Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тастамэнты Якуба Коласа


Вера Міцкевіч
Вера Міцкевіч

55 гадоў таму, 13 жніўня 1956-га, памёр народны паэт Беларусі Якуб Колас. У дзень сьмерці ён занёс у найвышэйшую на той час уладную інстанцыю – ЦК КПБ – ліст у абарону беларускай мовы, пакінуты кіраўнікамі БССР без увагі. Пахаваньне клясыку было наладжанае пампэзнае, як тое ўмелі рабіць за савецкім часам...

А як сёньняшнія ўлады клапоцяцца пра памяць аўтара "Новай зямлі" і "Сымона-музыкі"? На менскіх Вайсковых могілках мы пабывалі з унучкай Якуба Коласа Верай Міцкевіч.

– Вера, у пачатку нашай размовы прыгадаю радкі паэта і навукоўца Рыгора Семашкевіча: “Вайсковыя могілкі Мінска ня будуць варот зачыняць. Спыніся, далёкі ці блізкі, тут маршалы нацыі сьпяць – Купала і Колас…”. Але, трэба прызнаць, Вайсковыя могілкі ў параўнаньні, скажам, з Усходнімі выглядаюць даволі занядбана.

– Нягледзячы на тое, што на Вайсковых могілках пахавана шмат знакамітых людзей. Там знайшлі свой апошні спачынак ня толькі “маршалы нацыі” Купала і Колас, але і іх жонкі – Уладзіслава Францаўна Луцэвіч і Марыя Дзьмітраўна Міцкевіч, і Кузьма Чорны, і Нестар Сакалоўскі, і Паўлюк Трус, і яшчэ шмат-шмат выдатных дзеячоў культуры. Помнік на магіле Коласа быў усталяваны ў 1970 годзе, на магіле Марыі Дзьмітраўны (памерла ў 1945-м) – у 1948 годзе, на заказ мужа. Абодва помнікі на сёньня патрабуюць пэўнай рэстаўрацыі.

– Наколькі я ведаю, надмагільныя помнікі Коласа і Купалы ўнесеныя ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў і знаходзяцца пад абаронай дзяржавы?

– Так, яны значацца ў дзяржаўным сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. Тры помнікі: Якубу Коласу, Янку Купалу і Марыі Дзьмітраўне Міцкевіч. Гэтым помнікам прысвоена катэгорыя 2 па пастанове Савету міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 траўня 2007 году пад нумарам 578. Трэба дадаць, што барэльеф на помніку Марыі Дзьмітраўны – аўтарская работа Заіра Азгура – вельмі пашкоджаны і патрабуе прафэсійнай рэстаўрацыі.

– Ведаю, што вы зьвярталіся з гэтай праблемай у Міністэрства культуры. Якой была ягоная рэакцыя?

– Я зьвярталася ў Міністэрства культуры яшчэ ў сьнежні 2009 году. Мой зварот быў нібыта ўспрыняты станоўча, але па сёньняшні дзень я толькі атрымліваю лісты з міністэрства, у якіх паведамляецца, каму перададзеная гэтая справа, што помнікамі будуць займацца ў Менскім гарвыканкаме, у Белрэстаўрацыі… Але да гэтай пары рэстаўрацыйныя работы так і не пачатыя, хаця ўжо прайшло амаль два гады.

– А што канкрэтна ня так на месцы пахаваньня Коласа?

– Каменная аснова помніка забруджаная, пазелянела, сьцёртая паліроўка
Людзі пытаюцца: а чаму побач з Коласам пахаваныя Міцкевічы? ...

надмагільнай пліты. Да таго ж, ёсьць неабходнасьць усталяваньня на помніку Якубу Коласу шыльды – з расшыфроўкай поўнага імя і гадоў жыцьця клясыка. Чаму я падымаю гэтае пытаньне? Таму што яно пастаянна ўзьнікае пры наведваньні Вайсковых могілак і нашымі суайчыньнікамі, і гасьцямі Беларусі. Людзі пытаюцца: а чаму побач з Коласам пахаваныя Міцкевічы? Яны ня ведаюць сапраўднага прозьвішча Коласа… Падобная шыльда на помніку Купалы ёсьць. Далей – патрабуе рэстаўрацыі надмагільны помнік Марыі Дзьмітраўне Міцкевіч. На ім маюцца трэшчыны, сколы на барэльефе, дзіркі ў пастамэнце, пашкоджаны факсымільны подпіс. Мне неаднойчы рабілі заўвагі госьці і дыпляматы.

– У 2012 годзе будуць адзначацца 130-я ўгодкі Коласа і Купалы. Будзем спадзявацца, што хоць да юбілейнай даты іх пахаваньні будуць добраўпарадкаваныя. Вера, акурат цяпер працягвае выходзіць Збор твораў Якуба Коласа ў 20 тамах. Ці сочыце вы за ім і якія маеце ўражаньні ад ужо выдадзеных 14 тамоў?

– Безумоўна, сачу. Ня толькі сачу, але і прымаю ўдзел у рэдакцыйнай калегіі, таму заўсёды маю на вычытку гэтыя тамы. Цяпер у друку знаходзіцца 15 том, падрыхтаваныя 16 і 17 тамы – публіцыстыка Коласа. Застаюцца яшчэ тры тамы, якія знаходзяцца ў рабоце, у іх увойдзе эпісталярная спадчына, і – упершыню – дароўныя надпісы на кнігах і дзёньнікі. У новым выданьні будзе адноўлена шмат купюраў, якія былі зробленыя савецкай цэнзурай у ранейшым Зборы твораў у 14 тамах.

– А як вы глядзіце на тое, што ў новым выданьні некаторыя тэксты Коласа друкуюцца ў савецкай рэдакцыі? Як на маю думку, варта было б вярнуцца да выданьняў 20-х гадоў.

– Я ня вельмі гэтым задаволеная, але тут – апошняе слова за тэкстолягамі,
Малодшаму сыну паэта Міхасю Міцкевічу толькі адзін радок удалося адстаяць: “Мусіць, сам Бог для спакусы… ...

якія за аснову бралі апошняе прыжыцьцёвае выданьне. Асабліва велізарныя спрэчкі былі вакол паэмы “Сымон-музыка”. Малодшаму сыну паэта Міхасю Міцкевічу толькі адзін радок удалося адстаяць: “Мусіць, сам Бог для спакусы…”. Усё ж вярнулі слова ”Бог” замест уведзенага за саветамі “лёсу”. Але ў астатніх выпадках аднавіць першапачатковы тэкст не ўдалося. Напрыклад, радок “Выйшла Хава, жыдзяняткі…” аніяк не прайшоў. Усё засталося толькі ў камэнтарах. Мы з гэтым вельмі спрачаліся, але менавіта такі падыход быў прыняты Інстытутам мовы і літаратуры, зацьверджаны на рэдакцыйнай калегіі. Шкада.

– Я ніколі ня чуў, каб высокапастаўленыя чыноўнікі Рэспублікі Беларусь зьвярталіся да твораў Якуба Коласа ці Янкі Купалы. А якія радкі Коласа сёньня гучаць найбольш актуальна?

– Актуальных выказваньняў у Коласа шмат. Напрыклад: “Нас падзялілі. Хто? Чужаніцы, цёмных дарог махляры…”. Ці: “Асадзі назад!”. Нядаўна ў адным з гарадоў Нямеччыны была закладзеная Філязофская алея. Там на адмысловых шыльдачках можна будзе прачытаць выказваньні найвядомейшых людзей сьвету. Беларусь прадстаўляюць тры знакавыя асобы – Францішак Скарына, Якуб Колас і Ўладзімер Караткевіч. На беларускай і нямецкай мове на Коласавай шыльдачцы будуць напісаныя яго радкі: “Хто носьбіт ёсьць пачатку злога, не патурай таму, ні-ні”. Гучыць як тастамэнт. Так што – чытайма Якуба Коласа.







  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG