырашэньні гаспадарчых праблемаў.

Разам з тым веры ў "гарачую восень", якая абрыне рэжым, у мяне няма. Але, перакананы, восень 2011 году паскорыць эрозію ўлады і зьменшыць магчымасьць кіраваць сытуацыяй для Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG