Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Баршчэўскі: "Большага ў тых варунках мы б наўрад ці зрабілі"


Belarus – Lyavon Barshcheuski, BNF, Congress. Minsk 05sep2009
Belarus – Lyavon Barshcheuski, BNF, Congress. Minsk 05sep2009
"Здарылася так, што я з дэпутатаў Вярхоўнага Савету ледзьве не бліжэй за ўсіх жыў да будынку ВС і таму быў фактычна першым у гэтым будынку ў дзень путчу" - прыгадвае былы дэпутат Апазыцыі БНФ Лявон Баршчэўскі.

Баршчэўскі: «Паколькі мне давялося займацца гісторыяй польскай Салідарнасьці і гісторыяй ваеннага становішча ў Польшчы, то з раніцы, калі я выглянуў у акно дома, то не ўбачыў там танкаў у двары, не ўбачыў іх на вуліцы, і ўсю дарогу як я ішоў у ВС зразумеў, што нешта гэты путч ня вельмі падобны на тыя прэцэдэнты, якія былі.

А потым мы, дэпутаты Вярхоўнага Савету з апазыцыі БНФ, хутка сабраліся, цягам паўтары-дзьве гадзіны мы там былі ўсе, хто знаходзіўся ў Менску. Сабраліся ў будынку Вярхоўнага Савету. Ніякіх дыскусій не было, мы адчувалі сваю адказнасьць, што мы выбраныя народам дэпутаты, мы павінны рэагаваць на беззаконьне. Бо путч быў відавочна беззаконны, не было вядома, што з Міхаілам Гарбачовым і якая яго пазыцыя па гэтым пытаньні. А ён галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі і так далей.

Мы хутка пачалі рыхтаваць заяву асуджальную. Праз кабінэт Станіслава Шушкевіча зьвязаліся з калегамі-дэпутатамі ў Маскве, Піцеры і Кіеве, зьбіраючы інфармацыю, што там адбываецца. Потым прарваліся ў кабінэт старшыні ВС Дземянцея. Ён апраўдваў путчыстаў. Ігар Гермянчук, сьветлай памяці, запісаў усю нашую гутарку з Дземянцеем на дыктафон. І гэта было потым апублікавана і паслужыла галоўным штуршком да адстаўкі старшыні ВС Дземянцея, якая адбылася ўжо ў часе сэсіі.

Мы пачалі рыхтаваць улёткі, заклікаць людзей прыйсьці на плошчу – на сустрэчы з дэпутатамі, то бок фактычна на мітынг вечарам таго самага дня. І пачалі шукаць кантакты з іншымі дэпутатамі, бо многія знаходзіліся ў адпачынку – другая палова жніўня, але каб прынамсі ўзяць з іх подпісы за тое, каб сабраць нечарговую сэсію Вярхоўнага Савету і абмеркаваць тую сытуацыю, якая складаецца.

Першы мітынг імправізаваны на цяперашняй плошчы Незалежнасьці сабраў крыху болей за сотню чалавек, але тым не менш людзі прыйшлі. Назаўтра людзей было яшчэ больш. Ну а 21 жніўня, калі путч пацярпеў паразу (я, праўда, у гэты час выехаў па заданьні апазыцыі ў Наваполацк, у сваю выбарчую акругу, каб там сабраць мітынг), у Менску ўжо таксама быў дастаткова мнагалюдны мітынг.

Рабілі мы ўсё, што належыць рабіць людзям, якія адказваюць за законнасьць у краіне. Думаю, што большага ў тых варунках мы б наўрад ці зрабілі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG