Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дземянцей: “Павесіце на вяроўцы бяз мыла?”


Фота Уладзімера Кармілкіна
Фота Уладзімера Кармілкіна
19-20 жніўня 1991 г. мы ў апазыцыі абмяркоўвалі, колькі працягнецца ГКЧП? Здаецца, пагадзіліся на тым, што нядоўга: год-паўгода.

Потым мне распавядалі, як на некаторых “інтэлігенцкіх кухнях” у Менску дэмакратыю пахавалі і абмяркоўвалі, ці хутка закрыюць межы – бо эміграцыя выглядала рэальнай альтэрнатывай шматгадовай палітычнай і духоўнай багне. Мы, дэпутаты, ужо больш ведалі пра “рэсурс” апарата і разумелі, што “доўгіх гадоў” у новай улады ня будзе – ну але гэта было невялікім суцяшэньнем, года хапіла б, каб загнаць пад асфальт ўсё тое, што прабілася ў апошні час.

І толькі Пазьняк сказаў – “Пратрымаюцца дні тры, ну максымум тыдзень”.

Мне падалося гэта па-просту нерэальным.

Я на тыдзень не разьлічваў. Думаў, што год дакладна пратрымаецца, і таму часы наперадзе цяжкія (пэўна, так меркаваў і Валянцін Голубеў, які на мітынгу сказаў – “Надыходзяць часы цяжэйшыя”).

У тыя тры “путчаўскія” дні да мяне вярнулася адчуваньне, якое перажыў сем гадоў раней, калі “забралі” у войска: тады было поўнае ўсьведамленьне, што наперадзе – два страчаныя, папросту выкрэсьленыя зь біяграфіі гады, якія пройдуць без усялякага плёну, і пакуль былыя аднакурсьнікі будуць нешта рабіць і нечага дасягаць, я буду марнаваць час у казарме і на палігонах (меркаваньне было памылковым: войска сапраўды забрала час, але і дало нешта такое, чаго не атрымаў бы, працуючы ў газэце). Але разам з адчуваньнем наканаванасьці лёсу, які на бліжэйшыя два гады ня зьменіш, была і пэўнасьць: толькі два гады. Цяпер жа наперадзе – невядомасьць. І пры гэтым ніякага выбару – у тым сэнсе, што адмовіцца ад палітыкі, выйсьці з Народнага Фронту, "залегчы на дно" ці вярнуцца ў “чыстую журналістыку” – такія варыянты проста не разглядаліся. Пэўнасьць што да характару палітычнай дзейнасьці была абсалютнай. І вось гэтае разуменьне таго, што назад дарогі няма – давала нейкую лёгкасьць.

Але тады на рэфлексіі проста не было часу. Мы, дэпутаты разумелі, што ні на сэкунду не павінны выказваць сумненьне ў перамозе, што на нас глядзяць, і што калі хочам арганізаваць супраціў – трэба выглядаць аптымістамі.

Фота Уладзімера Кармілкіна

Праз дваццаць гадоў мне перадалі некалькі сотняў здымкаў з архіву Уладзімера Кармілкіна, на якіх зафіксаваныя тыя жнівеньскія дні і нашыя мітынгі. І толькі на адным Кармілкін "падлавіў" момант, дзе ў нас з Пазьняком нейкі "не баявы" настрой. Але гэта падманлівае ўяўленьне: насамрэч настрой быў самы рашучы, можа быць, проста на некалькі сэкундаў выявілася стомленасьць – у тыя дні мы сапраўды недасыпалі. На астатніх здымках – усе выглядаем бадзёра.

Але што змоўшчыкі пратрымаюцца тры дні – не, тут я з Пазьняком быў нязгодны.

“Захоўваць спакой" - адчуваць сябе быдлам


Камуністычнае кіраўніцтва Беларусі сустрэла путч з энтузіязмам – Бюро ЦК на чале зь першым сакратаром Малафеевым падтрымала членаў ГКЧП.

Зрэшты, сакратары ЦК КПБ Малафееў, Камай, Ціхіня мелі вопыт стасункаў у самых верхніх эшалёнах улады і ведалі, якім зьменлівым бывае тое, што яшчэ сёньня выглядае несакрушальным. У дачыненьні да камуністычнай партыі яны такога, канешне, уявіць сабе не маглі, а вось датычна асобных палітычных фігур – тое выглядала рэальным. Сёньня Янаеў замяніў Гарбачова, а заўтра нехта заменіць Янаева. За тры дні путчу ня ўсе сакратары ЦК КПБ асабіста выказаліся публічна (ва ўсялякім разе, у друку) – хаця палітычная іх пазыцыя падтрымкі путчу была выразна выяўленая ў заяве Бюро ЦК КПБ. Магчыма – проста не пасьпелі.

Затое ў правінцыі – ці, як любілі казаць камуністычныя кіраўнікі, “на месцах” – партыйныя органы раскрыліся напоўніцу.

“Першыя ж дакумэнты Дзяржаўнага камітэту па надзвычайным становішчы ў СССР, абнародаваныя 19 жніўня 1991 года, паказваюць, што абвешчаныя надзвычайныя меры па выхаду краіны з глыбокага ўсебаковага крызісу адпавядаюць інтарэсам людзей працы і ня супярэчаць прынцыпам і бліжэйшым мэтам Камуністычнай партыі. Падтрымліваем дзеяньні Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы, накіраваныя на стабілізацыю абстаноўкі ў краіне, і заклікаем камуністаў, працоўных горада захоўваць вытрымку, спакой, узважанасьць у закліках і дзеяньнях, усямерна садзейнічаць аднаўленьню дысцыпліны і парадку, стабільнасьці ў рабоце працоўных калектываў”, – гаварылася ў заяве сакратароў пярвічных партыйных арганізацый кампартыі Магілёву, прынятай празь некалькі гадзін пасьля абвяшчэньня надзвычайнага становішча.

І такіх заяваў – у кожнай вобласьці – былі дзясяткі.

“Захоўваць вытрымку і спакой” – гэта значыць, не зьбірацца на мітынгі, не пратэставаць, адчуваць сябе быдлам.

Разам з партыйнымі сакратарамі падтрымалі путч і шмат якія кіраўнікі прадпрыемстваў.

Генэральны дырэктар Менскага гадзіньнікавага заводу Абрамчык 19 жніўня выдаў загад №489, у якім абавязваў “строга і рашуча спыняць якія заўгодна парушэньні працоўнай дысцыпліны і ўнутрызаводзкага распарадку…Увесьці на пэрыяд надзвычайнага становішча дзяжурствы на прадпрыемстве адказных работнікаў”.

Газэта “Свабода” потым паведамляла, што адразу пасьля абвяшчэньня ГКЧП на гадзіньнікавы завод прыбег другі сакратар Менскага гаркаму партыі Віктар Чыкін, і на інфармацыйных стэндах зьявіліся пастановы ГКЧП. На наступны дзень члены страйкаму вывесілі ўлёткі з асуджэньнем хунты, аднак заводзкая адміністрацыя выклікала міліцыю, і міліцыянты “паўдня лазілі па цэхах зрываючы ўлёткі”.

Журналісты газэты “Свабода” высьветлілі, што падпісаны дырэктарам загад рыхтаваў начальнік так званага “Першага” аддзелу заводу Бабіцкі, які раней кіраваў управай КДБ Савецкага раёну Менску.

Увогуле, пра тое, чым займаліся ў тыя дні гэбісты – мы ўжо ніколі не даведаемся, навідавоку іх дзейнасьць, як заўсёды, не была, пазьней старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі даводзіў, што “камітэт” не падтрымліваў путчыстаў, а, як яму і належыць, быў “на варце законнасьці”. Але некаторыя гэбісты ўсё ж сваю пазыцыю выказаць пасьпелі. Так, у віцебскай газэце “Віцьбічы” (якая заўсёды вызначалася антыбеларускай, антынацыянальнай і праімпэрскай накіраванасьцю, кіравала ёй добра вядомая мне па працы ў Віцебску Ніна Тулінава), адзін з кіраўнікоў абласной управы КДБ Буряк пра канстытуцыйнасьць сказаў крыху больш, чым потым казаў ягоны шэф Шыркоўскі: “Як орган дзяржаўнага кіраваньня мы стаім на варце канстытуцыйнага ладу. Камітэт па надзвычайнаму становішчу ў СССР створаны ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй СССР, з гэтага вынікае, што мы будзем кіравацца ягонымі рашэньнямі”.

Ні Канстытуцыяй БССР, ні Дэклярацыяй аб дзяржаўным сувэрэнітэце – а загадамі праімпэрскай хунты зьбіраўся кіраваць кадэбісцкі начальнік.

Шаладонаў: "Застаўся дагавор 1922 году"


У той самы дзень, 20 жніўня, адбылося пасяджэньне Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларусі. Дэпутаты Апазыцыі спрабавалі на ім пераканаць Прэзыдыюм асудзіць ГКЧП – але безвынікова. На тым пасяджэньні я выказаў пратэст генэральнаму пракурору Тарнаўскаму з прычыны забароны выхаду газэты “Знамя юности” – у нумары меліся зьявіцца меркаваньні тых, хто не падтрымаў путч.

Стэнаграма таго пасяджэньня Прэзыдыюму ВС БССР захоўваецца недзе ў архівах – а ў мяне захаваўся толькі фрагмэнт запісу, калі дэпутат Апазыцыі БНФ Алег Трусаў, заклікаючы членаў Прэзыдыюму падтрымаць прэзыдэнта РСФСР Ельцына ў ягоным супраціве ГКЧП, апэляваў да нядаўна падпісаных паміж БСССР і РСФСР пагадненьняў (падпісвалі Ельцын і Дземянцей). Паказальная пазыцыя двух юрыстаў – генэральнага пракурора Тарнаўскага і намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Шаладонава:

Запіс з пасяджэньня Прэзыдыюму ВС БССР, 20 жніўня 1991 г. З архіву С. Навумчыка


"Трусаў: Беларусь падпісала з Расеяй адпаведныя юрыдычныя пагадненьні.

Тарнаўскі: Я ў падпісаньні ня ўдзельнічаў.

Шаладонаў: Не было абмену ратыфікацыйнымі граматамі!

Заблоцкі: Саромцеся! Павінна быць сумленьне!

Гаркун: Спакойна!

Дземянцей: Напэўна, не безь ягонай, Гарбачова, згоды гэта адбывалася. Янаеў (сказаў), у самым цяжкім становішчы ён цяпер.

Булахаў: Я – за абноўлены Саюз. Але парадак і дэмакратыя (павінны ўсталёўвацца) толькі мэтадамі, якія абапіраюцца на законы".

Дзьмітрый Булахаў быў не адзіным членам Прэзыдыюму ВС, хто ацаніў ГКЧП як антыканстытуцыйнае ўтварэньне: акрамя яго гэта зрабілі першы намесьнік старшыні ВС Станіслаў Шушкевіч старшыні камісій Генадзь Карпенка, Валер Курдзюкоў, Аляксандар Сасноў, Міхаіл Сьлямнёў, і, канешне, Пётра Садоўскі.

Сьлямнёў паспрабаваў выказаць стаўленьне да перавароту па радыё, але кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё яму адмовіла ў эфіры.

Затое на наступны дзень пасьля пасяджэньня Прэзыдыюму ВС, раніцай 20 жніўня, па Беларускім радыё прагучала інтэрвію намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Васіля Шаладонава, у якім ён сказаў, што верыць “тым людзям, якія заяўляюць, што прэзыдэнт хворы, і хацеў бы нагадаць адно, што сёньня дзейнічае Канстытуцыя Саюзу ССР. Мы не падпісалі новы саюзны Дагавор, а таму няма новай прававой базы. Застаўся дагавор 1922 году. Таму мы павінны выконваць усе законы, якія дзейнічаюць і прынятыя ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Саюзу ССР”.

Пра Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі Шаладонаў нават і не ўзгадаў – зрэшты, іншага стаўленьня цяжка было чакаць ад юрыста да дакумэнту, які ня меў канстытуцыйнай сілы.

“Сёньня я прачытаў у “Народнай газэце” заяву народных дэпутатаў склікаць нечарговую сэсію, - працягваў Шаладонаў. – Я ня бачу ў гэтым неабходнасьці. Калі Прэзыдыюм палічыць, што нейкае рашэньне патрабуе ацэнкі шырокага кола дэпутатаў, ён у любым выпадку зьбярэцца, і ня будзе Прэзыдыюм ніколі прымаць рашэньні, якія супярэчылі б разьвіцьцю дэмакратыі й стабілізацыі становішча ў цэлым па рэспубліцы”.

Што да інтарэсаў дэмакратыі, дык Прэзыдыюм ВС БСССР ніколі ня быў заўважаны ў сымпатыі да дэмакратычных сілаў і ўвогуле дэмакратычных працэсаў. І якраз заклікі да “стабільнасьці” былі традыцыйнай прапагандысцкай шырмай дзеля таго, каб спыніць усялякія дэмакратычныя перамены.

Шаладонаў таксама заклікаў “больш надаць увагі ўборцы ўраджаю” і выказаў спадзяваньне, што “сёньня такая цьвёрдая заява (ГКЧП – С.Н.), што мы “будзем імкнуцца да навядзеньня правапарадку ў цэлым па краіне”, гэта відаць, надасьць сілы і ўпэўненасьці ў рабоце праваахоўных ворганаў”.

Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету прыняў заяву, у якой было шмат пра “канстытуцыйнасць” і “спакой”, але – ні слова з асуджэньнем путчу.

Потым члены Прэзыдыюму ВС БССР апраўдваліся, што ў Беларусі надзвычайнага становішча ня ўводзілася. Але насамрэч іх нежаданьне супрацьстаяць хунце, адсутнасьць асуджэньня ГКЧП і яго антыканстытуцыйнай дзейнасьці – азначала згоду з дзеяньнямі змоўшчыкаў, фактычную легітымізацыю іх намераў на тэрыторыі Беларусі.

Вось чаму мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, пасьля правалу путчу прапанавалі Вярхоўнаму Савету “асудзіць бязьдзейнасьць і безадказнасьць у справе абароны Канстытуцыі і сувэрэнітэту Беларускай ССР членаў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета БССР Дземянцея М.І., Шаладонава В.І., Гаркуна У.Г., Гілевіча Н.С., Грыба М.І., Жуковіча Я.Б., Жукоўскага М.Д., Капытава М.Я., Каратчэні І.М., Козіка Л.П., Кулічкова А.М., Котава С.М., Леўчыка У.К., Міцько П.Я., Савіцкага Б.П., Смоляра І.М., Сівіцкага Д.А., Уручкі Р.І. у часе спробы дзяржаўнага перавароту 19-21 жніўня г.г. … Лічыць немагчымым далейшае выкананьне імі абавязкаў членаў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР”.

Садоўскі: "Мы разам гаворым путчыстам "Не!"


20 жніўня дэпутаты Апазыцыі БНФ прынялі зварот да народных дэпутатаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ведамстваў Беларускай ССР”, у якім пазначылі, што “дзеяньні путчыстаў у СССР зьяўляюцца крымінальным злачынствам, а створаны імі самазваны “Камітэт па надзвычайным становішчы” – антызаконным. Таму ніякія патрабаваньні і распараджэньні змоўшчыкаў з “Камітэту” не павінны брацца пад увагу і тым больш выконвацца на тэрыторыі Беларусі. Выкананьне гэтых распараджэньняў можа расцэньвацца як спрыяньне дзяржаўным злачынцам. Заклікаем дэпутатаў усіх узроўняў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ведамстваў Беларускай ССР разам з усімі людзьмі добрай волі адстаяць сувэрэнітэт Рэспублікі, правы чалавека, законы і дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі”. Падпісалі – З. Пазьняк, В. Голубеў, У. Заблоцкі, С. Навумчык, У. Станкевіч, А. Трусаў, Б. Гюнтар, Л. Дзейка, Л. Баршчэўскі, Я. Цумараў, В. Зяленін, С. Папкоў.

Нас вельмі рашуча падтрымалі дэмакратычныя дэпутаты Менскага гарсавету, якія выступілі са зваротам да жыхароў сталіцы “захоўваць вернасьць законна абраным органам улады і дамагацца ўсімі канстытуцыйнымі мэтадамі спыненьня дзейнасьці Дзяржаўнага камітэту па надзвычайным становішчы”. Зварот падпісалі дэпутаты Менгарсавету Міхась Бусьнюк, Галіна Вашчанка, Андрэй Завадзкі, Рыгор Куневіч, Міхась Расолька, Міхась Кобаса, Міхась Пліска, Валер Несьцер, Алесь Бяляцкі – усяго 29 дэпутатаў; свой подпіс паставіў і народны дэпутат СССР Аляксандар Дабравольскі.
Дэпутат Менскага гарсавету Галіна Вашчанка (зьлева) і актывістка БНФ Галіна Казлова на мітынгу БНФ супраць путчу, жнівень 1991 г.


Дэпутаты Гомельскага гарсавету (вядома, ня ўсе, а дэмакратычныя) выказаліся супраць ГКЧП.

Па факсе зь Віцебску я атрымаў зварот, падпісаны дырэктарам заводу заточных станкоў Кісялёвым і старшынём прафкаму Белагузавым, дзе ГКЧП называлася “злачыннай хунтай”, а дэпутатаў заклікалі “даказаць сваю адданасьць народным інтарэсам”.

Не, ня спала Беларусь у дні путчу, як пісалі тады і пішуць цяпер некаторыя палітолягі.

Гэты настрой супраціву выявіўся увечары 20 жніўня на плошчы перад Домам ураду, дзе адбыўся мітынг, і дзе, акрамя іншага, было абвешчана пра стварэньне БЗВ – Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

Ёсьць унікальны відэазапіс – у тыя дні Алесь Лукашук і Юры Гарулёў здымалі фільм пра дэпутатаў Вярхоўнага Свету, і кінаапэратар быў у памяшканьні апазыцыі. Ён і засьняў, як дэпутаты БНФ выйшлі на плошчу (на відэа зафіксаваны таксама моманты працы над дакумэнтамі да сэсіі Вярхоўнага Савету, якая абвясьціла Незалежнасьць – гэта адзіныя і ўнікальныя здымкі, больш у памяшканьні Апазыцыі БНФ у тыя жнівеньскія дні ніхто не здымаў).

Фрагмэнт фільму "Дэпутаты"
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:50 0:00
Наўпроставы лінк



У мяне захаваліся фрагмэнты стэнаграмы мітынгу 20 ліпеня на плошчы Леніна.

Пётра Садоўскі: “КГБ баяліся, што зьявіліся ўлёткі і людзі прыйдуць на плошчу на сустрэчу са сваімі дэпутатамі і выкажуцца, што яны думаюць супраць гэтых путчыстаў. А мы разам гаворым путчыстам “Не!” (галасы на плошчы “Не! Не!”)… Я хачу сказаць, што дэпутацкая Апазыцыя ў Вярхоўным Савеце выступіла з ініцыятывай аб скліканьні нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі, дзе мы маглі б даць ацэнку і тым падзеям, якія адбыліся ў імпэрскім цэнтры, у спробе захопу ўлады, каб мы маглі даць ацэнку тым нашым кіраўнікам Беларусі, якія яшчэ ў нядзелю лісьліва даказвалі нам, што трэба ехаць у Маскву падпісваць з Гарбачовым саюзны дагавор, і празь некалькі гадзін яны ўжо адмовіліся і пачалі служыць новым панам (сьвіст з натоўпу, воклічы “Далой! Далой!”). Людзі! Зараз галоўнае – арганізаваць еднасьць, згуртаваньне, змаганьне за канстытуцыйныя правы, за захаваньне ўсіх законаў, па якіх мы жывём, і галоўнае – пабудову нашай незалежнай беларускай дзяржавы”.
Алег Трусаў на мітынгу супраць путчу, жнівень 1991 г.


Алег Трусаў: “Я хачу вам у двух словах сказаць, што ня толькі зараз мянчане абмяркоўваюць гэтую сытуацыю, якая здарылася зараз у краіне, але і дэмакратычныя дэпутаты розных узроўняў у такіх гарадах – Маладэчна, Пінск, Наваполацак, Магілёў, Гомель і шмат іншых гарадоў (Аплядысмэнты). Сярод нас прысутнічаюць таксама прадстаўнікі Смалявіч, Бабруйску і іншых гарадоў, якія прыехалі спэцыяльна на нашу плошчу (Аплядысмэнты).Таксама зараз гэтае пытаньне абмяркоўваюць шахцёры Салігорску. Такім чынам, мы бачым, што ўсё дэмакратычнае насельніцтва Беларусі разумее, чым можа скончыцца той путч, які хацелі распачаць. Гэта паварот да 37-га году, гэта ізноў ГУЛаг. Гэта зноў зганьбаваньне ўсіх нацыянальных сьвятынь, зноў зганьбаваньне нашай занядбанай спадчыны. І таму мне здаецца, што ў наш такі складаны час трэба не забываць, што мы беларусы, што зараз, калі пачынаецца новы навучальны год, трэба аддаваць сваіх дзяцей менавіта ў беларускамоўныя клясы, трэба ствараць разьвіцьцё беларускамоўнай культуры. Бо толькі нацыя, якая валодае мовай і гісторыяй культуры, можа быць незалежнай нацыяй. Жыве Беларусь! (“Жыве””, аплядысмэнты).

Вядоўца: Шаноўныя сябры! Слова для інфармацыі мае падпалкоўнік Статкевіч.
Мікола Статкевіч абвяшчае аб утварэньні БЗВ, 20 жніўня 1991 г.


Мікола Статкевіч: “Заява беларускага Згуртаваньня вайскоўцаў. 20 жніўня ў горадзе Менску групай афіцэраў створанае Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў. Мы… (аплядысмэнты, “Ура!”). Мы, афіцэры, увайшоўшыя ў Згуртаваньне, зьвяртаемся да беларускага народу, да Вярхоўнага Савету рэспублікі, і заяўляем наступнае. Спроба дзяржаўнага перавароту, пачатая ў ноч на 19 жніўня ў Маскве паказала, што асобай гарантыяй незваротнасьці дэмакратычных зьмен і сувэрэнітэту рэспублікі могуць стаць толькі дэпартызаваныя нацыянальныя вайсковыя злучэньні. У сувязі з гэтым мы выступаем супраць антыканстытуцыйнага перавароту і будзем канстытуцыйным крокам змагацца за стварэньне беларускага войска (“Ура!”, аплядысмэнты). Цяпер яшчэ адзін дакумэнт, мы зьвярнуліся да вайскоўцаў Беларускай вайсковай акругі. “Помните, вы давали присягу на службу Родине, на защиту её свобод, вы не давали присягу защищать номенклатуру КПСС от гнева народа» (Аплядысмэнты). Вы не имеете юридического права выполнять приказы, исходящие от неконституционного органа, устранившего от власти президента СССР – главнокомандующего Вооружёнными силами. Мы призывем армию не принимать участие в революционном перевороте. Сегодня вы молчите, завтра вам отдадут приказ стрелять в свой народ, в ваших отцов, матерей, братьев, сестёр. Выбор надо сдедать сегодня. Завтра может быть поздно. Завтра может начаться гражданская война. Беларускае Згуртаваньне вайскоўцаў”.

Сяргей Навумчык на мітынгу супраць путчу, 1991 г.

Сяргей Навумчык: ”Я прыгадваю, як некалькі месяцаў таму, у лютым, давялося сядзець за некалькі мэтраў на сустрэчы з Гарбачовым, у Акадэміі навук, як Міхаіл Сяргеевіч лаяў і абражаў дэмакратаў, а ў двух мэтрах за ім сядзелі задаволеныя, усьміхаючыся, малафеевы, камаі, кастэнкі, дземянцеі. І вось сёньня, калі ён аказаўся блякаваны путчыстамі, ніхто з гэтых людзей ня стаў у абарону, а “так называемыя дэмакраты” – сталі. Тая пазыцыя, якую займаў Гарбачоў, лягічна прывяла да гэтых падзей. І гэта паказвае ўсю беспэрспэктыўнасьць так званага цэнтрызму, і вытрымкі так званай памяркоўнасьці, якую, на жаль, спавядаюць многія ў нашым Вярхоўным Савеце… Сёньня раніцай… была забаронена газэта “Знамя юности”. Яна ня выйшла толькі таму, што асьмелілася ў вельмі сьціплых выразах сказаць пра ўчорашні дзяржаўны пераварот. І ня выйшла таму, што паступіў адпаведны загад, ну, канешне, адтуль, зь вядомага нам будынку на Кастрычніцкай плошчы, з будынку Цэнтральнага камітэту кампартыі бальшавікоў (галасы “Далой!”, сьвіст)… Я заклікаю блякаваць, не выпісваць ні “Правду”, ні “Советскую Россию”, ні “Советскую Белоруссию”ні “Звязду”, калі яны будуць несьці тую лухту, якую нясуць зараз. Ніводнай працоўнай капейкі дзеля бальшавіцкай лухты! Жыве Беларусь” (Галасы “Жыве””, аплядысмэнты).

Анямелая "Звязда" і рашучая "Свабода"


У той дзень, 20 жніўня, сапраўды ня выйшла “Знамя юности”, і гэта дало мне падставу на пасяджэньні Прэзыдыюму ВС заявіць пратэст Генэральнаму пракурору Тарнаўскаму.

Яшчэ раніцай 19 жніўня мы прынялі заяву з заклікам не выконваць распараджэньні ГКЧП, але 20-га яна не была апублікаваная ні ў воднай газэце. У тым ліку – і ў парлямэнцкай “Народнай газэце”.

"Звязда", 20 жніўня 1991 г.

Газэта “Звязда” 20 жніўня на першай паласе, побач з загалоўкам надрукавала: “Краіна ў шоку. І мы анямелі…” Разумей, як хочаш – ад радасьці анямелі ці ад роспачы?

“Звязда” (орган ЦК КПБ, Вярхоўнага Савету і Савету Міністраў Беларускай ССР праз тры дні, калі путч праваліўся, надрукуе рэпліку ў мой адрас (на першай паласе!), дзе выкажа незадаволенасьць, што “народны дэпутат БССР былы журналіст С. Навумык” прайшоўся па адрасу “Звязды”: маўляў, іх журналістам не хапіла мужнасьці і грамадзянскай сьмеласьці…”. У рэпліцы – спасылка на заяву “Выбар”, зьмешчаную у газэце 21 жніўня, дзе, сапраўды, частка журналістаў не пагадзілася прыняць ГКЧП як канстытуцыйны ворган – і такая заява, безумоўна, вымагала ад журналістаў зрабіць выбар.

Але прафэсійны абавязак журналіста – даваць чытачу аб’ектыўную інфармацыю, твая асабістая пазыцыя чытача цікавіць у апошнюю чаргу.

“Звязда” і 20, і 21 жніўня на першай паласе друкавала распараджэньні ГКЧП – і ні радка не дала пра заклікі не падтрымліваць хунту. Хаця былі заявы і дэпутатаў Апазыцыі БНФ, і нават некаторых членаў Прэзыдыюму ВС (рэдакцыя магла б “прыкрыцца” Законам аб статусе дэпутата, паводле якога прэса абавязаная была даваць дэпутатам слова).

Нарэшце, на наступны дзень пасьля правалу путчу, 22 жніўня, добрую палову першай паласы занялі “Пастанова нумар 3” ГКЧП, а таксама паведамленьне камэнданта г. Масквы і загад камэнданта г. Масквы (“на пэрыяд дзеяньня надзвычайнага становішча забараніць правядзеньне забастовак, сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў і дэманстрацый. Відовішчныя і іншыя масавыя мерапрыемствы праводзіць з дазволу камэндантаў раёнаў па тэрытарыяльнасьці” – ужо нават не сакратары райкамаў вырашалі, а палкоўнікі! Падрабязна расьпісаны падзел тэрыторыі Масквы па раёнах; толькі навошта пра гэта так пільна ведаць чытачам у Беларусі?).

А ўнізе першай паласы нібыта апраўдаліся: “Матэрыялы гэтага нумару былі падрыхтаваныя да таго, як наступіла разьвязка: замыслы экстрэмістаў праваліліся, антыканстытуцыйны пераварот ня ўдаўся. Каб не зрываць выхад газэты, а магчыма, і дзеля гісторыі, мы пакідаем усё як ёсьць”.

“Для гісторыі” – заявы Апазыцыі БНФ “Звязда” не зьмясьціла.

І ўсё ж у дні путчу мы ўбачылі сваю заяву надрукаванай – у газэце “Свабода”, якую рэдагаваў Ігар Гермянчук. Нумар быў падрыхтаваны (яшчэ да путчу), але Віктар Корзун, які вёз нумар, калі ўжо даехаў да друкарні, пачуўшы ў аўтобусе пра путч, зьвязаўся па тэлефоне з рэдакцыяй і вярнуўся ў Менск, Сяргей Харэўскі намаляваў карыкатуру, Ігар Гермянчук скарыстаў запіс нашай гутаркі з Дземянцеем, Сяргей Шупа вычытаў карэктуру – і першая паласа выйшла пад заклікам “Ніякай падтрымцы хунце!”.


Магчыма, хлопцы ў “Свабодзе” таксама былі ў шоку – але тое, што яны рабілі, ніяк не назавеш “аняменьнем”...

Позна ўвечары 20 жніўня, фактычна ўжо ўначы, мы з жонкай прыехалі да Лукашукоў. Хацелася проста пабыць у кампаніі, крыху адключыцца – але, натуральна, не атрымалася. Дый наўрад ці ў тыя дні я мог апынуцца ў нейкай кампаніі, дзе б не размаўлялі пра палітыку і не прагназавалі, якія зьмены чакаюць наперадзе. Мне налілі грамаў сто гарэлкі – каб зьняць стрэс. У Лукашукоў была і Вераніка Чаркасава, і , здаецца, яе муж Дзьмітры Філімонаў – яны жылі па суседзтве. Дэталі той начной размовы ўжо не прыгадаю, але памятаю вельмі зьедлівыя характарыстыкі, якая давала Вераніка путчыстам. Праз гады, у эміграцыі, мы былі ўзрушаныя паведамленьнем пра забойства Веранікі, якая тады працавала ў «Салідарнасьці».

Ужо глыбокай ноччу мы выйшлі ад Лукашукоў, разьвіталіся зь Веранікай і калі дабраліся дадому, уключылі «Свабоду». У Маскве пралілася кроў.

Дземянцей і мыла


21 жніўня быў апошнім днём путчу.

Пазьней Мікалай Дземянцей будзе казаць і нават напіша ў сваіх мэмуарах, што перад пачаткам сэсіі (насамрэч – у дзень правалу путчу, у 16 гадзін) да яго “ў працоўны кабінэт зайшла група дэпутатаў ад апазыцыі на чале з З. Пазьняком і С. Навумчыкам. Двое апошніх папярэдзілі мяне, каб я не выступаў за захаваньне Саюзу ССР, інакш можа здарыцца непрадбачанае. Я пажартаваў: “Павесіце на вяроўцы бяз мыла?”. Яны зьбянтэжыліся і, сказаўшы нешта няўцямнае, сышлі…”.

Гэтак піша ў мэмуарах Дземянцей.

А вось як было на самой справе – я занатаваў тую гутарку.

Мікалай Дземянцей, старшыня ВС БССР 1990-1991

Нас было чацьвёра: акрамя Пазьняка і мяне былі яшчэ Валянцін Голубеў і Юрась Беленькі. Пра “саюзны дагавор” у запісах няма, але зусім магчыма, што фразу такую я проста не пасьпеў запісаць, ну а «непрадбачанае» тычылася б, канешне, ня лёсу Дземянцея, а лёсу Беларусі, якая ўцягвалася імпэрскімі гульнямі ў небясьпечныя працэсы. Канешне, у нашых словах ніякіх пагрозаў фізычнай расправы не было, як не было і зьбянтэжанасьці і няўцямнасьці: Пазьняк у канцы зрабіў Дземянцею абсалютна канкрэтную прапанову.

Плякат на мітынгу ў жніўні 1991

Дземянцей: Добры дзень!

Пазьняк: Добры. Шаноўны Мікалай Іванавіч, мы да Вас ужо ня першы раз заходзім, і мы зварот ад дэпутатаў Апазыцыі Вам абавязаны ўручыць. Вось, калі ласка, прачытайце…

Дземянцей: Вы прысаджвайцеся.

Пазьняк: Ня трэба.

Голубеў: Ведаеце, якія зьвесткі ідуць па цэнтральнаму радыё? Ведаеце?

Дземянцей: Не…

(Тут я не запісаў – якраз у гэтым месцы Дземянцей зьвярнуўся да мяне са словамі кшталту – “Ну што, будзеце цяпер вешаць мяне? А вяроўка будзе з мылам ці бяз мыла?”).

Навумчык: Мы ніколі не заклікалі да пятлі…

Дземяцей: Ну, добра… З мылам, бяз мыла…

Навумчык: Ніколі не заклікалі да пятлі.

Дземянцей: Ну я з вамі таксама вельмі ветліва, ветліва...

Пазьняк: Мікалай Іванавіч, калі Вам хочацца пагаварыць, то ў 18 гадзін мы можам пагаварыць тут, на плошчы. Калі ласка, мы Вас запрашаем…

Дземянцей: Дзякуй…”


Запіс сустрэчы дэпутатаў Апазыцыі БНФ з М. Дземянцеем, 21 жніўня 1991. З архіву С. Навумчыка


"Калі добрыя камуністы аб'ядноўваюцца – ператвараюцца ў банду"


Натуральна, на мітынг Дземянцей не прыйшоў. Патрабаваньне ягонай адстаўкі гучала як адно з галоўных у словах выступоўцаў.

Валянцін Голубеў на мітынгу ў жніўні 1991 г.

Валянцін Голубеў: “Спадара Дземянцея дэпутаты Апазыцыі папярэджвалі некалькі разоў, што ён не павінен падтрымліваць путчыстаў, што ён павінен выказаць пратэст супраць таго, што робіцца, а калі ён баіцца, хай скліча сэсію Вярхоўнага Савету. Дэпутаты скажуць усё, а калі ня ўсё, то скажа Апазыцыя. Я хачу сказаць, што мы выступалі за адстаўку гэтага Прэзыдыюму, мы выступалі за роспуск гэтага Вярхоўнага Савету і запраз, ці будзе чарговая сэсія, ці нечарговая, будзем выступаць за адстаўку ў першую чаргу Дземянцея. Верыць такому чалавеку я не магу, і думаю, што вы ня можаце. Людзі! Добра, што мы ўсе разумеем, што наша будучыня – у Незалежнасьці, калі мы станем усе вольнымі, калі мы станем поўнасьцю незалежнымі, то выберам таго, хто нам трэба, тых людзей, у каго мы верым, і толькі будзем спачуваць тым краінам і рэспублікам, калі ў іх камуністы змогуць што-небудзь зрабіць. А ў нас гэтага не павінна быць. Жыве Беларусь”

Стэнаграма таго мітынгу 21 жніўня перадае эмацыйны настрой прамоўцаў, але эмоцыі не перашкодзілі выступоўцам ужо тады зрабіць дакладны аналіз і на дзіва трапны прагноз.

Пётра Садоўскі: “Дарагія людзі, калі вы чытаеце справаздачу, калі хто бывае на плошчы, калі вы чытаеце справаздачу калі, пішуць так, значыць маецца на ўвазе “натоўп”, але некаторыя журналісты пішуць “на плошчы людзі” – дзякуй, што вы хоць людзі. Прабачце. (Прамоўцу цяжка гаварыць, бо душаць сьлёзы). … Прабачце, мужчыны. Яй-Богу, нешта са мной здарылася… А я б хацеў праінфармаваць вас яшчэ раз, што ў нас адбыўся пэўны зрух, у гэты цяжкі час пазнаюцца людзі і ў Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету таксама адбыўся пэўны зрух…У нас сем членаў Прэзыдыюму, у тым ліку па алфавіце: Булахаў, Карпенка, Курдзюкоў, Садоўскі, Сьлямнёў, Сасноў і Шушкевіч падпісалі заяву, паводле якой… даюць прававую ацэнку таго, што адбылося, і лічаць неабходным сабраць Вярхоўны Савет неадкладна, каб усе дэпутаты паказалі свой твар, сваю думку..”
Сяргей Папкоў на мітынгу супраць путчу, 1991 г.


Сяргей Папкоў: “Настаў час, калі усе прадпрыемствы сапраўды павінны стаць уласнасьцю нашай Беларусі, нашай незалежнай Беларусі, і гэта будзе наш уклад у стварэньне незалежнай інтэлектуальнай Беларусі. У нас хапае інтэлекту жыць самім не па ўказцы нейкіх там “цэнтраў” і так далей, не пад началам ніякіх хунтаў. Я заклікаю вас, я таксама буду працаваць у гэтым накірунку. Каб наша Беларусь, маючы такі магутны інтэлект, усё ж такі стала свабоднай дзяржавай. Жыве незалежная Беларусь!
Дэпутат БНФ Сяргей Антончык на мітынгу супраць путчу, жнівень 1991 г.


Сяргей Антончык: “Мы можам назваць нашую перамогу толькі тады, калі Беларусь будзе вольная ад камунізму. Таму што гісторыя паказвае, што дэмакратыя і камунізм несумяшчальныя. Паталягічнай нянавісьці няма да камуністаў, таму што сярод іх, асабліва сярод шараговых камуністаў, ёсьць шмат нядрэнных людзей. Але раптам гэтыя нядрэнныя людзі аб’ядноўвюцца ў адну арганізацыю, і ператвараюцца ў самую сапраўдную банду. Небясьпечней за КПСС для нас цяпер няма, няма і няма. КПСС, менавіта КПСС. Калі мы ня зможам скарыстаць сёньняшнюю іхнюю разгубленасьць, калі не дакажам ім, у рэшце рэшт, зразумеем усе, што не адхіліўшы КПСС, мы ня прыйдзем да свабоды. Калі сёньня мы будзем заклікаць да таварыша Гарбачова як да пакутніка, я думаю, што мы далёка ня дойдзем у сваёй барацьбе за дэмакратыю. Мы не абараняем Гарбачова, мы абараняем сваё права, сваю свабоду. Дзякуй за ўвагу. Менскі страйкам будзе дзейнічаць і далей”.

Дэпутат БНФ Барыс Гюнтэр на мітынгу ў жніўні 1991 г.

Барыс Гюнтэр: “Вы цудоўна разумееце, што путч, які адбыўся ў Маскве, нарадзіўся ў ЦК КПСС. Гэта самае галоўнае. Вы цудоўна ведаеце, Саюз, бальшавіцкі рэжым замешаны на крыві, пачынаючы з 1917 году”
Вера Церлюкевіч на мітынгу ў дні путчу, жнівень 1991 г.


Вера Церлюкевіч: (пераклад з расейскай): “Дарагія мае землякі-беларусы. Мне вельмі шкада, што я не магу размаўляць на сваёй роднай мове. Я выхоўвалася на Каўказе, так склаліся мае абставіны жабрацкага майго жыцьця. Таму я не навучылася размаўляць па-беларуску. У свае 50 гадоў прыкладу ўсе намаганьні і хоць перад сьмерцю. Але навучуся. Мілая мая Беларусь. Я вельмі радая, што такое здарылася, што самазванцы пацярпелі крах. Як яны прыйшлі да гэтай улады з ганьбай, гэтак яны з ганьбай і праваліліся. Я два дні, шчыра вам скажу, не спала. Я старшыня страйкавага камітэту трактарнага заводу. І я вельмі ўдзячная страйкамаўцам гораду Менску. Гэта людзі моцныя духам, яны верылі ў перамогу нашага народу, нашага страйкаму… У мяне вялікі калектыў, 1200 чалавек, абраў страйкам. Я ганарылася гэтым, я сёньня таксама клеіла ўлёткі на будынку КГБ, я ні пра што ня думала (Аплядысмэнты). Але калі КГБісты падышлі і пачалі пераконваць, я сказала: “Вы таксама хунта! Паколькі спрыяеце і падтрымліваеце.”
Зянон Пазьняк на мітынгу, жнівень 1991 г.


Зянон Пазьняк: “Паважаная грамада! Яшчэ ідуць працэсы, дзеля якіх мы тут сабраліся. А ўжо можна рабіць высновы, я пастараюся зрабіць некалькі зь іх, таму што Народны Фронт і дэмакратычныя лідэры гаварылі пастаянна, з 88-га году, вы памятаеце, - што пакуль будзе камуністычны рэжым у Беларусі, ня будзе ніякай дэмакратыі, ніякіх рэформаў, і ніякай свабоды. Слухалі, кожны думаў па-свойму. І вось гісторыя пацьвярджае правільнасьць гэтых слоў Другое, што гаварылася пастаянна і над чым мы пастаянна думалі. Пакуль мы ня будзем свабоднымі, пакуль ня будзем мець Незалежнасьць і сувэрэнітэт – ня будзем мець ні рэформы, ні паляпшэньня жыцьця, ні разьвіцьця культуры – нічога. Таму што гэты путч – растаптаньне. Яны імкнуліся растаптаць наш гонар, нашае ўсьведамленьне Незалежнасьці. Яны не лічыліся з намі, мы ня маем нічога – ні законаў неабходных канстытуцыйных, бо Дэклярацыя – гэта толькі дэклярацыя. Мы ня маем нашага войска, мы для іх ніхто, мы для іх – гразь. Яны так з намі і хацелі паступіць. Мы павінны рабіць з гэтага высновы. Трэцяя выснова, якую мы можам зрабіць. Некалі Вальтэр казаў, што мне не падабаецца, што вы гаворыце, але я гатовы аддаць жыцьцё за тое, каб вы мелі права гэта гаварыць. Гэта прынцып дэмакратыі, прынцып свабоды чалавечай, павагі. Паважаць чалавека – гэта значыць прымаць чалавека такім, як ён ёсьць. Мы не падтрымліваем палітыку Гарбачова, мы ведаем, як яна правалілася. Яго палітыку з Чарнобылем, яго праімпэрскую палітыку з Савецкім Саюзам. Усё гэта мы крытыкавалі і паказвалі, але калі да ўлады вырашыла прыйсьці крывавая хунта бандыцкімі мэтадамі, то справа ўжо не ў палітыцы Гарбачова, а справа ў легітымнасьці яго ўлады. Справа ў дэмакратычных прынцыпах, дзеля якіх мы змагаемся і жывём. Можа стацца так, што хунта, напэўна, пацерпіць паражэньне. Я памыліўся, я казаў, што пратрымаюцца максымум тыдзень, але пратрымаюцца яны менш. Дык вось на гэтай хвалі, калі былі ўжо чалавечыя ахвяры, і калі столькі разоў было напружаньне, можа здарыцца так, што саюзны дагавор, які нам пятля на шыю, будзе прыняты “на ўра”… Я хацеў бы засьцерагчы нас усіх. Таму што мы павінны памятаць, што гарбачоўская – гэта адна група, а гэта, якая прыйшла і хацела прыйсьці – гэта другая група, яны аднаго кораня, толькі адны бандыты крымінальныя, а другая, як кажуць, мафія партыйная… Я хачу з вамі падзяліцца сваёй інтуіцыяй. Яна мяне не пакідае ўсе гэтыя тры дні і чаму хачу падзяліцца, таму што многія мае калегі выказваюць тое, што думаю я. Шаноўныя людзі, мяне не пакідае адчуваньне нейкай д’ябальскай змовы. Вось і сёньня што адбываецца... Нешта тут нячыста, нешта было прадугледжана. А вы будзьце асьцярожнымі, хунта пойдзе, яны будуць асуджаныя, але будзем асьцярожныя, каб тыя, хто вялі нас у пятлю, сьмерць ад Чарнобылю, вялі нас у пятлю гэтага каляніяльнага дагавору, каб яны пад нашае “Ура!”, каб яны не завялі ў тупік… “

Гэтыя інтуітыўныя меркаваньні Пазьняка наконт “д’ябальскай змовы” потым, праз гады, неаднойчы пацьвярджаліся ў выказваньнях некаторых членаў ГКЧП, што Гарбачоў нібыта ведаў загадзя пра ўвядзеньне надзвычайнага становішча і нават даў “дабро” змоўшчыкам – але потым адмовіўся ад падтрымкі путчу. На карысьць такой вэрсіі прыводзяць і словы самога Гарбачова на прэсавай канфэрэнцыі у першыя ж дні пасьля путчу – “Усёй праўды я вам усё роўна не скажу”. Як там было на самой справе (мне ўсё ж здаецца, што Гарбачоў ня меў дачыненьня да арганізацыі перавароту) – пэўна, застанецца адной з таямніцаў ХХ стагодзьдзя.

Але тое ўжо – частка расейскай гісторыі.

Для беларусаў жа ГКЧП, кім бы ён ні ініцыяваўся, быў вялізнай пагрозай. Узьнікла небясьпека ліквідацыі ўсіх дэмакратычных свабодаў, якіх мы з такой цяжкасьцю дамагаліся і, галоўнае – у выпадку перамогі путчыстаў Беларусь ня хутка здолела б вырвацца з імпэрыі.

Адразу пасьля мітынгу мы прыступілі да падрыхтоўкі нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету, на якой трэба было дамагчыся Незалежнасьці Беларусі.

Дамагчыся якімі заўгодна мірнымі сродкамі.

І якім заўгодна коштам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG