Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справы аб Плошчы спыняюць, суды адкладаюць


У Маскоўскім судзе Менску адкладзены працэс над Сьвятаславам Барановічам, якога апошнім з больш як 40 чалавек прыцягнулі да адказнасьці за Плошчу. Перад гэтым быў спынены крымінальны перасьлед удзельнікаў выбарчых штабоў кандыдатаў на прэзыдэнта.

29 жніўня ў Маскоўскім судзе пачаўся і адразу прыпыніўся працэс над 25-гадовым Сьвятаславам Барановічам — менскім будаўніком, якога арыштавалі ў чэрвені і прыцягнулі да адказнасьці паводле артыкула аб удзеле ў масавых беспарадках. Гаворка зноў пра падзеі 19 сьнежня мінулага году. Суд мог бы стаць 12-м па ліку працэсам над удзельнікамі Плошчы, але зь першага дня ён пайшоў незвычайна. Судзьдзя Алена Рудніцкая спаслалася на няяўку часткі пацярпелых міліцыянтаў і перанесла паседжаньне амаль на месяц — на 28 верасьня. А абвінавачанаму Сьвятаславу Барановічу судзьдзя зьмяніла меру стрыманьня на падпіску пра нявыезд. Тут жа ў судзе з маладога чалавека, які адбыў на Валадарцы паўтара месяца, зьнялі кайданкі. Празь некалькі гадзін Сьвятаслаў прымаў ад "Свабоды" віншаваньні з выхадам на волю і згадваў, што ён рабіў на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня.

"Нічога асаблівага я там не рабіў, але калі атрымаў дубінкай ад амапаўцаў, то паддаўся на гэтую правакацыю і біў па шчытах. А на Плошчу я прыйшоў зь мірнымі мэтамі, каб падтрымаць свайго кандыдата на прэзыдэнта — Андрэя Саньнікава".

Сьвятаслава Барановіча сьледчыя вылічылі па відэа і арыштавалі, калі ўжо прайшло 11 працэсаў над кандыдатамі на прэзыдэнта, іх даверанымі асобамі і ўдзельнікамі Плошчы, якіх сьледзтва палічыла найбольш актыўнымі. Вынікам тых працэсаў стала асуджэньне 41 чалавека. 28 зь іх атрымалі рэальныя тэрміны і трапілі ў турму, 3 — на хімію, 8 пакараныя ўмоўна ці з адтэрміноўкай і 2 атрымалі грашовыя штрафы.

Між тым на волі пад падпіскай пра нявыезд заставаліся экс-кандыдат на прэзыдэнта Рыгор Кастусёў і яшчэ 5 актывістаў, якіх абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках, але да суду іх справы так і не дайшлі. Гэта былі Анатоль Паўлаў, Алег Корбан, Алесь Арастовіч, Уладзімер Кобец і Анатоль Лябедзька. На мінулым тыдні стала вядома, што спынены крымінальны перасьлед лідэра АГП Анатоля Лябедзькі. Празь дзень мэдыі паведамілі, што гэтаксама ўлады "адчапіліся" ад Алега Корбана і Анатоля Паўлава. На выходныя прыйшла вестка са Шклова — з Рыгора Кастусёва зьнялі абвінавачаньне, палітыку дазволілі выяжджаць за мяжу. 29 жніўня пацьвердзілася, што спынены крымінальны перасьлед Алеся Арастовіча і Ўладзімера Кобеца.

Былы сябра штабу Мікалая Статкевіча Алесь Арастовіч адзначае прынцыповую пазыцыю заходніх палітыкаў адносна палітвязьняў у Беларусі.

"Зразумела, што гэта дзякуючы Захаду мы і на волі апынуліся, і цяпер усё зьнятае, закрылі гэтыя справы".

Жонка былога кіраўніка выбарчага штабу Саньнікава Ўльяна Кобец перадала "Свабодзе" камэнтар мужа наконт пастановы аб прыпыненьні адносна яго крымінальнага перасьледу.

"Ідзе гандаль з Захадам, але ад гэтага нельга ўпадаць у эўфарыю, бо яшчэ каля 20 чалавек застаюцца за кратамі, зьявіўся новы палітвязень — Бяляцкі, і яшчэ супроць 3 актывістаў БНФ могуць завесьці крымінальную справу. Трэба, каб адбылася рэабілітацыя, каб з усіх зьнялі абвінавачаньні, а тыя, хто мусіў зьехаць за мяжу, атрымалі гарантыі, каб яны маглі вярнуцца".

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч цяпер у Чэхіі, куды ён зьехаў пасьля вызваленьня зь вязьніцы КДБ. Зьвестак пра закрыцьцё крымінальнай справы супроць Міхалевіча няма. А вось што да крымінальнага перасьледу журналісткі Натальлі Радзінай, якая пасьля вызваленьня з "амэрыканкі" зьехала зь Беларусі і папрасіла палітычнага прытулку ў Літве, тут сьледчыя паведамілі, што справу закрылі. Між тым Натальля Радзіна застаецца ў Літве, апасаючыся іншых абвінавачаньняў.



Пакуль з 28 асуджаных на зьняволеньне па справах 19 сьнежня вызваленыя 9 чалавек. Да вязьняў Плошчы праваабаронцы далучаюць таксама актывістаў "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава, якіх судзілі за бойку, што адбылася за дзень да выбараў. Сьцьвярджаецца, што гэта была правакацыя спэцслужбаў. Разам з Дашкевічам і Лобавым за кратамі застаецца 21 палітвязень, асуджаны за Плошчу. Між тым беларускія праваабаронцы лічаць палітвязьнем таксама прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча і кажуць, што ахвярамі палітычна матываванага перасьледу сталі беларускія анархісты Ігар Аліневіч, Аляксандар Францкевіч, Мікалай Дзядок і Яўген Васьковіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG