Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад каго хаваліся на самым вялікім у сьвеце балоце?




Калі глядзець на мапу Беларусі, дык гэтую велізарную зялёную пляму не заўважыць немагчыма. Бо празь яе не праходзяць аўтамагістралі. Яе абмінаюць чыгункі. І вёсак унутры гэтай плямы таксама няма. Гэта самае вялікае балота на зямной кулі. Вялікая Ельня. Гледзячы на мапу, уяўляеш сабе непраходную багну на многія кілямэтры. І міжволі спачуваеш тым, хто жыве на самым беразе гэтага балотнага мора. Як жыхары вёскі Буды.



Першае, што ўражвае ў Будах, — гэта вялікая адлегласьць паміж хатамі. У некалькі сот мэтраў. Але, як растлумачыла мне першая стрэчная старая будаўка, гэта не спэцыфіка людзей на балоце, а вынік выміраньня некалі вялікага паселішча.



— Я даўно хацеў дабрацца да такой вёскі, якая знаходзіцца каля самага вялікага ў сьвеце балота.


Што балота, то балота! Несканчонае. Прыгожае. Кветкі расьлі, чоснык. Усе хадзілі туды. Паляваць хадзілі і лапці плясьці. Ліпу драць. Балота несканчонае. Аж да Мёр і да Полацку. А жылі добра. Тут жа пралезьці няможна было. Страха на страсе. А цяпер людзей няма зусім.


— А куды яны падзеліся?


На могілках усе. І старыя, і маладыя. Кладуцца ўсе, як снапы. А колькі было людзей! І дзеці былі. І школа была.


Як доказ таго, што вёска не зьбірацца паміраць, цішыню разарваў грукат матацыкла. Малады хлапец на старым «Дняпры» ласкава пагадзіўся правесьці мяне на легендарнае балота.



— Вашага ўзросту ёсьць яшчэ моладзь ці вы адзін засталіся?


Брат яшчэ.


— А колькі чалавек засталося ў Будах?


35.


— А сярод моладзі — вы з братам?


Так. Ну і на лета прыяжджаюць.


— А вы вучыцеся ў школе?


Не. Ва ўнівэрсытэце. На аўтатрактарным. У Менску.


— Ці ня ўдзельнічаеце ў маўклівых акцыях?


Не. Няма чаго там рабіць мне. Не хадзіў і хадзіць ня буду.



Праз пару кілямэтраў дарогі, што ішла па жытнім полі, мы ўехалі ў лясок. За якім пачыналася прыгажэнная і неабсяжная пустыня. Пад нагамі мяккі торф, у хмызах поўна ягад-дурніцаў. Нічога злавеснага ў краявідзе і блізка не было.



— Тут няма ніякіх сабакаў Баскервіляў? А то балоты выдаюць часам дзіўныя гукі.


Не. Колькі ні хадзіў, нічога дзіўнага няма. Проста балота. Ходзяць ласі, кабаны.


— А ваўкі?


Ёсьць.


— Ня страшна хадзіць?


Не. Праходам могуць зьявіцца.


— А вы сюды часта ходзіце?


Летам то ў ягады, то на рыбу.


— Народ яшчэ называе журавіны? Ці ўсе перайшлі на рускую клюкву?


У вёсцы бабкі — журавіны.


— А вы, моладзь, ужо на клюкву ходзіце?


Як калі. Можна пару мільёнаў зарабіць на ягадах. Галубіка месяц — і ўсё. Журавіны месяц — і ўсё.


— І гэта два мільёны.


Можна нават болей. Калі хадзіць кожны дзень. Як журавінаў многа.



Балота — найлепшае месца, каб схавацца ад ворагаў. І будаўцы часта хаваліся. Пасьля вайны. Калі савецкая ўлада прынялася ствараць калгас. Пра тыя хованкі мне распавяла 80-гадовая Ангеліна, якая калгасу радавалася.



— Помню калгасы. Дурныя ж былі людзі. Уцякалі. На мох хаваліся ад калгасаў. А тады, як пайшлі ў калгас, дык трошку лепей стала жыць.


Але ж працавалі на сябе?


— На сябе. А што з нашай працы? Мама працавала. У сорак гадоў засталася ўдавой. І нас чацьвёра было. А зямлі было 8 гектар. А чым было абрабіць? Конь здох. Няма каня, чым рабіць? Аддавала на запашку. А як у калгас — далі трыццаць сотак.


А ад калгасу людзі хаваліся на балоце.


— Уцякалі.


Уцякалі і сядзелі? Дзень? Два?


— Не, ня дзень. Скажуць, што прыедуць сход рабіць, у калгас будуць зганяць. Усе ўцяклі. Яны паехалі, тыя вярнуліся дамоў.


І так і бегалі туды-сюды.


— Мала бегалі. А пасьля пайшлі ў калгас. Бяднейшыя пайшлі, а багатыя дык бегалі, яны не хацелі ісьці ў калгас. Ну, а бедныя рады былі, што пайшлі. Хоць троху, але зараблялі.


А багатых пасьля куды?


— А нікуды. Засталіся ў калгасе. У Сыбір вывезьлі майго таты родную сястру. Небагатыя зусім былі. Лясьнік у пана.


Але Вялікая Ельня была ня толькі хованкай. Тут пасьля вайны разыгрывалася сапраўдная драма.


— Пасьля вайны былі такія бандыты, хадзілі, па-польску гаварылі. Хацелі ўсталяваць польскую ўладу. Вайну другую адкрыць. Але ж іх палавілі ўсіх.


— А дзе яны...


— На балоце жылі. Былі пабудаваўшы сабе такую хату. І гэтыя бандыты доўга там былі. Хадзілі, магазыны аграбалі. І на дзьвярах расьпішуцца. Такі Олек Бондар. Такі малец прыгожы. Малады хлопец. А бацька пайшоў у бандыты, матку зьвёў і яго зьвёў. Дык палавілі ж іх. Мальца маладога павесілі, бацьку забілі, матку забілі. Ну што яны зрабілі?


— Яны рабавалі толькі магазыны ці хаты людзей?


— Можа, дзе і людзей. А тут жа малец жыў. Уся вёска яго ведала. Дык у нас ён нічога ня браў. У нашай вёсцы нічога не рабілі. Олека зналі. Дык як прыйдуць, рабяты лятуць — «Олек прыйшоў!». Прыйдуць, цукерак нанясуць, хлопцам даюць, па-польску гавораць. А хлапцам, ведаеце, абы цукеркі.


— Вось дык бандыты! Людзей не рабавалі, цукеркі раздавалі. І іх за гэта павесілі.


— Забівалі і людзей. У іншых вёсках. Бандыта чалавек пазнаў, свой жа. І той яго застрэліў, каб не расказаў. Забівалі.


— А яны былі правдзівы поляцы?


— Не, не праўдзівыя. Яны ж не палякі. Яны ж у Польшчы ні разу і не былі. Я праваслаўная, а ён каталік. Які ён паляк? Ён такі ж паляк, як і я.


— А адкуль такая любоў да Польшчы?


— Ня ведаю. Можа, гэта нелюбоў да савецкай улады.


Старая Ангеліна ніколі не дачакаецца ўнукаў. Бо даглядае свайго 35-гадовага сына, хворага на сындром Даўна. Таму я не дзіўлюся яе любові да Лукашэнкі, які «дае на сына пэнсію». Без усьмешкі немагчыма слухаць, як Ангеліна ўяўляе перамогу апазыцыі.


— Якія б яны начальнікі былі б? Яны б пабачылі, што многа ў нас у Беларусі набралася золата. Вось бы яны дзялілі б! Як заступілі б. Якраз як нашы п’яніцы.


— Забраліся б у золатасховішча і дзялілі б?


— І дзялілі б. Ой, дзялілі б! А нам бы ўсё адно нічога б не дасталася.


Стары Тадэвуш, вясёлы здаравяк, радасьці сваёй суседкі наконт калгасаў не падзяляе.



— Ды ну! Хто там пайшоў з радасьцю? Сам знаеш хто. П’яніца, бядняк і гультай. Ім далі ўладу. Будзеш камандаваць багатымі. Пі, як багаты, еж і з сабой бяры ў кішэню. Ішлі людзі гэткія. І мацнейшыя не хацелі.


І сёньняшняе балота, па словах Тадэвуша, ужо даўно ня тое, што было раней.


— Тут мэліярацыя папсула. Тут жа быў трасучы мох. Па гэтым моху мы вясной кароў пасьвілі. Трымала мерзлата. Каровы хадзілі, абапіраючыся на гэту мерзлату. А то і тапіліся. Адзінаасобна жылі тады. Кароў многа было. Тапіліся, што і людзям няможна прайсьці было. За гэта і празвалі яго — трасучы мох. Канечне, па-цяперашняму пракапалі каналы кругом, зьмянілася вельмі многа. Падсохла.


— Гэта лепш ці горш?


— Прыроду чапаць ня трэба. Як прырода створаная, няхай такой і будзе. Як чалавек прывык да гэтай прыроды, так і прырода да чалавека прызвычаіцца.


Ці вернецца Вялікая Ельня ў свой спрадвечны прыродны стан? Ня ведаю. Але, напэўна, хавацца ад бяды тут ужо нікому не спатрэбіцца. Хіба сабраць найлепшых у сьвеце журавін.


View Падарожжы Свабоды in a larger map

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG