Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У Старадворскім маёнтку Цётка раіла, каб ня надта слухалі бацьку..."


Цётка
Цётка
15 ліпеня споўнілася 135 гадоў з дня народзінаў Алаізы Пашкевіч — славутай Цёткі нацыянальнага Адраджэньня, паэткі "радыкальных надзеяў", як яе называлі. Якая да таго ж стварыла першы "Лемантар" ды "Першае чытаньне для дзетак-беларусаў".

Аднак дагэтуль засталіся гістарычныя няўвязкі наконт месца (ці месцаў?!) яе пахаваньня ды нараджэньня. Вікіпэдыя вызначыла апошняе нават пад Лідай ды іншым днём. Вэрсію гэтай блытаніны, у часе маёй вандроўкі на Шчучыншчыну, у аграгарадок, што ў вёсцы Новы Двор, выказаў тамтэйшы гісторык Генадзь Буш.

Буш: "Памерла яна ў 1916-м. Цётку, пэўна, перахавалі. Помнік стаяў у Астрына, магіла была ў Шастаках ля школы. Хіба яшчэ раз пераносілі і помнік...".

Новы Двор — акурат непадалёк ад Старога Двара, дзе побач, у бацькоўскім фальварку Пешчын, нарадзілася Алаіза Пашкевіч. Зрэшты, пра дасьледаваньне гісторыі яе пахаваньня пазьней. Знаёмства ж з сытуацыяй у Новым Двары сталася пажаранебясьпечным. 76-гадовы спадар Пётра Агееў, да якога зайшоў наталіць смагу, паказаў на чырвоны, са сьлядамі сажы, газавы балён.

Агееў: "Прывезьлі аж у той чацьвер — добра, што мех ляжаў, дык накрыў, калі хлынуў пад столь агонь. А прапускала ў краніку. Хата б згарэла, а я б мо ўцёк, але галавешкі засталіся...".

Спадар Пётра баіцца цяпер і зьвяртацца да газавікоў. Дзядзька ж Генрых Лойка, дарэчы, былы калгасны газазваршчык, распавёў, што створаны 4 гады таму аграгарадок у Новым Двары яшчэ нядаўна быў на мяжы эканамічнай ды людзкай катастрофы.


Леўка: "Як што было — пілі ўсе і прапівалі ўсё. Даходзіла, што заробкі былі па 100 тысяч — у мінулым годзе ўсё ішло да канца. Хлопцы маладыя разьбегліся — хто ў лясьніцтва, хто куды мог. А цяпер трактары ёсьць, а трактарыстаў няма. А хто застаўся — хрэн будуць рабіць, лепей нап'юцца і будуць лазіць. Яны цэлы дзень ходзяць і думаюць — а як гэта выпіць і нічога не рабіць? (Сьмяецца.) Міліцыянты, бывае прыедуць, паганяюць, дык спакайней. Але ж цэлае жыцьцё ў Новым Двары сядзець ня будуць. Іх адно ўратавала — узяў "жылбуд"...".

У гаспадарцы напярэдадні зьмянілі кіраўніцтва ды фінансава "прышчапілі" яе да трэста "Гроднажылбуд". Але для выпускніка 11 клясы, па-спартоваму апранутага Андрэя Ясінскага гэта не падстава, каб застацца ў вёсцы.

Ясінскі: "Чэсна — не. Няма чаго маладому рабіць — працы ніякай. Клюб ёсьць, але там не адпачынак, а нешта іншае. Па вечарах у хаце сяджу ў асноўным — маладых людзей не пабачыць. Новы Двор — ня родны цяпер...".

Андрэй паедзе вучыцца ў Гродна на праграміста. А вось 22-гадовы Алег сьвядома застаецца беспрацоўным.

Алег: "Спрабаваў рабіць у калгасе трактарыстам. 170 рублёў не задаволіла — цэлы дзень з 9-й да 18-й. Пратрымаўся тры месяцы. (Сьмяецца.) Моладзь бяжыць — галадае. Пакуль патусуюся да Новага году, а там, можа, у горад…".

Ля адзінага месца працы ў паселішчы — кароўніка на 200 галоў — пагутарыў з электрыкам Ільлём Правам, даглядчыкам Іванам Козелам ды выпускніком сельскай будвучэльні Сашам Слабышам. Спытаўся пра іхнія ўражаньні ад афіцыйнага існаваньня аграгарадка.


Карэспандэнт: "Вы адчулі, што ў аграгарадку жывяце?".

Хлопцы: "Тое самае, што было — і засталося... Каля мільёна атрымліваю — на палетках 50 галоў быкоў стаіць. У 7 раніцы прыходжу, у 7 вечара сыходжу — 12 гадзін. Кароўку дзяржу — прыходзіцца круціцца. А куды дзецца — мне 30, хата ёсьць свая, з Новага Двара нібы не зьбіраюся... А я, як і большасьць, у горад пайду працаваць...".

Памянёны настаўнік гісторыі спадар Буш толькі першы год на пэнсіі. На будучыню малой радзімы глядзіць без спадзяваньняў.

Буш: "У школе каля 150 вучняў. 35 год таму, калі пачынаў, было 450 і больш. Ды існавалі базавыя школы ў Савічах, Пугачах, Прудзянах, Таневічах — і там было па 100 дзяцей. І засталася наша адна. І калі мы вучыліся, нас прымушалі думаць, рабіць прычынна-выніковыя сувязі. Зьдзіўляліся, калі працаваў, чаму, я настаўнік гісторыі, беспартыйны. Бо ў той гісторыі найбольш і было КПСС...".

Карэспандэнт: "На пэнсію выжываеце?".

Буш: "Было 639. Зразумела, і куры ёсьць, і трусы, і гарод вялікі. Тым больш — я сам вясковы...".

Нарэшце я вырашыў, што сабранага матэрыялу хапае для сустрэчы са старшынёй Навадворскага сельсавету спадаром Хвасько. Той, як заведзена ў чыноўнікаў, пачаў здалёк.

Хвасько: "Вялікая праблема — знос аварыйных дрэваў, іх 41 у сельсавеце. У часе жнівеньскага мінулагодняга ўрагану былі выпадкі, калі векавыя дубы вывернула з каранямі, але, на шчасьце, людзей не было. Па дабротах — водаправодам ахоплена пад 40% Новага Двара, газ — у 2008 быў праведзены з Астрына, але дарагі надта для насельніцтва...".

Я распавёў Аляксандру Яўгенавічу пра ўбачанае ды пачутае. Той, востра зірнуўшы спадылба, сказаў, што не глядзіць на стан рэчаў праз ружовыя акуляры. Пагатоў чакаць нечага асабліва не даводзіцца — дзяржаўны ўнёсак у аграгарадок даўно вычарпаны.

Хвасько: "Базавая гаспадарка слабая — стаіць пытаньне аб перадачы яе "Гроднажылбуду" — вядома, дай Божа нашаму цяляці ды ваўка паймаці. Гэта цяпер 4 мільярды — нічога. А ў 2007-м заасфальтавалі вуліцы і мільярд 800 укладзена ў капітальны рамонт школы. Базавая ў Берштах была зачынена ў 2008-м і вядзецца падвоз 28 вучняў, а таксама з усяго сельсавету. Платы рабілі ўжо за кошт бюджэту — наймалі часова беспрацоўных і 2,5 км платоў паставілі па цэнтральнай вуліцы. Хацелася, каб былі аднатыпныя, але з-за фінансаў так ня выйшла. Плянавалася будаўніцтва 4—5 прэзыдэнцкіх домікаў, але прыпынена ў сувязі з апошнімі падзеямі ў эканоміцы. Спадзяемся на новыя фінансавыя ўнёскі. Але хоць мы прызвычаіліся — яны будуць, стане лепш, на самой справе — кропля ў моры. Моладзі не застаецца — мэханізатараў не хапае, толькі 20—25, заробак узімку — 420 тысяч, а ўлетку — 1,5—2 мільёны на ўборцы. Самае праблемнае — пажылы кантынгент, бо ў Новым Двары 597 чалавек, а па сельсавеце 54% пэнсіянэраў. У мяне аж 14 сацработнікаў, таму што найбольш у Шчучынскім раёне адзінока пражываючых — 140. І яны іх абслугоўваюць...".

З адной з тых, што павінны былі б "абслугоўвацца", я сустрэўся на ўскраіне. 72-гадовая цётка Гэля Скорб клыпала па пыльнай дарозе даіць адзіную карміцельку-карову. І пра існаваньне ў вёсцы тэрытарыяльнага цэнтру абслугоўваньня адзінокіх старых яўна ня чула.

Карэспандэнт: "Адной цяжка жыць?".

Скарб: "Нічога, памаленьку! Маеш грошы — хлопцы прыйдуць. Пэнсію даюць 500 тысяч — я на фэрме цэла жыцьце рабіла. Лукашэнка, хай бог дае здароўя, памагае нам...".

Карэспандэнт: "А чым памагае?".

Скарб: "А грошы налічвае нам — а хто ж плаціць? А колькі пэнсіянэраў пазабрана ў бальніцы? І ляжаць — а кожнаму падлічыць, бо дарагое ўсё. Я ў бальніцы была — дырэктар кароўку выпісаў. Я заплаціла за яе — 2 мільёны 250 тысяч. Я нічога і ня маю да начальства. Усё панок, досі! (Сьмяецца.) Баюся, каб што з каровай...".

Карэспандэнт: "Ну, бяжэце...".

Пасьля Новага Двара я пераехаў за 20 км у вёску Стары Двор, дзе цяпер і пахаваная памерлая ад тыфу, усяго 40-гадовая тады паэтка, якая ў якасьці псэўданіма абрала ўлюбёны зварот у традыцыйным побыце беларусаў — Цётка. Пра яе рэвалюцыйную ды патрыятычную самаахвярнасьць хадзілі легенды. Неяк я пабываў у Астрыне, дзе вялікі помнік Цётцы, школа яе імя ды адзіны ў краіне музэй, што стварыла настаўніца Галіна Пугач. Я ж сустрэўся зь сёньняшняй захавальніцай памяці Цёткі, таксама паэткай Алай Балобан.

Балобан: "Калі бацька мае шмат грошай, цяперашняе пакаленьне імкнецца гэта выкарыстаць. А яна спакойна б жыла, бо "люблю я ўраганы, бо я ў буры чую рай… Думаць усюды аб народзе, родны край паўсюды сьніць"… Яе сяброўка ўспамінае, што мусіла сказаць Цётцы, што будзе сход. А яна была хворая, і тая падумала, што хай паляжыць. А пасьля на сходзе ўбачыла Цётку, якая нейкім чынам даведалася і прыйшла, не зважаючы на здароўе. Яе вершы "Хрост на Свабодзе" распаўсюджваліся як праклямацыі, была на сходах, мітынгах. Для яе найперш было жыцьцё "народа сваяго"…"


Я на ўскраіне Старога Двара, ля мармуровага крыжа над магілай Цёткі, што пры дарозе, у атачэньні вечназялёных хвояў ды таполяў. На памінальным камені ды на фасадзе помніка кірыліцаю і лацінкаю яе радкі:

"На магіле ўзыду дубам,
пачну шаптаць братнім губам
Аб іх долі, аб свабодзе —
стану песьняй у народзе!"

І — хвала шчасьліва-неспадзяваным журналісцкім сустрэчам — сюды адна за адной так дарэчы падышлі дзьве жанчыны! 76-гадовая спадарыня Анфіса Дабрынка выкладала ў мясцовай школе, аж пакуль не зачынілі, беларускую мову і літаратуру.

Дабрынка: "У гэтай вёсцы ёсьць некаторыя старыя, што і помнілі яе. Яна прыяжджала, бацька яе маёнтак меў, але яна вучыла людзей, каб ня надта слухалі тут бацьку. (Сьмяецца.) Во такія, даражэнькі мой сыночак, справы — пры бацьку Цёткі ў Старым Двары дрэнна было, цяпер дрэнна пры "бацьку" менскім...".

Спадарыня: (Сьмех.) "Дзень добры — а ведаеце мяне?! 70 год маю — во мая настаўніца. І 2 каровы гадую. А пэнсія храновенька — 150. Па 30 літраў кожны дзень малака даю — заедзьце калі да мяне! Бацька пакінуў у 3 гады мяне, быў на фронце, потым дэпутатам сельсавету — і дома забілі яго. Стралялі тутака і горла ў лесе вырывалі ў камуністаў "зялёныя браты". А Лукашэнку ня веру, нігды не галасую — яны не памаглі мне ані кропелькі. Кажуць, у 65 знайшла б яшчэ якога чалавека! У нас зараз няма нармальных, гаспадарчых людзей. Перажагнайцеся — палова бальных, а палова дурных! (Сьмяецца.) Купіла тэлевізар "Філіпс" з 72 па дыяганалі за 2 мільёны, адну талерку прычапіла — давай другую! Я чалавек саўраменны!".

Толькі пасьля гэтага "ўступу" пазнаёміліся са спадарыняй Баляславай Шмыгэляй. Яна чула ўспаміны, жыла побач з тымі, хто меў шчасьце гутарыць зь Цёткаю. Яе хата ля магілы паэткі, імя Цёткі ў яе на вуснах ці ня штодня.

Шмыгеля: "Адразу яе пахавала сястра — а яна жыла ў Вільні. Зрабілі агароджу прыгожым драўляным плоцікам. А помнік з тых часоў зрабіла — везьлі коньмі, паставілі. А Цётка не ў зямлі — там склеп вымураваны, яна ў ім ляжыць. І камуністы не краналі. Было запушчана, а потым апомніліся. Я тут побач ежджу-жыву, кажу — дала батракам жыцьцё, разам і платы агарадзілі. І Паўлаўна помніць сястру, і Будзевіч памёр, пасьвіў быдла ў яе. Сястру камуністы раскулачылі, а яна мела кіёк і туды залатнікоў напхнула. Яны яе везьлі ў Сыбір, яна ім залатнічкі ўсунула і ўцякла. А Цётку ніхто не перахоўваў...".

Дабрынка: "Цётка ці падабаецца — чаму ж не? Я й сама, няўдалая, нейкі вершык ёй прысьвяціла — я ж больш за 50 год працавала.

Пражыла з табой паўвека — не забыць цябе ніколі,
Дарагога чалавека — для Людзей, Зямлі і Волі.
Да цябе прыходзяць часта — і дарослыя, і дзеці,
Каб наведаць гэта месца, усім вядомае на сьвеце.
Твая скрыпка вечна грае, хай лучынка ярка сьвеціць!
Вось і сёньня ў нас госьці — на тваёй стаяць магіле,
Кожны штосьці ўспамінае, бо ён родну Цётку мае...".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG