Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым патлумачыць новы наступ на праваабаронцаў?


Затрыманы кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі, Міністэрства юстыцыі абвінавачвае Беларускі Хэльсынскі камітэт у паклёпе. Якую небясьпеку для ўладаў становяць праваабаронцы? Якія фармальныя падставы выкарыстоўваюцца для перасьледу? Чаго дамагаюцца ўлады?

Валеры Карбалевіч
Уладзімер Лабковіч
Алег Гулак


Удзельнікі: экспэрт праваабарончага цэнтру "Вясна" Ўладзімер Лабковіч і старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

Фармальныя падставы для рэпрэсій


Валер Карбалевіч: "Ціск на праваабарончыя арганізацыі, як і на іншыя дэмакратычныя структуры, улады чыняць даўно і няспынна. І перасьлед праваабаронцаў па крымінальным артыкуле — таксама не першыня. Але падаецца, што цяперашняе затрыманьне кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага стала самым скандальным. Хацеў бы найперш пагаварыць пра фармальныя падставы затрыманьня. Сп. Лабковіч, як вы іх ацэньваеце?".

Уладзімер Лабковіч: "Фармальнай падставай стала інфармацыя, якую беларускія ўлады атрымалі ад Міністэрства інфармацыі Літвы пра банкаўскія рахункі. І таму была ўзбуджаная крымінальная справа паводле артыкула 243, часткі 2 Крымінальнага кодэксу: утойваньне даходаў у буйных памерах. Наша арганізацыя выказвае жаль з прычыны дзеяньняў літоўскага боку.

Але калі казаць не пра фармальныя падставы, то прычынай затрыманьня Бяляцкага стала шматгадовая праваабарончая дзейнасьць арганізацыі "Вясна", якую ўзначальвае Алесь. Рэпрэсіі супраць "Вясны" ладзіліся і раней: ператрусы, адмова ў рэгістрацыі. Цяпер улады перайшлі апошнюю мяжу".

Карбалевіч: "Сп. Гулак, апошнім часам улады пачалі настойліва чапляцца да Беларускага Хэльсынскага камітэту (БХК). Як вы ацэньваеце гэтыя прычэпкі?".

Алег Гулак: "Сёлета наша арганізацыя атрымала два папярэджаньні. Абодва мы ацэньваем крытычна. Першае папярэджаньне было зьвязана з тым, што мы зьвярнуліся да спэцдакладчыка ААН па пытаньні незалежнасьці адвакатаў і судзьдзяў.

Другое зьявілася ў зьвязку з тым, што ўлады ўзгадалі судовы працэс шасьцігадовай даўніны наконт падаткаў. Ёсьць рашэньне суду, што БХК павінен плаціць падаткі. Таксама ёсьць рашэньне сьледчага, што БХК не павінен быў плаціць падаткі. На сёньняшні дзень гэтая дылема ўладамі ня вырашаная. І чамусьці нашая арганізацыя апынаецца крайняй у гэтай сытуацыі. Гэта выглядае як падстава, каб прыціснуць праваабаронцаў.

Апошняе абвінавачаньне зьявілася з-за таго, што мы падтрымалі зварот да спэцдакладчыка ААН пра перасьлед адвакатаў. На жаль, насамрэч інфармацыя была пададзеная трохі недакладная. Гэта была інфармацыя нашых калегаў, да якой мы далучыліся. Але нельга гаварыць пра паклёп. Таму што па сутнасьці ціск на адвакатаў ёсьць. А пасьля гэтага звароту ціск на адвакатаў зьменшыўся. І мы будзем інфармаваць спэцдакладчыка пра разьвіцьцё сытуацыі вакол адвакатаў".


Якую небясьпеку для ўладаў становяць праваабаронцы?


Карбалевіч: "Чаму менавіта праваабаронцы цяпер трапілі "пад раздачу"? Якую небясьпеку для ўлады яны становяць?".

Лабковіч: "У краіне нарастае сацыяльная незадаволенасьць, могуць пачацца пратэсты. Думаю, апошняй кропкай, якая падштурхнула ўлады да затрыманьня Бяляцкага, стала дапамога, якую ладзіла "Вясна" тым людзям, якія былі затрыманыя падчас маўклівых вулічных акцый".

Гулак: "Улада ўспрымае дзейнасьць праваабаронцаў як небясьпеку. Гэта шкада, бо праваабаронцы толькі імкнуцца ўплываць на сытуацыю з правамі чалавека ў краіне.

Цяпер палітычная апазыцыя не выяўляе актыўнасьці. І менавіта праваабарончыя арганізацыі супрацьстаяць стварэньню ў краіне атмасфэры страху".

Чаго дамагаюцца ўлады?


Карбалевіч: "Цікава, што калі нядаўна ўлады не зачынілі газэты — "Нашу ніву" і "Народную волю", — а Лукашэнка заявіў, што можа выпусьціць на волю палітвязьняў, некаторыя экспэрты загаварылі пра пэўную палітычную адлігу. Маўляў, рэжыму трэба грошы ад Захаду, таму рабіць нешта брутальнае ён цяпер ня будзе. Але падаецца, што цяперашні перасьлед праваабаронцаў і іх арганізацый сьведчыць пра адваротную тэндэнцыю. Як бы вы маглі патлумачыць лёгіку ўладаў?".

Лабковіч: "З аднаго боку, улады зацікаўленыя ў атрыманьні крэдытаў. А зь іншага боку, улады імкнуцца зьнішчыць любыя арганізацыі, якія выступаюць супраць рэжыму. Затрыманьне Бяляцкага — гэта пробны крок. Цяпер усё залежыць ад рэакцыі — беларускай і замежнай. Улады вырашылі рызыкнуць пагрозай эканамічных санкцый. Бо затрыманьні праваабаронцаў ці журналістаў — рэчы абсалютна недапушчальныя. Дзясяткі людзей, якім мы дапамагалі, тэлефануюць і дапамагаюць нам. Наша грамадзтва сасьпела і да самаарганізацыі, і да салідарнасьці".

Гулак: "Рэакцыя міжнароднай грамадзкасьці ёсьць. Ужо сёньня быў сюжэт па "Эўраньюс". Таму я спадзяюся, што Бяляцкі будзе вызвалены. Бо крымінальную справу можна дасьледаваць і пры іншай меры стрыманьня, Бяляцкі пры гэтым можа быць на свабодзе. Улады не разумеюць карыснасьці ролі праваабарончых арганізацый, лічаць іх дзейнасьць варожай. Але наша сіла — у нашай салідарнасьці".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG