Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будуць скасаваныя льготы пры паступленьні ў ВНУ?


У Беларусі можа быць перагледжана сыстэма льгот для абітурыентаў пры паступленьні ў ВНУ. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі старшыня Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыня дзяржкамісіі па кантролі за правядзеньнем уступнай кампаніі Анатоль Рубінаў.

Рубінаў патлумачыў, што льготы пры паступленьні павінны тычыцца ня ведаў і здольнасьцяў, а выключна сацыяльнага забесьпячэньня абітурыентаў.

Паводле Рубінава, лягічнай можа быць льгота ў выглядзе адмены платы за ўдзел у цэнтралізаваным тэставаньні, ці прыярытэтным разьмяшчэньні ў інтэрнаце, або льгота ў аплаце за навучаньне і іншыя. «Але веды павінны быць» – падкрэсьліў ён.

У прыватнасьці, Рубінаў зьвярнуў увагу на вялікую колькасьць пераможцаў рэспубліканскіх алімпіядаў, якія маюць права на паступленьне ў ВНУ без іспытаў. «Занадта шмат іх» – сьцьвярджае ён у сувязі з гэтым, дадаючы, што "невядома, як гэтыя алімпіяды праводзяцца", у адрозьненьне ад уступнай кампаніі ў ВНУ, ход якой старанна адсочваецца.

Рубінаў заўважыў, што пераможцы алімпіядаў, як правіла, паступаюць на прэстыжныя спэцыяльнасьці, набор у ВНУ па якіх невялікі. Ён паведаміў, што па спэцыяльнасьці «міжнароднае права» 60% месцаў занялі пераможцы алімпіяды і "з улікам іншых катэгорый ільготнікаў – вяскоўцы і прадстаўніка беларускай дыяспары з Літвы – з 15 месцаў для навучаньня толькі 4 месцы разьмяркоўваліся па конкурсе". Пры гэтым не паступілі абітурыенты, якія набралі 368 балаў з 400 магчымых.

Акрамя таго Рубінаў выказаўся супраць асобнага конкурсу для выпускнікоў сельскіх школаў. Ён падкрэсьліў, што ў асобных выпадках дзякуючы льготам абітурыенты "выцясьняюць" тых, хто набраў у тры разы больш балаў.

Рубінаў таксама адзначыў, што «вышэйшая адукацыя стала ня проста масавым, а усеагульным, і гэта непазьбежна прыводзіць да дэфармацыі рынку працы». Ён сказаў, што цяпер колькасьць месцаў у ВНУ на першы курс перавышае колькасьць выпускнікоў на 40%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG