Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Трусаў: "Мы дзень і ноч працавалі"


"Мне шанцавала ў гэты час быць у Менску, я якраз вярнуўся з раскопак з Міра. Быў дома, з жонкай рабілі рамонт цэлую ноч з 18-га на 19-е. А шостай раніцы мне пазванілі, сказалі, што путч, хавайся, уцякай" - прыгадвае жнівень 91-га дэпутат ВС 12 скліканьня Алег Трусаў.

Трусаў: "Я не паверыў, падумаў, што нейкі жарт. Уключаю тэлевізар – на ўсіх каналах “Танец маленькіх лебядзёў”. Я думаю, хавацца няма сэнсу, бо калі захочуць, то знойдуць. Паехаў я ў парлямэнт.

Прыяжджаю, а там ужо нашых людзей каля дзясятка ёсьць – Баршчэўскі, і іншыя былі, і Голубеў, і Навумчык, і Дзейка. Мы адпаведна напісалі заяву адпаведную, што мы супраць ГКЧП, перадалі ў сродкі масавай інфармацыі.

Навумчык пайшоў з дыктафонам да Дземянцея і высьветліў, што Дземянцей падтрымлівае ГКЧП. А я пайшоў да Шушкевіча. Шушкевіч пазваніў Акаеву, свайму сябру ў Кіргізію, а той сказаў, што ўсё ў парадку. Тут Шушкевіч прыбадзёрыўся, бо аказваецца, што путч адбываецца толькі ў Маскве, а ў саюзных рэспубліках ніякіх танкаў нідзе няма – ані ў Менску, ані ў Бішкеку і гэтак далей.

Потым прыйшоў Пазьняк, мы яшчэ актыўней пачалі працаваць. І выйшлі мы з дапамогай Садоўскага на групу Ельцына. Атрымалі па факсу інфармацыю. Такім чынам, мы ўжо 19 жніўня маглі даваць нейкую інфармацыю людзям, што ў Маскве робіцца, нейкія ўлёткі рабілі.

19 жніўня мы дзень і ноч працавалі. 20 жніўня – яшчэ больш.

Прыехала больш дэпутатаў, якіх не было ў Менску. Пачалі зьбіраць подпісы, каб сэсію нечарговую зьбіраць, і сабралі 64 подпісы. Людзей ужо 20 жніўня многа было на плошчы. Ну а 21 жніўня путч ляснуўся. Склікалі нечарговую сэсію, якая пачалася 24 жніўня".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG